Латушка заклікаў краіны сьвету Лукашэнку абвясьціць ваенным агрэсарам
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня былы чыноўнік і дыплямат Павел Латушка 2 сакавіка заклікаў кіраўніцтва ўсіх цывілізаваных краін сьвету і міжнародных арганізацый у тэрміновым парадку заявіць аб непрызнаньні Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнтам, а яго рэжым адкрыта назваць ваенным агрэсарам.
Палітык перакананы, што неабходна «выключыць усіх прадстаўнікоў Лукашэнкі з міжнародных адносін і наднацыянальных органаў».
Расейцы атакавалі будынак паліцыі і ўнівэрсытэту ў Харкаве
Пра паветраную атаку раніцай 2 сакавіка на цэнтар Харкава паведамілі ў МУС Украіны. Пацярпелі будынак управы абласной паліцыі і Харкаўскага ўнівэрстытэту.
Апэратыўная сытуацыя на франтах: расейскія войскі канцэнтруюцца вакол Кіева і ціснуць з поўдня
Расейскія войскі 13 батальённа-тактычнымі групамі спрабуюць працягнуць наступ уздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы ў кірунку Кіева, каб заблякаваць сталіцу Ўкраіны з поўначы і паўночнага захаду, паведамілі ў Сухапутных войсках Узброеных сіл Украіны раніцай 2 сакавіка.
Расейскія войскі таксама блякуюць горад Марыюпаль на Азоўскім моры і працягваюць наступ на Херсон ды Мікалаеў. Акрамя таго, ідзе разгортваньне расейскай вайскова-марской групоўкі ў Чорным моры і падрыхтоўка да высадкі.
Армія Расеі вядзе абстрэлы крытычнай інфраструктуры гарадоў Украіны «для запалохваньня мірных жыхароў», заявілі ў Мінабароны Ўкраіны.
Расейскі «Сбербанк» пакідае эўрапейскі рынак
Пра гэта піша ТАСС, які паведамляе, што «дочкі» гэтага расейскага банку ў Эўропе сутыкнуліся з анамальным адтокам грашовых сродкаў і пагрозай бясьпекі супрацоўнікаў у сувязі з расейскай вайной ва Ўкраіне.
162 нобэлеўскія ляўрэаты падпісалі ліст у падтрымку Ўкраіны
«Падобна да таго, як нацысцкая Нямеччына напала на Польшчу ў 1939 годзе (выкарыстоўваючы падобныя трукі і фальшывыя правакацыі) і на Савецкі Саюз у 1941, урад Расейскай Фэдэрацыі пад кіраўніцтвам прэзыдэнта Пуціна пачаў неабгрунтаваную ваенную агрэсію – ня што іншае, як вайну», – гаворыцца ў звароце.
Расейскі сьпявак Леанід Агуцін выступіў супраць вайны
«Я не зьбіраюся прамаўляць палітычныя лёзунгі. Я не зьбіраюся аналізаваць сытуацыю. Усё гэта ў мінулым. Я не патрабую, бо каму патрэбныя мае патрабаваньні. Я малю – спыніце вайну!»
Херсон быў учора адным з самых гарачых пунктаў расейскай вайны ва Ўкраіне
З раніцы 2 сакавіка там дагэтуль чуваць выбухі, паведамляе карэспандэнт украінскай службы Радыё Свабода. Адтуль паступае мала сьвежай інфармацыі.
Расейскія войскі напалі на Херсон 1 сакавіка. На яго была адна з самых жорсткіх атак.
Загарэліся жылыя дамы, забаўляльны цэнтар, гаспадарчыя будынкі, снарад трапіў у школу. Расейскія войскі захапілі чыгуначны вакзал і порт, сказаў мэр гораду Ігар Каліхаеў. Ёсьць шмат забітых і параненых.
У выніку авіяўдару на жылыя дамы ў Жытоміры загінулі 2 чалавекі,16 паранена
Такую інфармацыю па стане на 07:00 2 сакавіка дала служба надзвычайных сытуацый. З-пад завалаў выратавалі 12 чалавек, у тым ліку 6 дзяцей. Аварыйна-ратавальныя работы працягваюцца.
Больш за 6000 расейскіх вучоных падпісалі адкрыты ліст супраць вайны з Украінай
«Мы, расейскія навукоўцы і навуковыя журналісты, заяўляем рашучы пратэст супраць ваенных дзеяньняў, распачатых узброенымі сіламі нашай краіны на тэрыторыі Ўкраіны. Гэты фатальны крок вядзе да вялізных чалавечых ахвяр і падрывае асновы існуючай сыстэмы міжнароднай бясьпекі. Адказнасьць за разьвязваньне новай вайны ў Эўропе цалкам ляжыць на Расеі», – гаворыцца ў лісьце.
