Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Авіянапад на Харкаўскі ўнівэрсытэт
Авіянапад на Харкаўскі ўнівэрсытэт

Баі за Херсон, абстрэлы Кіева і Харкава. Хроніка сёмага дня вайны Расеі супраць Украіны і сусьветнай ізаляцыі Масквы

Расея працягвае вайсковую агрэсію ва Ўкраіну, абстрэльвае гарады ракетамі, ад пачатку канфлікту загінулі сотні мірных жыхароў Украіны.

15:33 2.3.2022

Расейскія войскі больш як 14 гадзін абстрэльваюць Марыюпаль. 42 асобы атрымалі раненьні

Марыюпальская гарадзкая рада паведаміла, што горад пад прыцэльным агнём расейцаў ужо больш як 14 гадзін.

«Расейскія акупанты зьнішчаюць цывільнае насельніцтва ды забіваюць дзяцей. За гэты час 42 паранена», — адзначаюць у афіцыйным паведамленьні мясцовыя ўлады.

У горадзе абстрэламі пашкоджаныя радзільня і дзясяткі жылых будынкаў. Зьнішчылі школу і інтэрнат для перасяленцаў.

15:29 2.3.2022

Расейская ракета пацэліла ў мэрыю Харкава

З пачатку расейскага нападу на Ўкраіну загінулі каля 2 тысяч цывільных грамадзянаў.
Расейская ракета пацэліла ў будынак харкаўскай мэрыі.

14:57 2.3.2022

Расейская ракета ўдарыла ў месца расстрэлаў габрэяў у Бабіным Яры

Першага сакавіка расейскія ўдары шмат разоў траплялі у аб’екты цывільнай інфраструктуры Ўкраіны, у прыватнасьці ў Барадзянцы Кіеўскай вобласьці, дзе меркаваны авіяўдар зьнішчыў цэлы пад’езд.

Аляксей Арастовіч, прадстаўнік Офісу прэзыдэнта, пацьвердзіў, што расейцы абстралялі тэрыторыю, па якой фашысты вялі габрэяў на расстрэлы. «Пападаньне расейскай ракеты ў Бабін Яр — адна з галоўных памылак расейцаў у гэтай вайне; такія выпадкі будуць нарастаць і сустракаць асуджэньне ў сьвеце», — заявіў Аляксей Арастовіч.

Пра абстрэл цывільнай інфраструктуры выказаўся прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі.
«Мы шмат прабачылі адзін аднаму, мы палюбілі адзін аднаго, мы дапамагаем адзін аднаму, мы баімся адзін за аднаго. Учора на плошчы Свабоды мы ўсе былі харкавянамі, потым вораг зьнёс нас усіх ударамі па жылых будынках у Барадзянцы. Учора ўвечары нас усіх бамбілі ў Кіеве, і мы ўсе загінулі ў Бабіным Яры ад ракетнага ўдару».

Бабін Яр — месца масавых расстрэлаў нацыстамі цывільнага насельніцтва, пераважна габрэяў, у Кіеве ў Другую ўсясьветную вайну.

«Гэта за мяжой чалавечнасьці. Такі ракетны ўдар сьведчыць, што для шмат якіх людзей у Расеі наш Кіеў абсалютна чужы, яны нічога ня ведаюць пра нашу сталіцу, пра нашу гісторыю, але ў іх ёсьць загад — сьцерці нашу гісторыю, краіну, нас усіх», — сказаў Зяленскі.

14:29 2.3.2022

Адзіночны пікет супраць вайны ў Менску. Хлопец прайшоў па праспэкце Незалежнасьці з плякатам

Чарговы адзіночны пікет супраць вайны ва Ўкраіне заўважылі ў Менску. Малады чалавек прайшоў пасярод праспэкту Незалежнасьці з антываенным плякатам.

14:26 2.3.2022

Пакуль ва Ўкраіне ідзе вайна, Міністэрства абароны Беларусі вырашыла запусьціць флэшмоб

Салдаты-тэрміновікі на відэа зьняпраўджваюць паведамленьні пра тое, што яны ва Ўкраіне, і кажуць, што яны «на месцы», гэта значыць у сваіх частках. Падборка гэтых відэа.

14:21 2.3.2022

У Расеі паліцыя канфіскавала наклад трох газэт за антываенныя публікацыі

У Сьвярдлоўскай вобласьці паліцыя канфіскавала наклад трох рэгіянальных выданьняў, якія выйшлі з антываеннай вокладкай – «Вечерний Краснотурьинск», «Вечерний Карпинск», «Про Североуральск» і «Глобус».

Як паведамляе «Медуза–live», рэдакцыі газэт заявілі, што будуць абскарджваць дзеяньні паліцыі.

14:14 2.3.2022

МЗС Украіны: немагчыма весьці перамовы на мове ўльтыматумаў

Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што дату наступнага раўнду кансультацыяў паміж Расеяй і Ўкраінай пакуль ня вызначылі.

«Мы гатовыя да перамоваў, мы гатовыя да дыпляматыі, але ні ў якім разе мы не гатовыя прыняць ніводнага расейскага ўльтыматуму. Калі адбудуцца наступныя перамовы, пакуль невядома», — паведаміў Дзьмітро Кулеба на брыфінгу 2 сакавіка.

Паводле яго, у часе першага раўнду кансультацыяў расейскі бок агучыў тыя ж патрабаваньні, якія Пуцін агучыў перад пачаткам сваёй вайны супраць Украіны.

Кулеба дадаў, што ўкраінскія дыпляматы прапануюць заходнім краінам рыхтаваць чацьвёрты пакет санкцыяў, каб яны «трапілі ў самае сэрца Расеі». Аналягічныя санкцыі могуць увесьці і супраць Беларусі.

«Частка санкцыяў стасоўна Беларусі ўжо ёсьць, і будуць яшчэ большыя, такія самыя, як і для Расеі, у выпадку, калі беларуская армія перасячэ ўкраінскую мяжу», — падкрэсьліў ён.

13:49 2.3.2022

Мэр Мікалаева: расейскія войскі пачалі аточваць горад

Мэр Мікалаева Аляксандар Сянкевіч заявіў аб ускладненьні сытуацыі ў Мікалаеве.
«Цяпер ідуць баі з херсонскага напрамку і ў раёне Калінаўскага кольца (транспартная разьвязка на дарозе Дніпро – Мікалаеў. – РС). Нашыя байцы ўступілі ў бой», – паведаміў ён.

Мэр Мікалаева заклікаў жыхароў заставацца дома або ў сховішчах, а тых, хто можа трымаць зброю, далучыцца да абароны гораду. Паводле яго, вялікая колькасьць паветраных сіл Расеі цяпер накіроўваецца з боку анэксаванага Крыму на Мікалаеў. «Прашу вас схавацца ад авіяўдараў».

13:04 2.3.2022

Эўразьвяз пашырае эканамічныя санкцыі супраць афіцыйнага Менску

Падстава — «удзел Беларусі ў агрэсіі Расеі супраць Украіны».

Як стала вядома Радыё Свабода, сёньня раніцай Эўразьвяз ухваліў пашырэньне эканамічных санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Яны ўключаюць дадатковыя абмежаваньні, зьвязаныя з гандлем таварамі, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасьці тытунёвых вырабаў, мінэральнага паліва, бітумных рэчываў і газападобных вуглевадародных прадуктаў, калійных прадуктаў, вырабаў з драўніны, цэмэнту, жалеза і сталі, гумовыя вырабы.

Таксама Эўразьвяз пашырае абмежаваньні на пастаўку ў Беларусь тавараў і тэхналёгій двайнога прызначэньня і на аказаньне спадарожных паслуг, а таксама абмежаваньні на экспарт тавараў і тэхналёгій, якія могуць спрыяць разьвіцьцю ваеннай, тэхналягічнай, абароннай бясьпекі Беларусі.

Уводзяцца абмежаваньні і на аказаньне беларускаму боку адпаведных паслуг.

Рашэньне пра санкцыі набудзе моц пасьля афіцыйнай публікацыі сёньня пазьней ці заўтра.

Згодна з інфармацыяй Радыё Свабода, у Брусэлі таксама абмяркоўвалі пытаньне адключэньня беларускіх банкаў ад SWIFT, але вырашылі пакінуць яго «на пазьней».

