Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэр Кіева наведвае блёк-пост у Кіеве, 6 сакавіка 2022
Мэр Кіева наведвае блёк-пост у Кіеве, 6 сакавіка 2022

13-ы дзень расейскай вайны ва Ўкраіне: бамбаваньне Сумаў, гуманітарныя калідоры, новыя санкцыі супраць Расеі і Беларусі

абноўлена

Працягваецца вайна, якую 24 лютага прэзыдэнт Расеі Пуцін пачаў супраць Украіны. За гэты час ужо звыш 1,7 млн украінцаў сталі ўцекачамі, расейскія войскі скідаюць на гарады ракеты і касэтныя бомбы.

08:29 8.3.2022

Выставілі падазрэньні лётчыку, які бамбіў Ізюм і Харкаў

У Генэральнай пракуратуры Ўкраіны паведамілі, што лётчыку-падпалкоўніку, намесьніку камандзіра аднаго з авіяцыйных палкоў Узброеных сіл РФ паведамілі аб падазрэньні ў бамбаваньні Харкава і Ізюма, пра гэта піша ўкраінская служба Радыё Свабода.

«Паводле сьледзтва, 24 лютага і 3 сакавіка 2022 году падазраваны і штурман на незаконны загад камандуючага ВПС Расеі вылецелі з аэрапорту Варонежа (Расея), незаконна перасеклі дзяржаўную мяжу Ўкраіны і нанесьлі авіяўдары па горадзе Ізюм Харкаўскай вобласьці. У выніку гэтых дзеяньняў загінулі 8 мірных жыхароў. Акрамя таго, 6 сакавіка 2022 году гэтыя ж асобы бамбавалі горад Харкаў з мэтай зьнішчэньня рэгулярных падразьдзяленьняў Узброеных сіл. У выніку цалкам і часткова разбураны шматпавярховыя жылыя дамы, адміністрацыйныя будынкі, мэдыцынскія ўстановы, навучальныя ўстановы і інтэрнаты ў Харкаве», — адзначылі ў офісе генпракурора.

Падазрэньне выставілі паводле артыкулау аб замаху на тэрытарыяльную цэласнасьць і недатыкальнасьць Украіны, што прывяло да гібелі людзей, а таксама аб парушэньні законаў і звычаяў вайны.

07:45 8.3.2022

Бамбаваньне Сумаў

Позна ўвечары 7 сакавіка расейская вайсковая авіяцыя скінула авіябомбы на жылыя кварталы гораду Сумы на ўсходзе Ўкраіны. Загінулі як сама меней 10 чалавек, сярод іх ёсьць дзеці. Загінулі 4 байцы тэрытарыяльнай абароны, паведаміў кіраўнік абласной адміністрацыі Сумаў Дзьмітро Жывіцкі.

07:43 8.3.2022

У Кіргізстане кіроўцаў штрафуюць за налепкі з падтрымкай расейскай агрэсіі зь літарай «Z»

Парушальнікаў штрафуюць, машыну адпраўляюць на штрафстаянку. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар патрульна-паставой службы паліцыі Бішкеку Байгазы Айткул уўлу, піша Радыё Азаттык.

«Забаронена наносіць налепкі на аўтамабілі, якія ня маюць адпаведных дазволаў і ліцэнзій», — сказаў Айткул уўлу.

07:38 8.3.2022

Расея стала самай падсанкцыйнай дзяржавай сьвету

У сьпісе краін, на якія накладзена больш за ўсё санкцый, Расея апярэдзіла Іран. На трэцяй пазыцыі Сырыя. Далей ідуць Паўночная Карэя, Вэнэсуэла, М'янма і Куба. Супраць Расеі ў гэты момант дзейнічаюць 5800 розных санкцыйных абмежаваньняў.

XS
SM
MD
LG