Кампанія Boeing прыпыніла працу з Расеяй за яе агрэсію супраць Украіны
Boeing спыніў абслугоўванне расейскіх авіякампаній, якія цяпер ня змогуць атрымліваць запчасткі да самалётаў. Раней расейскія перавозчыкі атрымалі паведамленьне аб спыненьні супрацоўніцтва ад вядучых сусьветных вытворцаў авіяцыйных рухавікоў, камплектных і запасных частак для самалётаў.
Грамадзянін Нэпалу далучыўся да абароны Ўкраіны
З-за мяжы ва Ўкраіну вярнуліся 80 тысяч чалавек, у асноўным мужчыны
З 24 лютага ва Украіну з-за мяжы вярнуліся 80 тысяч чалавек, пераважная большасьць з якіх – мужчыны, паведаміла 1 сакавіка МУС Ўкраіны са спасылкай на дадзеныя Дзяржаўнай памежнай службы.
«Грамадзяне Ўкраіны, якія працуюць або часова пражываюць за мяжой, вяртаюцца на радзіму, каб абараніць яе сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць. Яны папаўняюць шэрагі Ўзброеных сіл, іншых вайсковых фармаваньняў і войскаў тэрытарыяльнай абароны», – гаворыцца ў паведамленьні.
Пры гэтым каля паўмільёна ўкраінцаў, жанчын і дзяцей сталі ўцекачамі ад вайны, разьвязанай Расеяй.
Бой з расейскмі салдатамі ў Харкаве
Пра бой з акупантамі паведаміў у ноч на 2 лютага тэлеграм-канал Вярхоўнай Рады Ўкраіны са спасылкай на інфармацыю Службы бясьпекі Ўкраіны.
«Акупанты напалі на шпіталь – Вайскова-мэдыцынскі клінічны цэнтар Паўночнага рэгіёна. Пачаўся бой паміж захопнікамі і ўкраінскімі абаронцамі», – гаворыцца ў паведамленьні.
Boeing спыніў абслугоўваньне расейскіх авіякампаній, ЗША закрылі паветраную прастору краіны для расейскай авіяцыі
Boeing спыніў абслугоўванне расейскіх авіякампаній, расейскія авіякампаніі ня змогуць атрымліваць запчасткі да самалётаў Boeing. Раней расейскія перавозчыкі атрымалі паведамленьне аб спыненьні супрацоўніцтва ад вядучых сусьветных вытворцаў авіяцыйных рухавікоў, камплектных і запасных частак для самалётаў.
Вытворца рухавікоў CFM International абвясьціў расейскім авіякампаніям аб прыпыненьні ўсіх паставак авіязапчастак у Расею. Расейскія авіякампаніі выкарыстоўваюць каля 800 рухавікоў CFM56. Імі абсталяваны самыя папулярныя самалёты Airbus A320 і Boeing 737. Акрамя таго, Boeing прыпыніў падрыхтоўку пілётаў у Расеі.
Ва Ўкраіне зьліквідавалі расейскага палкоўніка
Аб гібелі ва Украіне падчас спробы акупацыі расейскага палкоўніка Віктара Ісайкіна заявіў кіраўнік Мардоўскай Рэспублікі Расеі Арцём Здуноў.
Здуноў паведаміў, што забіты адправіўся ва Ўкраіну «для выкананьня баявых задач», меў званьне палкоўніка, яму было 40 гадоў.
Мінабароны Расеі не паведамляе аб стратах сваіх салдат у складзе акупацыйнага войска ва Ўкраіне. Генштаб Украіны заявіў аб больш чым 5 тысячах забітых расейскіх салдат і сотнях палонных.
Бесьпілотнікі «Байрактар» зьнішчылі ў Сумскай вобласьці стаянку расейскай вайсковай тэхнікі
У прыватнасьці, пашкодзілі 40 рэактыўных сытэм залпавага агню «Град», паведаміў у ноч на 2 сакавіка кіраўнік Сумскай аблдзяржадміністрацыі Дзьмітро Жывіцкі.
Расейцы абстралялі Марыюпаль касэтнай ракетай
У шпіталях Марыюпаля знаходзяцца 128 чалавек, якія пацярпелі падчас абстрэлу, Пра гэта ноччу 2 сакавіка паведаміў мэр гораду Вадзім Бойчанка.
1 сакавіка расейскія вайскоўцы нанесьлі ракетны ўдар па цэнтры Марыюпаля, а таксама абстралялі жылыя кварталы. У Кіраўскім раёне Марыюпаля армія РФ нанесла ўдары ракетай «Точка У» з касэтнай баявой часткай, прызначанай для зьнішчэньня жывой сілы.
«Пуцін памыліўся», — Байдэн выступіў са зварокам да Кангрэсу ЗША, які вітаў Украіну стоячы
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн абвінаваціў кіраўніка Расеі Ўладзіміра Пуціна ў недаацэнцы рэакцыі Захаду на яго нічым не справакаванае ўварваньне ва Ўкраіну.