Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эвакуацыя жыхароў Сумаў, 8 сакавіка
Эвакуацыя жыхароў Сумаў, 8 сакавіка

Працяг эвакуацыі з Сумаў, новыя санкцыі супраць Расеі і Беларусі. 14-ы дзень расейскай вайны ва Ўкраіне

абноўлена

На Кіеўшчыне працягваюцца зацятыя баі, у вайне гінуць дзеці, расейцы зрываюць абяцаньні даць рэжым цішыні і гуманітарныя калідоры для эвакуацыі мірных жыхароў. Свабода ў онлайне сочыць за ўсімі падзеямі.

  • 9 сакавіка ў Марыюпалі расейскія войскі разбамбілі мясцовую дзіцячую бальніцу. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў сваім звароце назваў гэта доказам генацыду ўкраінцаў.
  • За некалькі гадзін да бамбаваньня прадстаўніца расейскага МЗС Марыя Захарава згадала пра Марыюпальскую дзіцячую бальніцу ў такім кантэксьце, што ў ёй нібыта заселі «ўкраінскія нацбаты».
  • Раніцай 8 сакавіка адбылося бамбаваньне Сумаў. Ад расейскага авіяўдару загінуў 21 чалавек, сярод іх двое дзяцей.
  • Колькасьць уцекачоў з Украіны дасягнула 2 млн чалавек. Тэмпы значна перавышаюць пэрыяд вайны ў Босьніі ў 90-я. Харкаў ужо страціў амаль траціну свайго даваеннага насельніцтва.
  • Кіеўскі Цэнтар абаронных стратэгій заявіў, што расейцы страцілі ўжо траціну баяздольнага войска.
  • Нямеччына і Вугоршчына ня будуць уводзіць эмбарга на пастаўкі нафты і газу з Расеі.
  • Супрацоўнікі Чарнобыльскай АЭС ужо 12 дзён заблякаваныя на станцыі.
  • Ціханоўская ў Бэрліне выступіла за статус ваенных уцекачоў для беларусаў, якія цяпер выяжджаюць з Украіны і Беларусі.
  • Тры беларускія банкі адключылі ад SWIFT.
  • Эўразьвяз падрыхтаваў плян скарачэньня імпарту расейскіх газу і нафты.
  • Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн абвясьціў пра забарону на імпарт расейскіх энэрганосьбітаў.
  • 13-ы дзень расейскай вайны ва Ўкраіне: бамбаваньне Сумаў, гуманітарныя калідоры, новыя санкцыі супраць Расеі і Беларусі
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
12:46 9.3.2022

Дырэктар ЦРУ Ўільям Бэрнз: Пуцін цяпер «злы і засмучаны»

У выведцы ЗША лічаць, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа наважыцца на далейшую эскаляцыю ва Ўкраіне, нягледзячы на вайсковыя няўдачы і эканамічныя цяжкасьці, выкліканыя міжнароднымі санкцыямі. Аб гэтым кіраўнікі выведнай супольнасьці ЗША заявілі на штогадовых слуханьнях Камітэту выведкі Палаты прадстаўнікоў.

12:44 9.3.2022

Расейскія войскі ціснуць на пэрсанал захопленых Чарнобыльскай і Запароскай АЭС

Нацыянальная кампанія «Укренерго» заявіла, што на двух захопленых атамных электрастанцыях у Чарнобылі і Энэргадары застаецца пагроза ядзернай і радыяцыйнай бясьпецы.

12:06 9.3.2022

Начныя авіяналёты на Жытомір і Сумы, ранішні абстрэл Барыспаля з «Градаў»

Мэр Барыспаля Ўладзімір Барысенка паведаміў, што раніцай 9 сакавіка расейскія войскі з ракетных сыстэм «Град» абстралялі горад:

«Гэтую калёну заўважылі яшчэ ўчора ў раёне Багданаўкі. Але Ўзброеныя сілы Ўкраіны – малайцы. Зрабілі ўсё як трэба. І цяпер наша асноўная задача – не перашкаджаць вайскоўцам і дакладна выконваць іхныя ўказаньні», – сказаў мэру у сваім звароце да мясцовых жыхароў.

Напярэдадні з паветра расейская авіяцыя абстраляла Сумшчыну і Жытомір.

Як паведаміў кіраўнік Сумскай абласной вайсковай адміністрацыі Дзьмітро Жывіцкі, а 2-й гадзіне ночы 9 сакавіка расейцы нанесьлі ўдары па жылых дамах у Лебядзіна. Там ратаўнікі выцягнулі з-пад завалаў 5 асобаў, у тым ліку 2 дзяцей. Расейцы зьнішчылі два жылыя будынкі. Уначы таксама абстралялі Ахтырку. З горадам няма сувязі.

Дзяржаўная служба Ўкраіны ў пытаньнях надзвычайных сытуацый паведаміла, што ў Жытоміры ад авіяўдараў пацярпеў інтэрнат. Адзін грамадзянін загінуў, дваіх змаглі ўратаваць, яны атрымалі траўмы.

11:19 9.3.2022

Morgan Stanley прагназуе дэфолт Расеі ў сярэдзіне красавіка

Амэрыканская фінансавая карпарацыя Morgan Stanley прагназуе дэфолт Расеі ў сярэдзіне красавіка, калі скончыцца 30-дзённы льготны пэрыяд па даляравых аблігацыях з пагашэньнем у 2023 і 2043 гадах, піша Bloomberg.

«Мы лічым дэфолт найбольш імаверным сцэнаром. Ён наўрад ці будзе падобны на звычайны дэфолт. Вэнэсуэла, мабыць, зьяўляецца найбольш прыдатным параўнаньнем», – кажуць у Morgan Stanley.

Паводле аналітыкаў, Расея падобная на Вэнэсуэлу, паколькі ў яе таксама ёсьць значныя нафтавыя актывы. У выпадку дэфолту па аблігацыях і судовага рашэньня ёсьць рызыка, што крэдыторы атрымаюць доступ да ўсіх актываў, якія ў цяперашні час замарожаныя за межамі Расеі, у тым ліку валютных рэзэрваў.

11:07 9.3.2022

Віцэ-прэзыдэнтка ЗША едзе да саюзьнікаў па NATO ў Эўропе

Камала Гарыс 9-11 сакавіка будзе ў Польшчы і Румыніі размаўляць пра агрэсію Расеі супраць Украіны.

11:04 9.3.2022

У сталіцы Ўкраіны ноч прайшла спакойна. Кіеўскія ўлады дапамагаюць эвакуаваць жыхароў з ваколіц гораду

Першы намесьнік старшыні Кіеўскай гарадзкой дзяржаўнай адміністрацыі Мікола Паварозьнік заявіў, што ў Кіеве працуюць усе гарадзкія службы і грамадзкі транспарт.

У той жа час жыхароў заклікаюць безь неабходнасьці не выходзіць на вуліцы і дапамагаць тым, каму побач патрэбна дапамога. Кіеў дапамагае з эвакуацыяй і гуманітарнай дапамогай Гастомелю, Ірпяню і Бучы.

«Спадзяёмся, што сёньня будуць калідоры, каб максымальна вывезьці адтуль мірнае насельніцтва», – сказаў Паварозьнік. Ён таксама падзякаваў валянтэрам, якія ў вялікай колькасьці падключыліся да працы і забесьпячэньня гораду.

10:58 9.3.2022

Віцэ-прэм'ер Украіны пацьвердзіла дамову аб шасьці гуманітарных калідорах для эвакуацыі цывільных

Віцэ-прэм’ер Украіны Ірына Верашчук паведаміла аб узгадненьні пры пасярэдніцтве Чырвонага Крыжа аб спыненьні агню з 9:00 да 21:00 9 сакавіка для адкрыцьця гуманітарных калідораў.

«Адкрываюцца гуманітарныя калідоры па такіх кірунках: Энэргадар — Запарожжа, Сумы — Палтава, Марюпаль — Запарожжа, Валнаваха — Пакроўск, Ізюм — Лазавое, а таксама па кіеўскім напрамку з гарадоў Орзэль, Буча, Барадзянка, Ірпень, Гастомель у Кіеў», — паведаміла Ірына Верашчук.

Украінская віцэ-прэм’ерка заклікала Расею выканаць абавязаньні, якія яна ўзяла на сябе ў спыненьні агню. «Мы вельмі просім расейскія войскі выканаць узятыя на сябе абавязаньні і спыніць агонь з 9-й раніцы да 21-й вечара, як мы і дамаўляліся».

10:29 9.3.2022

Генштаб Украіны заявіў, што Расея ўжо страціла больш як 12 тысяч вайскоўцаў

Генэральны штаб Узброеных Сіл Украіны сьцьвярджае, што Расея ад пачатку баявых дзеяньняў на тэрыторыі Ўкраіны страціла больш як 12 тысяч вайскоўцаў і тысячы адзінак вайсковай тэхнікі.

У прыватнасьці, 317 танкаў, 1070 баявых браняваных машын, 120 артылерыйскіх сыстэм, 56 ракетных сыстэм залпавага агню, 28 сродкаў супрацьпаветранай абароны, 49 самалётаў, 81 верталёт, 482 вайсковыя аўтамабілі,тры караблі і катэры і 60 цыстэрнаў з палівам.

Расея аб сваіх стратах дэтальна не паведамляе. Міністэрства абароны Ўкраіны таксама.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

10:07 9.3.2022

Страляніна па цывільных на Херсоншчыне

Расейскія вайскоўцы стралялі па цывільных у вёсцы Чарнабаеўка
Херсонскай вобласьці — пра гэта Радыё Свабода расказалі мясцовыя жыхары.

Інцыдэнт адбыўся пасьля таго, як вайскоўцы разрабавалі сельскую краму. Пасьля ўжываньня алькаголю, які яны там знайшлі, яны пачалі страляць па дамах людзей.

Мужчын, якія ўступілі зь імі ў спрэчку, як сьцьвярджаюць мясцовыя жыхары, расстралялі. Дакладная колькасьць загінулых невядомая. Людзі ў сяле напалоханыя, большасьць хаваецца ў падвалах.

Раніцай 7 сакавіка камандаваньне марской пяхоты паведаміла, што ноччу на панядзелак украінскія вайскоўцы абстралялі аэрадром Чарнабаеўка каля Херсона, зьнішчыўшы ад 30 расейскіх верталётаў.

09:53 9.3.2022

Адна расейская бомба, якую скінулі на Сумы, забіла 22 чалавекі, зь іх трое дзяцей

У выніку авіяўдару расейскіх войскаў па шматкватэрных дамах у Сумах вечарам 7 сакавіка загінулі 22 чалавекі (зь іх трое дзяцей), і восем чалавек атрымалі раненьні, паведаміў кіраўнік Сумскага абласной вайсковай адміністрацыі Дзьмітро Жывіцкі.​

8 сакавіка праводзілася эвакуацыя мірнага насельніцтва з Сумаў у Палтаву. Гуманітарны калідор для эвакуацыі падоўжаны да 9 сакавіка.

09:30 9.3.2022

Падбітыя расейскія танкі ў баі пад Сумамі

Сумская вобласьць, 7 сакавіка
Сумская вобласьць, 7 сакавіка
Сумская вобласьць, 7 сакавіка
Сумская вобласьць, 7 сакавіка

09:26 9.3.2022

У Літве запусьцілі праект «Патэлефануй Расеі»

Мэта яго — пераканаць расейцаў выступіць супраць вайны ва Ўкраіне.

Арганізатары акцыі сьцьвярджаюць, што ў іх ёсьць база даных, якая зьмяшчае 40 мільёнаў расейскіх прыватных тэлефонных нумароў. Наведнікі сайту ініцыятывы могуць генэраваць выпадковы расейскі нумар і патэлефанаваць на яго.

09:25 9.3.2022

Гуманітарны калідор ад Сумаў да Палтавы падоўжаны да 9 сакавіка

Начальнік Сумскага абласнога вайсковага ўпраўленьня Дзьмітро Жывіцкі паведаміў, што гуманітарны калідор ад Сумаў да Палтавы падоўжаны да 9 сакавіка.

Эвакуацыя з Сумаў у Палтаву адбылася 8 сакавіка. Кіраўнік Палтаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Дзьмітро Лунін паведаміў, што з Сумаў выехалі 5 тысяч чалавек і тысяча асабістых аўтамабіляў.

У ноч на 8 сакавіка ад авіяўдараў расейскіх войскаў у Сумах загінулі больш за 20 чалавек.

08:40 9.3.2022

Кіеў: Расея праводзіць тайную мабілізацыю

У сувязі са шматлікімі стратамі асабовага складу праціўнік працягвае праводзіць тайную мабілізацыю пад выглядам трэнавальных лягераў на часова акупаванай тэрыторыі Аўтаномнай Рэспублікі Крым, Краснадарскага краю і некаторых раёнах Данецкай і Луганскай вобласьцяў; актывізавалася дзейнасьць у вэрбаваньні добраахвотнікаў для вайны ва Ўкраіне. Пра гэта раніцай 9 сакавіка паведаміў украінскі Генэральны штаб.

Акрамя таго, згодна з інфармацыяй Генштабу, былі выпадкі адлічэньня юнакоў прызыўнога ўзросту з вышэйшых навучальных устаноў Расеі ў мэтах папаўненьня рэзэрву арміі захопнікаў.

08:27 9.3.2022

Абодва этапы эвакуацыі насельніцтва з Сумаў прайшлі пасьпяхова

Намесьнік кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Кірыла Цімашэнка паведаміў, што абодва этапы эвакуацыі насельніцтва з гораду Сумы завяршыліся пасьпяхова.

Агулам у бясьпецы апынуліся каля 5 тысяч чалавек і болей за тысячу прыватных аўтамабіляў.

08:06 9.3.2022

МАГАТЭ страціла сувязь з інфармацыйнай сыстэмай ЧАЭС

Чарнобыльская атамная электрастанцыя больш не перадае дадзеныя атамнаму нагляду ААН, заявілі ў Міжнародным агенцтве атамнай энэргетыкі (МАГАТЭ).

07:40 9.3.2022

Палонныя расейцы будуць аднаўляць Украіну

Пра гэта першы намесьнік міністра ўнутраных спраў Украіны Яўген Енін сказаў у этэры ўкраінскай тэлевізіі.

07:30 9.3.2022

Расею пакідае найбуйнейшая гуказапісвальная кампанія сьвету

Universal Music Group, найбуйнейшая ў сьвеце гуказапісвальная кампанія, спыняе працу на тэрыторыі Расеі, гаворыцца ў заяве кампаніі ад 8 сакавіка.

«Мы неадкладна прыпыняем усе апэрацыі ў Расеі і закрываем там нашы офісы. Мы заклікаем як мага хутчэй спыніць гвалт ва Ўкраіне. Мы прытрымліваемся міжнародных санкцый і працуем з нашымі супрацоўнікамі і артыстамі, каб працаваць з групамі з усяго сьвету, каб падтрымаць намаганьні ў аказаньні гуманітарнай і экстранай дапамогі ўцекачам у рэгіёне».

На UMG прыпадае каля 80% запісу ўсіх музычных твораў на плянэце.

07:21 9.3.2022

Сям’я Бэкгэмаў ахвяравала $1,3 млн украінскім дзецям

Вядомы ангельскі футбаліст Дэвід Бэкгэм і ягоная жонка, сьпявачка Вікторыя Бэкгэм ахвяравалі ўкраінскім дзецям $1,3 млн. Пра гэта Дэвід запісаў відэазварот.

«Сытуацыя ва Ўкраіне сапраўды абуральная... Маці вымушаныя ўцякаць зь дзецьмі. Сем’і разлучаныя. Дзяцей выцягваюць з ложкаў, яны за адну ноч сталі ўцекачамі. Паколькі канфлікт ва Ўкраіне працягваецца другі тыдзень, патрэбы сем’яў абвастраюцца, 5 мільёнаў дзяцей цяпер знаходзяцца ў групе рызыкі», — сказаў Бэкгэм.

XS
SM
MD
LG