12:43 2.3.2022

Зьявіўся перахоп навядзеньня на ўдары самалётаў на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі

У распараджэнні рэдакцыі Мotolko.help зьявіўся перахоп перамоваў авіяцыі расейскіх войскаў, якая здзяйсняе ўдары па ўкраінскай тэрыторыі.

Паводле інфармацыі блогера Антона Матолькі, расейскія зьнішчальнікі Су-35С пры падтрымцы расейскіх самалётаў далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня і кіраваньня А-50 зьдзяйсьняюць удары (з 25 па 27 лютага) па цэлях каля Кіева, Жытоміра, Белай Царквы ды іншых украінскіх гарадоў.

12:36 2.3.2022

Жыхары Энэргадара на Запарожжы заблякавалі падыходы ў горад і ратуюць АЭС

Мэра гораду Энэргадара Запароскай вобласьці Дзьмітро Арлоў заявіў, што горад і Запароская АЭС пад надзейнай абаронай.

«Жыхары ня ўпусьцяць іх у горад ні на крок. Яны пачулі і пайшлі распавядаць свайму кіраўніцтву», – напісаў мэра Энэргадара ў сваім тэлеграм-канале.

Дзьмітро Арлоў апублікаваў шмат відэазапісаў, на якіх бачна, што жыхары Энэргадара заблякавалі дарогі з выкарыстаньнем і грузавой тэхнікі.

12:35 2.3.2022

Расейскія войскі нанесьлі ўдар па Адэсе

Паводле папярэдніх зьвестак, быў выбух у раёне аэрапорту.

12:20 2.3.2022

Эўрапейскі суд у правах чалавека: Расея павінна спыніць напады на цывільныя аб’екты і грамадзян

Эўрапейскі суд у правах чалавека загадаў ураду Расеі спыніць ваенныя напады на мірных жыхароў і цывільныя аб’екты, у тым ліку на жылыя будынкі, машыны хуткай дапамогі, школы і лякарні.

Суд таксама патрабуе ад Расеі неадкладна гарантаваць бясьпеку мэдычных і адукацыйных устаноў, а таксама ратавальным службам, якія ліквідуюць наступствы ракетных і бомбавых удараў.

У Міністэрстве замежных спраў Украіны зьвярнулі асаблівую ўвагу на тое, што ўпершыню суд у сваім рашэньні зьвярнуўся са сваімі пастановамі толькі да аднаго боку.

«У рашэньні суд адзначае, што ён уважліва сочыць за агрэсіяй Расеі супраць Украіны. Суд ня проста забараніў Расеі выкарыстоўваць зброю супраць цывільных аб’ектаў, а цалкам паўтарыў асноўнае патрабаваньне Ўкраіны ў яе заяве», – адзначылі ў МЗС Украіны.

12:01 2.3.2022

Фота наступстваў начнога авіяналёту на Харкаў

Зруйнаваны Харкаўскі ўнівэрсытэт
Зруйнаваны Харкаўскі ўнівэрсытэт

11:41 2.3.2022

Міністар абароны Ўкраіны пра ракетныя ўдары з тэрыторыі Беларусі: гэта не вайскоўцы, а тэрарысты

Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў заявіў аб зьніжэньні баяздольносьці расейскіх войскаў:

«Характар падзеяў зьмяняецца. Расейскія акупанты спрабуюць хаця б як утрымаць баяздольнасьць сваіх падразьдзяленьняў. Але ўдаецца ўсё горш і горш. Пра гэта сьведчаць неаднаразовыя факты здачы ў палон груп расейскіх салдатаў», – заявіў Аляксей Рэзьнікаў.

Паводле яго, з тэрыторыі Беларусі і Расеі наносіліся дыстанцыйныя ўдары па жылых раёнах і мэдычных установах Жытоміра.

«Авіяцыйныя і ракетныя ўдары з боку Расеі і Беларусі па жылых дамах і школах, абстрэлы радзільных дамоў – гэта баязьлівыя паводзіны тых, у каго няма гонару. Гэта не вайскоўцы, гэта тэрарысты, прадстаўнікі дзяржавы-тэрарыста. І гэтае таўро надоўга», – падкрэсьліў міністар абароны Ўкраіны.

11:19 2.3.2022

Сярод байцоў украінскай арміі і грамадзяне Ўкраіны юдэйскага веравызаньня

Габрэі таксама сталі на абарону Ўкраіны, якую Расея фальшыва абвінавачвае ў нацызьме. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі таксама габрэй. Зьлева на здымку — Ашэр Ёсеф Чаркаскі, вэтэран вайны на Данбасе.

11:01 2.3.2022

У Маскве затрымалі дзьвюх жанчын зь пяцярымі дзецьмі, якія хацелі ўскласьці кветкі ля пасольства Ўкраіны

У сталіцы Расеі ўчора паліцыя затрымала Кацярыну Завізіён з дваімі дзецьмі і Вольгу Альтэр з траімі дзецьмі, паведаміла ў фэйсбуку антраполяг Аляксандра Архіпава. Жанчыны хацелі ўскласьці кветкі да пасольства Ўкраіны, а дзеці (ім ад 7 да 11 гадоў) самі намалявалі плякат «„Не“ — вайне» і пайшлі зь імі. Паліцыя затрымала ўсіх сямёх, паведамляе тэлеканал «Настоящее время».

Спачатку іх трымалі ў аўтазаку, потым даставілі ў АУС, дзе адабралі тэлефоны і хацелі пакінуць на ноч (што незаконна). Дабіцца вызваленьня дзяцей і маці ўдалося толькі па прыезьдзе ў АУС адваката, пасьля поўначы. У аддзяленьні паліцыі Кацярыне і Вользе пагражалі пазбаўленьнем бацькоўскіх правоў. Паводле якога канкрэтна артыкулу склалі адміністрацыйныя пратаколы, невядома.

10:56 2.3.2022

453 000 уцекачоў ад вайны выехалі ў Польшчу з Украіны з пачатку вайны

Толькі за апошнія суткі выехала з Украіны ў Польшчу 98 000 чалавек, паведамляе памежная служба Польшчы.

10:32 2.3.2022

Зяленскі: Украінцы – сымбаль непераможнасьці

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў сваім звароце да ўкраінцаў заявіў, што за 7 дзён вайны ўкраінцы дэманструюць такое адзінства, якога не было за ўсе 30 гадоў незалежнасьці.

«Сёньня ўкраінцы – сымбаль непераможнасьці. Сымбаль таго, што людзі ў любой краіне ў любое імгненьне могуць стаць найлепшымі людзьмі на зямлі!», – сказаў ён.

10:25 2.3.2022

Херсон другі дзень у аблозе расейскіх войскаў, якія зьнішчаюць дамы і машыны, рабуюць крамы

У Херсоне кажуць, што расейскія вайскоўцы руйнуюць жылыя дамы і расстрэльваюць цывільныя машыны з жанчынамі і зь дзецьмі.

Кіраўнік Херсонскай абласной адміністрацыі Генадзь Лагута паведаміў, што ў ноч на 2 сакавіка ўначы ў горадзе было чутна шмат стрэлаў і выбухаў, гарэў будынак упраўленьня Службы бясьпекі Ўкраіны. Шмат ахвяр і параненых.

«Акупанты таксама чынілі марадэрства ў аптэках і крамах. Цяпер мы займаемся інфармацыйнымі і гуманітарнымі пытаньнямі, аднаўляем вода- і электразабесьпячэньне», – паведаміў Генадзь Лагута.


Мясцовая валянтэрка Ірына Саліхава расказала Свабодзе, што расейцы, наступаючы з анэксаванага Крыму, паступова захоплівалі паселішчы на шляху да Херсона – Антонаўскі і Алешкаўскі масты, Алешкі, Чаплінку і Антонаўку.

«Дакладна не скажу, колькі – два дні таму ці больш – пачалі Антонаўку расстрэльваць, нават мірныя ахвяры ёсьць, аўтамабілі расстрэльвалі з жанчынамі і зь дзецьмі. Проста дамы падрывалі ў нас. Я ведаю асабіста людзей, якія засталіся без дамоў. Іх эвакуавалі, яны цяпер у цэнтры Херсона знаходзяцца, у школе сядзяць», – сьцьвярджае валянтэрка.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG