Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антыфэйк: Лукашэнка не прыгадаў, каб у Беларусі цяпер журналісты сядзелі ў турме. Насамрэч за кратамі іх 26


Лукашэнка падчас сустрэчы з Пуціным 11 сакавіка 2022 году
Лукашэнка падчас сустрэчы з Пуціным 11 сакавіка 2022 году

Таксама ён назваў беларускую журналістыку больш свабоднай, чым у ЗША і Японіі.

Беларуская журналістыка «значна вальнейшая», чым амэрыканская, эўрапейская і нават японская. Такое меркаваньне выказаў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрвію журналісту японскага тэлеканала TBS Шыгеноры Канехірэ.

Вось што сказаў Лукашэнка пра журналістыку ў Японіі.

«Гэта старажытная імпэрыя, устояная імпэрыя. Там не проста законы, а сьвядомасьць людзей такая, што ніколі Канехіра ці нейкі іншы журналіст не адважацца парушаць гэтыя традыцыйныя, стагоддзямі ўстояныя нормы, не толькі законы. Мы маладая сувэрэнная дзяржава. Мы ўсяго 30 гадоў існуем, як незалежная дзяржава. Можа, і ў гэтым яшчэ прычына Але ёсьць і ў вас здраднікі, і розныя людзі. Захад аб гэтым не крычыць. Вы таксама», — сказаў Лукашэнка.

І не прыгадаў, каб беларускія журналісты цяпер былі за кратамі.

«Саджаюць. Толькі не за іх дзейнасьць прафэсійную, а за тое, што змагаюцца супраць сваёй дзяржавы на грошы Злучаных штатаў Амэрыкі і калектыўнага Захаду. Хаця я не ўзгадаю, каб у нас зараз нехта быў пакараны і сядзеў з журналістаў. Сядзеў у турме, — заявіў Лукашэнка.

У дзень, калі Лукашэнка даваў інтэрвію японскаму тэлеканалу, у СІЗА знаходзіліся 19 работнікаў мэдыя, а ў калёніях адбывалі пакараньне журналісты: Кацярына Андрэева (Белсат), Дар’я Чульцова (Белсат), Ігар Лосік (кансультант Радыё Свабода), Алег Грузьдзіловіч Радыё Свабода), Аляксандр Івулін (Трыбуна).

Па дадзеных Беларускай асацыяцыі журналістаў, на 19 сакавіка ў няволі застаюцца 26 працаўнікоў беларускіх медныя. У Японіі — ніводнага, паведамляе Камітэт абароны журналістаў.

У мінулым годзе беларускія суды прызналі экстрэмісцкімі практычна ўсе буйныя незалежныя СМІ. Частка з іх, паводле рашэньня сілавых ведамстваў, названа «экстрэмісцкімі фармаваньнямі», за ўдзел у якіх прадугледжана да сямі гадоў пазбаўленьня волі.

Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG