Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня менш за 150 журналістаў пакінулі Расею пасьля пачатку вайны з Украінай


Вядоўца тэлеканалу «Дождь» Міхаіл Фішман, адзін з тых, хто публічна заявіў пра ад’езд з Расеі
Вядоўца тэлеканалу «Дождь» Міхаіл Фішман, адзін з тых, хто публічна заявіў пра ад’езд з Расеі

Шэраг недзяржаўных СМІ трапілі ў Расеі пад абмежаваньні і забарону.

Пасьля ўзброенага ўварваньня расейскіх войскаў ва Ўкраіну ўзмацніўся масавы ад’езд расейскіх журналістаў за мяжу. Агулам Расею пакінулі каля 150 чалавек, падлічыла выданьне «Агенцтва».

Галоўная прычына ад’езду — фактычнае ўвядзеньне ў Расеі ваеннай цэнзуры. Закон аб «фэйках пра расейскае войска» быў падпісаны прэзыдэнтам Расеі 4 сакавіка. Праз пагрозу крымінальнага перасьледу пасьля прыняцьця гэтага закону часова спыніць працу ў Расеі вырашыла Расейская служба BBC (рэдакцыя будзе працаваць за межамі РФ). «Новая газета» аб’явіла аб выдаленьні матэрыялаў аб уварваньні Расеі ва Ўкраіну, а The Bell вырашыла перастаць асьвятляць канфлікт, піша Current Time.

Акрамя таго, расейскія ўлады заблякавалі сайты мноства выданьняў, сярод якіх «Настоящее время», «Медуза», «Медиазона», ВВС, DW, Радио Свобода і яго праекты. Ліквідаваная радыёстанцыя «Эхо Москвы», прыпынілі працу «Дождь», Colta і іншыя выданьні.

Выданьне «Агенцтва» апытала супрацоўнікаў з 17 выданьняў і высьветліла, што шмат у якіх СМІ зьехала значная частка журналістаў, напрыклад амаль уся маскоўская рэдакцыя «Медузы». Выехала таксама частка журналістаў «Дождя», «Эха Москвы» і «Новой газеты», а таксама многія супрацоўнікі карэспандэнцкіх пунктаў і бюро замежных СМІ.

Некаторыя журналісты паведамілі пра ад’езд публічна, напрыклад галоўны рэдактар ​каналу ​«Дождь» Ціхан Дзядко, вядоўца гэтага ж каналу Міхаіл Фішман, галоўны рэдактар выданьня Republic Дзьмітрый Колезеў, кінакрытык Антон Долін.

У Расеі за некалькі дзён завялі ўжо дзясяткі адміністрацыйных спраў паводле артыкулу аб «дыскрэдытацыі арміі». За заклікі на антываенныя акцыі пратэсту суд у Кемераве 6 сакавіка аштрафаваў мясцовага жыхара на 60 тысяч рублёў. Раней паведамлялася аб штрафе для жыхаркі Кастрамы. Суд Краснаярску аштрафаваў актывістку Веру Котаву за надпіс «Не — вайне» на засьнежаным гранітным помніку бальшавіцкаму правадыру Леніну.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG