Футбаліст зборнай: «Ідзе генацыд украінскага народу»
Напрыклад, зборныя Беларусі і Расеі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў чэмпіянатах па сьвету ў хакеі. Былы кіраўнік Беларускай фэдэрацыі хакея Дзьмітры Баскаў на гэта паспрабаваў перакінуць адказнасьць... на амэрыканцаў: «Чаму падобныя санкцыі не былі ўжытыя супраць ЗША — краіны, якая рэгулярна ўвязвалася ў ваенныя канфлікты на працягу апошніх дзесяцігодзьдзяў?».
Ня змогуць выступаць у эўрапейскіх клюбных турнірах беларускія каманды гандбалістаў і баскетбалістаў. А вось футбалістаў пакуль не дыскваліфікавалі, але дазволілі праводзіць матчы толькі на нэўтральных палях і без заўзятараў.
Ня ўдзельнічаюць беларускія спартоўцы і ў Паралімпіядзе, якая гэтымі днямі праходзіць у Кітаі. Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка назваў гэта «захадам эры алімпійскага руху».
Самі спартоўцы разышліся ў сваіх думках. Напрыклад, футбаліст зборнай Беларусі і ўкраінскага «Коласа» Мікалай Золатаў напісаў наступнае: «Ідзе генацыд украінскага народу. Калі вы лічыце, што Пуцін мае рацыю, то тады і Гітлер меў рацыю. Я веру ў людзей, веру ва Ўкраіну».
Іншы гулец зборнай Юрый Кендыш, які выступае ў Латвіі, выказаўся так пра забароны на выступы спартоўцаў: «Калі твая краіна ўдзельнічае ў вайне, то ўсе павінны несьці адказнасьць». Ён выказаў захапленьне дзеяньнямі ўкраінскага боку.
Падпісантка ж праўладнага пісьма, лёгкаатлетка Настасься Мірончык-Іванова заклікала стварыць альтэрнатыўныя спаборніцтвы «Адзінства спорту». Скакун у вышыню Максім Недасекаў стаў параўноўваць лічбы загінулых у вайне ва Ўкраіне і памерлых ад каранавірусу, але што ён хацеў сказаць гэтым допісам, не зусім зразумела.
Пры гэтым большасьць беларускіх спартоўцаў захоўвае маўчаньне.
Апейкін: «Увесь беларускі спорт, як і расейскі, будзе пад санкцыямі»
Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандар Апейкін у размове са Свабодай кажа, што вялікага спорту ў Беларусі болей ня будзе, пакуль існуе гэтая ўлада.
«Беларускі спорт стаў ня тое што ізгоем, ён проста спыняе сваё існаваньне. Магчыма, будуць нейкі міжведамасныя спаборніцтвы, але міжнародных ужо ня будзе. Цяпер троху мітусьня, але ўвесь беларускі спорт, як і расейскі, будзе пад санкцыямі, — гэта пытаньне часу», — лічыць Апейкін.
На ягоную думку, дыскваліфікацыі атлетаў зьяўляюцца цалкам справядлівымі.
«Ёсьць такое паняцьце, як калектыўная адказнасьць. Калі людзі не выступаюць супраць парушэньняў міжнароднага права, злачынстваў супраць чалавецтва, то яны павінны несьці адказнасьць за гэта. У беларускім спорце рэпрэсіі пачаліся яшчэ пасьля 2020 году, але падпісанты праўладнага пісьма нічога не выказвалі супраць, іх усё задавальняла. Заслужылі тое, што заслужылі».
Тым ня менш Апейкін кажа, што Фонд спартовай салідарнасьці будзе рабіць усё магчымае, каб атлеты з альтэрнатыўнымі ад дзяржаўных поглядамі працягнулі свае выступы, менавіта ў гэтым ён бачыць галоўную задачу на сёньня.
«Спорт па-за палітыкай, але не па-за здаровым сэнсам. Расейскі гімнаст выйшаў на спаборніцтвы зь літарай Z на форме. Гэта вельмі сур’ёзны кейс, каб адхіліць спартоўцаў цалкам. Фактычна гэта акцыя ў падтрымку фашыстоўскіх дзеяньняў. Нейкія падобныя крокі могуць рабіць і беларускія атлеты. Думаю, што адхіляць і ў футболе. Гэта пытаньне некалькі месяцаў. Беларусь — краіна-агрэсар, усе гэта разумеюць», — лічыць Апейкін.
Ён называе гэтыя дыскваліфікацыі «цаной за ўласнае маўчаньне».
«Ніхто ў гэтым, апроч саміх спартоўцаў, не вінаваты. Калі б яны выказвалі пазыцыю супраць рэжыму, то можна было б зрабіць шмат выключэньняў, але яны прамаўчалі. У мяне няма больш да іх пытаньняў, мне не шкада, што ў іх спыняцца кар’еры. У кожнага быў выбар. Вы падпісаліся за ўладу, то атрымлівайце ўсе выгоды. 90% пры гэтым нават не разумелі, што падпісвалі, падпісвалі за прэмію ў 200 рублёў, ня думаючы пра будучыню і сваю рэпутацыю».
Аляксандар Апейкін кажа, што апошнімі днямі да яго зьвярнулася каля 30 падпісантаў праўладанага ліста спартоўцаў, якія пыталіся, як выехаць з краіны. Фонд спартовай салідарнасьці такой дапамогі не аказвае.
Далідовіч: «Хто маўчаў — той маўчыць»
Славуты беларускі лыжнік, удзельнік шасьці Алімпійскіх гульняў Сяргей Далідовіч у пачатку 2022 году быў вымушаны пакінуць Беларусь. Ягоную дачку Дар’ю адхілілі ад спаборніцтваў за нацыянальную каманду. Сам Далідовіч перакананы, што гэта было зроблена з палітычных прычын, бо ён не хаваў сваю грамадзянскую пазыцыю.
Цяпер бацька з дачкой у Польшчы, трэнуюцца ў Татрах. Дар’я рыхтуецца выступаць у біятлёне, бо для гэтага ёй не патрэбен дазвол ад Беларускай фэдэрацыі лыжных гонак. Далідовічамі ў Польшчы апякуецца славутая лыжніца Юстына Кавальчык.
Дар’я запісалася ў валянтэры, сустракае ў Варшаве ўкраінскіх уцекачоў, аказвае ім дапамогу, каб яны маглі абжыцца ў Польшчы.
Сяргей Далідовіч лічыць дыскваліфікацыю беларускіх атлетаў справядлівай.
«Калі глядзець на тую сытуацыю, якая цяпер ва Ўкраіне, і ўспомніць, што ледзь не палова нашых спартоўцаў маюць дачыненьне да сілавых структур, то я лічу гэта справядлівым. Усё часьцей чуваць, што спорт ня можа заставацца ўбаку ад палітыкі. Калі б спыталі ў мяне асабіста, то я б падтрымаў дыскваліфікацыю».
Далідовіч уражаны тым, што сярод расейскіх атлетаў фактычна ніхто ня выказаўся супраць агрэсіі ў дачыненьні Ўкраіны.
«Хто маўчаў — той маўчыць, хто не маўчаў — той гаворыць. Найперш ты не спартовец, а грамадзянін. Бо што такое спорт? Сёньня ты выступаеш, а заўтра табе надавалі высьпяткаў і выкінулі са спаборніцтваў.
Я размаўляю з расейскімі спартоўцамі, яны не разумеюць абсалютна таго, што адбываецца. Мае расейскія калегі ўсе ў пагонах — Расгвардыя, ФСБ і іншыя структуры. Ведаю выпадкі, калі ім сказалі ехаць ва Ўкраіну, то сталі пісаць рапарты аб звальненьні. Хопіць езьдзіць — сядзіце на пячы і пячыце калачы. Адназначна, цяпер беларускі спорт — ізгоі. Яны яшчэ не разумеюць, што адбылося. Дай Бог, дойдзе да іх летам», — кажа Сяргей Далідовіч.
Напад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.