Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы цяпер адначасова адчуваем сябе нацыяй герояў і нацыяй здраднікаў», — філёзаф Баркоўскі


Беларусы пратэстуюць супраць вайны ва Ўкраіне. Менск, 27 лютага
Беларусы пратэстуюць супраць вайны ва Ўкраіне. Менск, 27 лютага

Беларускі філёзаф Павал Баркоўскі разважае пра цяперашні стан беларусаў («мы як у 1939 годзе напалову немцы, напалову габрэі»), аналізуе, адкуль бяруцца і куды падзенуцца сьвядомыя і ідэйныя прыхільнікі вайны, і лічыць, што нельга запускаць сьпіраль зла і палітыку нянавісьці.

Сьцісла:

  • Важна не зьбівацца на агульныя суджэньні, каторы народ больш ахвярны.
  • Цяперашнія ўлады Беларусі — натуральныя ідэйныя хаўрусьнікі Расеі.
  • У сучаснай Расеі амаль не ўспамінаюць пра страты, затое ўспамінаюць, што заваявалі палову Эўропы, таму «можам паўтарыць».
  • Вайна не падстава для стварэньня палітыкі нянавісьці паміж народамі.
  • Захаваць чалавечнасьць, годнасьць, ня даць злу распаўсюдзіцца на ўсіх — гэта самае важнае.

— Ужо даволі доўгі час, некалькі месяцаў, вы на сваёй старонцы ў Фэйсбуку пішаце «Хроніку вайны», камэнтуючы беларускія падзеі. Але ці думалі вы, што на беларускіх межах разгорнецца сапраўдная вайна з тысячамі сьмерцяў і разбуранымі гарадамі? Як можа рэагаваць на гэта філёзаф?

— Вядома, калі я пісаў свае развагі, то я апісваў змаганьне паміж беларускім народам і ўладай, падтрыманай Расеяй; змаганьне, якое слушна называюць «унутранай акупацыяй». Але цяпер мы, беларусы, як народ і як інтэлігенцыя, апынуліся ў вельмі цяжкай сытуацыі.

Філёзаф Павал Баркоўскі
Філёзаф Павал Баркоўскі

Як трапна было заўважана, мы як у 1939 годзе — напалову немцы, напалову габрэі. З аднаго боку, беларусы ня здольныя паўплываць на дзеяньні нелегітымнай улады, асабліва ў абставінах, калі на тэрыторыі краіны знаходзяцца расейскія войскі. І мы назіраем, як мяняецца стаўленьне да беларусаў у сьвеце: ад вялікай падтрымкі да зьнявагі як тых, каго лічаць прадстаўнікамі краіны – хаўрусьніцы агрэсара. Таму важна працягваць выказваць салідарнасьць з Украінай, расказваць усімі магчымымі спосабамі, што мы супраць вайны.

І пры гэтым важна не зьбівацца на агульныя суджэньні, які народ больш ахвярны.

— Гэтая вайна ня толькі паміж вайсковымі злучэньнямі Ўкраіны і Расеі, гэта трошкі больш. Гучаць розныя фармулёўкі — імпэрыя супраць свабоды, цывілізацыя супраць барбарства, мінуўшчына супраць будучыні. Які варыянт вы выбіраеце?

— Я часам ужываю фармулёўкі з твораў Джона Толкіена — фармат змаганьня сілаў зла і дабра.

Зразумела, што Расея — гэта апошняя імпэрыя, няхай ня назвай, але зьместам. Яна лічыць сябе спадкаемцай адначасова і Расейскай імпэрыі, і Савецкага Саюзу. Для яе ня вельмі блізкія каштоўнасьці дэмакратыі, свабоды, грамадзянскай супольнасьці, правоў чалавека. Той кароткі пэрыяд на пачатку 90-х, калі Расея спрабавала далучыцца да гэтых каштоўнасьцяў, не пакінуў вялікага станоўчага сьледу ў грамадзкай думцы і памяці.

Цяпер гэтая апошняя эўрапейская імпэрыя спрабуе зрабіць свой апошні гістарычны рэванш, адрадзіцца ў нейкай форме — бо для імпэрыі важна заваёўваць новыя тэрыторыі. Асноўныя імпэрыі распаліся ў выніку Першай і Другой сусьветных войнаў. Так што цяперашняе змаганьне — гэта змаганьне імпэрскага і рэспубліканскага (назавем яго так), таталітарнага і дэмакратычнага, каштоўнасьцяў сілы супраць свабодаў, правоў і выбару.

Што да беларускай сытуацыі, то наша ўлада ўвесь час дэкляравала сваю прыхільнасьць адраджэньню Савецкага Саюзу. Яны называюць сабе патрыётамі, але яны патрыёты не Беларусі, а іншай дзяржавы, нейкага выдуманага СССР, у якім было ўсё добра. Так што цяперашнія ўлады Беларусі — натуральныя ідэйныя хаўрусьнікі Расеі.

— Ёсьць людзі разгубленыя, якія ня маюць усёй інфармацыі, але ёсьць сьвядомыя і ідэйныя прыхільнікі вайны. Ім сапраўды падабаецца ваяваць, падабаецца заваёўваць чужыя тэрыторыі, караць зброяй нязгодных людзей і цэлыя народы. Чаму расейскае і беларускае грамадзтва нараджае даволі вялікую колькасьць такіх людзей?

— Улады ўсур’ёз займаюцца гадаваньнем такіх людзей, пачынаючы з сыстэмы адукацыі. У беларускіх школах увесь час мяняюцца падручнікі па гісторыі, праводзяцца так званыя «патрыятычныя мерапрыемствы», якія падаюць пэўную вэрсію гістарычных падзеяў. Гэта ўсё працуе на тое, каб праз выхаваньне стварыць у людзей «правільныя» погляды, каб яны бачылі ў сваім мінулым толькі перамогі.

Другая сусьветная вайна — гэта 28 мільёнаў стратаў для грамадзян Савецкага Саюзу. Але ў сучаснай Расеі амаль ня згадваюць пра гэтыя страты, яны ўспамінаюць, што заваявалі палову Эўропы, таму «можам паўтарыць». А трэба памятаць ахвяры, мільёны забітых, — толькі тады можна гаварыць, што людзі будуць мець нейкі жах перад вайной. Калі ж прапаганда даводзіць, што «Расея выйграе ўсе войны», тады будзе перакананасьць, што любая вайна, якую вядзе Расея, — справядлівая, пераможная, і іншай быць ня можа.

У свой час вялікім ударам пад дых для Расейскай імпэрыі стала параза ў руска-японскай вайне ў 1904–1905 гадах. Да гэтага там таксама моцна напампоўвалі грамадзкую думку, прыгадваючы, як Расея біла туркаў, немцаў і швэдаў, а тут Японія нанесла балючую паразу. І гэта стала штуршком да першай расейскай рэвалюцыі 1905 году, потым сусьветная вайна падштурхнула да рэвалюцыі ў 1917 годзе.

Зь цяперашняй вайны з Украінай Расея таксама ня выйдзе ў ранейшым стане. Я ня веру, што вайна можа скончыцца адназначнай ваеннай перамогай нейкага боку. Але я ўпэўнены, што вайна скончыцца, як толькі людзі ў Расеі ўсьвядомяць, куды іх вядзе гэтая палітыка. І цалкам магчымы нейкі пераварот, які зьменіць гэтую ўладу і змусіць расейцаў задумацца пра цану агрэсіўных войнаў.

— Вы верыце ў такі варыянт? На сёньня самыя розныя сацыялягічныя апытаньні паказваюць даволі вялікі рэйтынг Пуціна і даволі вялікую падтрымку «апэрацыі» (як яны гэта афіцыйна называюць) Расеі ва Ўкраіне. Гэтыя людзі, прыхільнікі вайны, якіх у Расеі даволі шмат і якія сфармаваліся школай і прапагандай, — яны ж нікуды ня зьнікнуць.

— У мяне, вядома, большы прагноз на тое, што адбудзецца нейкі палацавы пераварот. У Расеі, у адрозьненьне ад Беларусі, ёсьць іншыя сілы, апроч сілавога блёку. Гэта відаць па рэакцыі расейскіх алігархаў, якія відавочна зусім ня ўсе згодныя з гэтай палітыкай.

Што да насельніцтва, то калі ня спраўдзіцца першы варыянт, калі набліжаным да Крамля людзям ня хопіць духу зрабіць пераварот, — то празь нейкі час (можа год ці два) да людзей будзе даходзіць уся трагедыя гэтай вайны, у тым ліку для Расеі. Гэта адбудзецца і дзякуючы вяртаньню да стану, магчыма, горшага, чым у 1990-х, — адсутнасьць прадуктаў, добрай працы, зьніжэньне заробкаў. У змаганьні лядоўні і тэлевізара звычайна ўсё ж выйграе лядоўня. Калі расейцы пабачаць, што нічога ня могуць сабе дазволіць, — гэта будзе моцны ўдар па ўсіх ідэалягічных матрыцах, якія навязвала ўлада.

— Вайна пад нейкім новым ракурсам ставіць вечныя філязофскія пытаньні, як трэба адказваць на зло. Усе гэтыя тэмы наконт «непраціўленьня злу гвалтам», «ці варта станавіцца Драконам, каб перамагчы Дракона» у момант вайны адыходзяць убок, людзі проста змагаюцца за сваю зямлю супраць агрэсара. І, дарэчы, ці ня ставіць вайна ва Ўкраіне новыя пытаньні да асэнсаваньня каштоўнасьці мірнага пратэсту ў Беларусі?

— Зразумела, што калі б беларусы пайшлі на ўмоўна казахстанскі варыянт, формы нямірнага змаганьня з рэжымам, — гэта справакавала б сытуацыю раней. Бо Пуцін яшчэ ў жніўні 2020-га абяцаў паслаць нацыянальную гвардыю на абарону беларускай улады. Я думаю, што калі б беларусам тады ўдалося перамагчы гэтую ўладу і змусіць яе ўцякаць, — мы б убачылі расейскія танкі не ва Ўкраіне, а ў Менску. Магчыма, гэтым мы падаравалі б украінцам больш часу.

Што да сёньняшняй сытуацыі, то хацеў бы зрабіць акцэнт на двух момантах. Першы — мы цяпер адначасова адчуваем сябе і нацыяй герояў, і нацыяй здраднікаў. Так, вялікая частка беларусаў дапамагае украінцам, выказвае сваё абурэньне супраць вайны. Але вельмі шмат людзей абыякавыя ці прынамсі досыць пасіўныя — і да таго, што адбываецца ў краіне, і да вайны. Значная частка насельніцтва проста выжывае, адсутнасьць грамадзянскага этасу — гэта чыньнік, зь якім трэба нешта рабіць на нацыянальным узроўні.

Другі момант. На фоне вайны вельмі важна народам Украіны, Беларусі і Расеі разумець, што ўсё тое, што адбываецца, — гэта не падстава для стварэньня палітыкі нянавісьці паміж народамі. Гэта самае страшнае, што можа адбыцца, калі ўкраінцы пачнуць шчыра ненавідзець расейцаў і беларусаў і пачнуць зь імі высьвятляць адносіны незалежна ад таго, хто там пры ўладзе.

— Пакуль сацыялёгія паказвае, што ўкраінцы асноўную віну ўскладаюць менавіта на расейскую і беларускую ўлады, а не на народы...

— Так, але амаль кожны чацьвёрты лічыць вінаватым ня ўлады, а народ Беларусі. І чым далей будзе ісьці вайна, чым больш будзе ахвяраў, тым болей гэтыя эмоцыі будуць узрастаць. І вельмі важна даводзіць, што так, ва ўсіх грамадзтвах ёсьць людзі, якія падтрымліваюць войны. Але калі мы пойдзем на палітыку ўзаемнай нянавісьці паміж народамі — гэта будзе тая «скрыня Пандоры», якая выбухне заўтра. І можа атрымацца так, што ў такім варыянце, як бы ні скончылася гэтая вайна, — гэтая нянавісьць стане падставай для новай вайны праз 10-20-50 гадоў.

Псыхалягічная крыўда, нянавісьць, азлобленасьць будуць весьці толькі да працягу сьпіралі канфліктаў у рэгіёне. Важна гэтага пазьбегнуць. Захаваць чалавечнасьць, годнасьць, ня даць злу распаўсюдзіцца на ўсіх — гэта самае важнае.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG