Кампанія Shell абвесьціла аб адмове ад расейскіх нафты і газу
Пра гэта паведамляе Bloomberg. Shell абвясьціла, што мае намер адмовіцца ад удзелу ва ўсіх нафтагазавых праектах у Расеі, у якасьці першага кроку спыніць спотавыя закупкі расейскай нафты.
УСУ зноў паведамляюць пра зрыў эвакуацыі з Марыюпалю Расеяй
Для эвакуацыі мірных жыхароў Марыюпалю па адзіным маршруце абаронцы гораду расчысьцілі дарогі ад мінаў, зьнялі інжынэрныя заслоны і г.д., паведамляюць УСУ.
Аднак расейскія вайскоўцы ня выпусьцілі дзяцей, жанчын і старых з гораду. Расейцы распачалі атаку ў кірунку калідора.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
У Берасьці міліцыя не пусьціла людзей да помніка Тарасу Шаўчэнку
Напярэдадні дня нараджэньня ўкраінскага клясыка каля помніка, які стаіць на аднайменным бульвары ў Берасьці, меўся адбыцца мітынг, які ўлады папярэдне дазволілі. Але ў выніку міліцыя не пускала людзей да помніка.
Таксма каля помніка затрымалі жыхара гораду Алега Вялава, паведамілі чытачы.
У Марыюпалі ад абязводжваньня загінула дзіця
Горад на мяжы гуманітарнай катастрофы. Там не хапае ежы і вады.
Пра гэта заявіў Уладзімер Зяленскі ў новым відэазвароце. Марыюпаль адключаны ад сьвятла і вадаправоду. Гуманітарны калідор з Марыюпалю сёньня не адкрылі, хаця яго чакаюць ужо чацьвёрты дзень. Цяпер туды накіравалі машыны з харчамі і гуманітарнай дапамогай. Зяленскі, як і кожны дзень, сёньня заклікаў NATO закрыць неба над Украінай для расейскіх самалётаў і ракет, а таксама паставіць Украіне сучасныя самалёты.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Зяленскі: Я гатовы да дыялёгу, але не да капітуляцыі
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі зноў заклікаў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна да дыялёгу. Ён згодны шукаць кампрамісы, у тым ліку ў дачыненьні да NATO, але не зьбіраецца здавацца. Пра гэта паведамляе «Українська правда».
Супрацоўнікі Чарнобыльскай АЭС ужо 12 дзён заблякаваныя на станцыі
Супрацоўнікі працягваюць выконваць свае абавязкі. Але яны кажуць, што ўмовы ўнутры цяжкія, а харчы і лекі абмежаваныя.
Звыш 100 супрацоўнікаў Чарнобыльскай АЭС ва Ўкраіне, месца найбуйнейшай у сьвеце тэхнагеннай катастрофы ў 1986 годзе, заблякаваныя на гэтым месцы больш за 12 дзён, паведамляе BBC.
Яшчэ 200 украінскіх ахоўнікаў, якія адказвалі за бясьпеку ў момант уварваньня, таксама застаюцца ў пастцы.
Расейскія вайскоўцы цяпер знаходзяцца ў 32-кілямэтровай Чарнобыльскай зоне адчужэньня і атачылі пэрымэтар станцыі.
Расея сьцьвярджае, што ахоўвае аб’ект разам з Нацыянальнай гвардыяй Украіны, але Ўкраіна адмаўляе гэта і заяўляе, што расейскія войскі цалкам кантралююць абʼект.
З Харкава эвакуаваліся больш за траціну насельніцтва
Звыш 600 тысяч жыхароў Харкава пакінулі горад у рамках эвакуацыі. Аўтамабільныя дарогі перагружаныя. Да вайны насельніцтва Харкава без уліку аглямэрацыі было звыш 1,4 млн чалавек.
Кіеўская адміністрацыя: працуе ўся інфраструктура і мэдычная галіна
Інтэнсіўна працуюць лякарні — яны даступныя ўсім жыхарам і параненым. Супрацоўнікі ЖКГ забясьпечваюць працу цеплавых сетак, каналізацыі і г. д. У горадзе ёсьць электрычнасьць і сувязь, інфармуе сталічная адміністрацыя.
Транспарт працуе з 8:00 да 19:00 у скарочаным складзе толькі на асобных маршрутах — як наземнага транспарту, так і мэтро. Многія людзі, якія працуюць у транспартнай галіне, задзейнічаны ў абароне сталіцы. Гуманітарны штаб працягвае працаваць. Цяпер патрэбны лягістычныя партнэры і кіроўцы з уласнымі транспартнымі сродкамі грузападымальнасьцю 1 тона.
Украінскі Генштаб: «Расея працягвае наступ, але тэмп значна запаволіўся»
«Сілы абароны працягваюць правядзеньне абарончай апэрацыі ў Паўднёвай, Усходняй і Паўночнай апэратыўных зонах уздоўж пэўных рубяжоў. На Северскім напрамку працягваецца гераічная абарона гораду Чарнігаў. Сілы абароны Кіева працягваюць абарону сталіцы ўздоўж зьнешняй мяжы абароны і на дадаткова вызначаных участках. У Паўднёвай апэратыўнай зоне праводзіцца абарончая апэрацыя ўздоўж дзяржаўнай мяжы і прыкрываецца марское ўзьбярэжжа, вядуцца абарончыя баі ў прыгарадах Мікалаева», — гаворыцца ў паведамленьні за 8 сакавіка.
Расея чацьвёрты раз аб'явіла рэжым цішыні ля атакаваных ёю гарадоў Украіны
Ужо тры дні яна зрывала эвакуацыю з аточаных гарадоў.
Міністэрства абароны Расеі пацьвердзіла ТАСС абвяшчэньне рэжыму цішыні з 10:00 па маскоўскім часе (9:00 па Кіеве). Таксама паведамляецца аб адкрыцьці гуманітарных калідораў для эвакуацыі цывільных з разбураных і аточаных расейскім войскам гарадоў.
Украінскі бок хоча арганізаваць эвакуацыю з Марыюпаля, Сумаў, Валнавахі, Харкава, але расейцы не спыняюць абстрэлы і рэжым цішыні зрывалі ўжо тры разы.
Расейцы таксама нібыта дазволілі эвакуацыю з Кіева ў Гомель, на што ўкраінскія ўлады адказалі адмовай.
Сусьветны банк выдзяляе Ўкраіне больш за 700 млн даляраў
У бліжэйшыя месяцы Сусьветны банк у дадатак да 700 мільёнаў выдзеліць Украіне пакет дапамогі на суму 3 млрд даляраў і дадатковую падтрымку краінам, якія прымаюць украінскіх уцекачоў.
«Фінансаваньне аднаўленьня Ўкраіны пасьля эканамічнай надзвычайнай сытуацыі» ці «Свабодная Ўкраіна» на суму 489 млн. даляраў ЗША. Пакет складаецца з дадатковага крэдыту на 350 млн даляраў і гарантый на суму 139 млн даляраў, а таксама з бязвыплатнага фінансаваньня ў памеры 134 млн даляраў і паралельнага фінансаваньня ў памеры 100 млн даляраў.
Агульная сума дапамогі складае 723 млн даляраў.
Хуткая перадача гэтых сродкаў дапаможа ўкраінскаму ўраду прадастаўляць крытычна важныя паслугі свайму народу, у тым ліку выплату зарплат работнікам шпіталяў, пэнсій і рэалізацыю сацыяльных праграм для ўразьлівых слаёў насельніцтва.
Японія пашырыла санкцыі супраць Расеі і Беларусі за вайну ва Ўкраіне
Японія забараніла ўвоз у Расею нафтаперапрацоўчага абсталяваньня. Гэтая краіна раней увяла санкцыі супраць сыноў Лукашэнкі і шэрагу грамадзян і кампаній Расеі і Беларусі.
Ахвяры расейскага авіяўдару па Сумах
У выніку авіяўдару па жылым сэктары Сумаў 7 сакавіка, паводле папярэдніх зьвестак, загінулі дзевяць чалавек, у тым ліку двое дзяцей, паведаміла Дзяржаўная служба надзвычайных сытуацый Украіны.
У Маскве на вучня выклікалі паліцыю за тое, што той падтрымаў Украіну
Кірылу 12 гадоў. Па словах яго маці Натальлі, у хлопчыка ўкраінскія карані, ён наведваў Украінскі культурны цэнтар. 4 сакавіка на ўроку гісторыі ён задаваў пытаньні настаўніцы наконт вайны ва Ўкраіне і выказваў свой погляд. Паводле яго, настаўніца, у прыватнасьці, гаварыла аб тым, што сьцьвярджэньні аб ваенным уварваньні расейскіх войскаў і біцьці праціўнікаў вайны на мітынгах зьяўляюцца «фэйкамі», прыдуманымі «спэцыялістамі» з Украіны і ЗША. Саміх украінцаў яна назвала «нацыстамі». Вучань не пагадзіўся з выкладчыцай, а пасьля ўроку выгукнуў лёзунг «Слава Ўкраіне!».
Страты ад расейскага ўварваньня транспартнай інфраструктуры Ўкраіны ацэньваюць у 10 млрд даляраў
Толькі для транспартнай інфраструктуры вайна Расеі супраць Украіны нанесла шкоду як мінімум на 10 млрд даляраў. Аб гэтым паведаміў міністар інфраструктуры Ўкраіны Аляксандр Кубракоў. Расейскімі ракетамі і снарадамі ужо зьнішчана шмат мастоў, дарог і іншых аб'ектаў інфраструктуры.
Міністар лічыць, што пасьля завяршэньня вайны большасьць абʼектаў атрымаецца аднавіць за год, самыя складаныя і самыя вялікія комплексы – за два.
ЗША і Эўразьвяз прызналі Беларусь саўдзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны
«Расея пры ўдзеле рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі ў якасьці суагрэсара нясе поўную адказнасьць за гібель людзей, раненьні і разбурэньні... Мы таксама паўтараем наш заклік да Беларусі не дазваляць расейскай агрэсіі і выконваць свае міжнародныя абавязаньні».
У заяве Эўрапейскага зьвязу расейскі напад на Ўкраіну, ініцыяваны Пуціным, называецца «найбольшай ваеннай агрэсіяй у Эўропе пасьля Другой сусьветнай двайны.
З аналягічнай заявай у адрас Беларусі выступіў і амбасадар ЗША пры АБСЭ Майкл Карпэнтэр, якога цытуе «Голас Амэрыкі». Як падкрэсьліў Майкл Карпэнтэр, тэрыторыя Беларусі была выкарыстаная ў якасьці пляцдарму для нападу на суседнюю краіну. Зьвяртаючыся да прадстаўніка Беларусі ў АБСЭ, Карпэнтэр сказаў:
«Вы ўдарылі суседку нажом у сьпіну. Не спрабуйце тут нават апраўдаць гэты факт. Вы саўдзельнік агрэсіі, ваша тэрыторыя была выкарыстаная як пляцдарм для жорсткага, варварскага нападу на суседнюю дзяржаву, і вы несяце за гэта адказнасьць».
Украінскія вайскоўцы забілі чарговага расейскага генэрала
У ходзе баёў пад Харкавам загінуў расейскі военачальнік, генэрал-маёр, начальнік штабу, першы намесьнік камандуючага 41-й арміяй Цэнтральнай вайсковай акругі Расеі Віталь Герасімаў. Былі таксама забітыя і параненыя шэраг вышэйшых афіцэраў расейскай арміі, піша Галоўнае ўпраўленьне выведкі Ўкраіны.
Байдэн, Джонсан, Шольц і Макрон дамовіліся пра далейшае падвышэньне цаны ўварваньня Расеі ва Ўкраіну
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Оляф Шольц і прэм'ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан заявілі, што маюць намер працягваць падвышаць цану маштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Пра вынікі размовы лідэраў 4 найбуйнейшых краін Захаду, паведаміў Белы дом.
Кіраўнікі гутарылі пра расейскую вайну ва Ўкраіне падчас відэазванка 7 сакавіка.
«Лідэры пацьвердзілі сваю рашучасьць працягваць павышаць цану для Расеі за яе несправакаванае і неапраўданае ўварваньне ва Ўкраіну. Яны таксама падкрэсьлілі сваю прыхільнасьць працягу наданьня Ўкраіне бясьпекавай, эканамічнай і гуманітарнай дапамогі. Акрамя таго, яны абмеркавалі нядаўнія кантакты з прэзыдэнтамі Ўкраіны і Расеі», – адзначылі ў Белым доме.
Кіраўнікі МЗС Украіны і Расеі правядуць перамовы ў Турэччыне
Сустрэча мае адбыцца 10 сакавіка, паведаміў ТСН. Яна плянуецца ў Анталіі, Дзьмітро Кулеба і Сяргей Лаўроў могуць абмеркаваць на ёй пазыцыі сваіх дзяржаў. Раней правядзеньне перамоваў з удзелам Турэччыны анансаваў міністар замежных справаў гэтай краіны Мэўлют Чавушаглу.