Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузія і Малдова падалі заяўкі на паскоранае ўступленьне ў ЭЗ


Грузія падала заяўку на ўступленьне ў Эўразьвяз паводле паскоранай працэдуры.

Пра тое, што Тбілісі сьледам за Украінай падасьць заяўку на наданьне статусу краіны-кандыдата ў ЭЗ, стала вядома 2 сакавіка. Лідэр кіроўнай партыі «Грузінская мара» зазначыў, што ўрад плянаваў зрабіць гэта ў 2024 годзе, але вырашыў пасьпяшацца, «зважаючы на палітычны кантэкст».

Сёньня ж аб падачы заяўкі на ўступленьне ў Эўразьвяз паводле неадкладнай працэдуры заявіла прэзыдэнт Рэспублікі Малдова Мая Санду.

Украіна падала заяўку на ўступленьне ў ЭЗ 28 лютага, падчас расейскага ўзброенага ўварваньня і абстрэлу гарадоў. 1 сакавіка Брусэль пачаў разгляд. У гісторыі такіх прэцэдэнтаў не было. Як правіла, перамовы аб уступленьні ў ЭЗ доўжацца гадамі.

Цяперашнія кандыдаты на ўваход у ЭЗ, такія як Сэрбія і Чарнагорыя, атрымалі статус некалькі гадоў таму, але перамовы дагэтуль далёкія ад завяршэньня. Акрамя таго, грамадзяне краіны-кандыдата павінны ўхваліць уступленьне краіны ў ЭЗ на рэфэрэндуме.

Імкненьне Ўкраіны ўступіць у ЭЗ адлюстраванае ў Канстытуцыі краіны, аднак да апошняга часу многія краіны ЭЗ адмаўляліся наўпрост казаць пра яе эўрапейскую пэрспэктыву.

  • Расейскае ўзброенае ўварваньне на тэрыторыю Ўкраіны пачалося 24 лютага на загад прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Баі ідуць у многіх рэгіёнах. Сотні тысяч украінцаў пакінулі свае дамы.
  • Краіны Захаду ўвялі супраць Расеі жорсткія санкцыі, якія закранулі ня толькі кампаніі, чыноўнікаў і палітыкаў, але і звычайных грамадзян. Эўразьяз закрыў паветраную прастору для расейскіх авіяперавозьнікаў. Многія міжнародныя кампаніі прыпынілі бізнэс у Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG