Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сем гадзін зь мяшком на галаве». Вызвалены мэр Мелітопаля распавёў, як яго абмянялі на расейскіх салдат. ВІДЭА


Уладзімір Зяленскі ўзнагародзіў ордэнам вызваленага з палону мэра Мелітопаля Івана Фёдарава
Уладзімір Зяленскі ўзнагародзіў ордэнам вызваленага з палону мэра Мелітопаля Івана Фёдарава

Мэра Мелітопаля 11 сакавіка выкралі расейскія вайскоўцы, і пра ягоны лёс не было дакладных зьвестак пяць дзён. 12 сакавіка Ўладзімір Зяленскі зьвярнуўся па дапамогу да ўсіх лідэраў сьвету, якія размаўляюць з Крамлём, – вызваліць 33-гадовага гарадзкога галаву Івана Фёдарава.

У падтрымку Фёдарава і супраць акупацыі расейскімі вайскоўцамі выходзілі на вуліцы жыхары Мелітопаля. Увечары 16 сакавіка стала вядома, што Фёдараў на волі – яго абмянялі на на 9 расейскіх салдат тэрміновай службы. На наступны дзень ён адказаў на пытаньні «Настоящего Времени».

Як праходзіў абмен

- Праходзіла досыць хвалююча, таму што гэта была другая спроба абмену. Першая спроба абмену была няўдалай, яна праходзіла ў панядзелак, мяне вазілі больш як сем гадзін у машыне, пасьля чаго паведамілі аб тым, што абмен не адбудзецца. Вярнулі назад у камэру.

Гэта дастаткова цяжкае выпрабаваньне, калі сем гадзін цябе возяць з мяшком на галаве, не разумеючы, дзе, куды, – тыя асобы, якія цябе возяць, ты ім абсалютна не давяраеш. Яшчэ суткі, паўтара сутак я знаходзіўся ў камэры.

Пасьля гэтага была другая спроба абмену, якая таксама была дастаткова складаная. Складанай яна была яшчэ і таму, што абмен праводзіўся ўжо ў цёмны час сутак, ён быў прызначаны на 17.30, але былі затрымкі, зацяжкі, нестыкоўкі. І па факце абмен адбыўся ўжо ў 18.40, калі было цёмна. Я быў упэўнены, што абмен не адбудзецца гэтым разам, але, дзякуй Богу, адбыўся. І як вы бачылі, мяне абмянялі на дзевяць расейскіх салдат. Але салдатамі гэтых – мусіць, па ўзросьце я не магу сказаць «дзяцей» – юнакоў, іх сапраўды нельга назваць, таму што хлопцам па 18-19 гадоў. Але гэта тыя людзі, якія прыйшлі забіваць мой народ у маю краіну. І вось так адбыўся другі абмен. Ён адбываўся ў Васільеўскім раёне, умоўна на лініі разьмежаваньня, якую сёньня кантралююць Узброеныя сілы Ўкраіны і Узброеныя сілы Расейскай Фэдэрацыі.

Што адбывалася ў палоне

– У палоне ўсё было дастаткова складана, складана эмацыйна, у камэры, у якой мяне ўтрымлівалі. Я знаходзіўся ў СІЗА Мелітопаля. У камэры, калі са мной былі перамовы, калі ад мяне трэба было нешта атрымаць, часам знаходзілася пяць, шэсьць, сем вайскоўцаў вакол мяне са зброяй. Яны мяне рукамі не чапалі, але паверце, сем чалавек са зброяй, якія знаходзяцца побач, дастаткова, каб пераканаўча давесьці сваю пазыцыю. Альбо ў суседняй камэры кагосьці катавалі – і былі чутныя тыя крыкі, якія сапраўды псыхалягічна ціснуць так, што гэта абсалютна дакладна можна супаставіць з ціскам, з катаваньнямі і гэтак далей. Таму ўсе гэтыя шэсьць дзён былі дастаткова цяжкія.

Гэты СІЗА цалкам пад кантролем расейскіх вайскоўцаў, туды яны прывозяць абсалютна розны кантынгент. Прывозяць мітынгоўцаў на вуліцах і асобна спрабуюць данесьці ім пазыцыю, чаму ім ня трэба выходзіць на мітынгі. Прывозяць, як ім здаецца, дывэрсантаў, якіх проста ў цёмны час сутак затрымалі ў горадзе, якім спрабуюць прывязаць дывэрсіі і заціскаюць ім пальцы ў дзьверы для таго, каб яны сказалі, зь якога яны войска. Гэта проста жыхары гораду. Там знаходзіцца абсалютна розны кантынгент, і такім чынам расейцы спрабуюць паставіць свае парадкі паліцэйскай дзяржавы ў нашым дэмакратычным украінскім Мелітопалі.

Мяне ня білі. Я ўпэўнены, што гэта толькі з-за агалоскі. За гэта я хачу падзякаваць свабоднай прэсе, якая аб'ектыўна асьвятляла гэтую інфармацыю, палітыкам, якія ўзьнялі дадзенае інфармацыйнае паведамленьне на найвышэйшы сусьветны ўзровень. Я думаю, што толькі дзякуючы агалосцы і пільнай увазе да гэтага пытаньня мне ўдалося застацца цэлым.

Чаго патрабавалі расейцы

- Ад мяне хацелі атрымаць заяву аб звальненьні, нейкія дакумэнты на прызначэньне нейкіх намесьнікаў, на выкананьне нейкіх абавязкаў. Але гэтыя людзі абсалютна непісьменныя, не разумеюцца ва ўкраінскім заканадаўстве – што мэр сваім росчыркам пяра ня можа звольніцца з працы, што адстаўку павінны прыняць дэпутаты гарадзкой рады. Яны не разумеюць, што мэр ня можа прызначыць намесьніка, за гэта мусяць прагаласаваць дэпутаты гарадзкой рады. Хацелі атрымаць гэта спачатку. Пасьля яны хацелі, каб я даў указаньні камандзе, каб яна працягнула працаваць пад расейскімі сьцягамі і з незразумелым выканаўцам абавязкаў мэра. Пасьля яны хацелі, каб я даў указаньне камунальным прадпрыемствам працягваць працаваць. Вось такія былі задачы. Іх задача была адна: каб я сядзеў у СІЗА, а горад жыў сваім жыцьцём. А так ня будзе.

У выніку быў падпісаны шэраг дакумэнтаў, якія не нясуць ніякай юрыдычнай каштоўнасьці, але ў тым ліку дзякуючы гэтаму мне ўдалося застацца цэлым у СІЗА.

Колькі ў горадзе людзей за Расею

- Маё меркаваньне, што на сёньняшні дзень падтрымка Расейскай Фэдэрацыі ў цэлым ва Ўкраіне нікчэмная. Калі ўкраінцы бачаць, якім чынам Расея распраўляецца зь іх ключавымі гарадамі: з Харкавам, з Валнавахай, з Марыюпалем на сёньняшні дзень – з кожным днём становіцца ўсё меншай і меншай падтрымка Расейскай Фэдэрацыі. Калі раней Расея дэкляравала так званы «русский мир», то сёньня мірам і ня пахне. Тая ж сытуацыя ў Мелітопалі. Мелітопальцы не знаходзяцца ў вакуўме, яны знаходзяцца ў дэмакратычным грамадзтве, і яны бачаць усё, што адбываецца. Яны бачаць, зь якімі мэтадамі Расея прыйшла ў Мелітопаль. Таму сёньня няма падтрымкі Расейскай Фэдэрацыі ў горадзе Мелітопалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG