Як адзначае «Прессбол», у сваім рашэньні Выканаўчая рада МАК заклікала ўсе міжнародныя спартовыя фэдэрацыі адкласьці або скасаваць спартовыя падзеі, заплянаваныя ў Расеі ці ў Беларусі.
Фэдэрацыі павінны ўлічваць парушэньне алімпійскага перамірʼя ўрадамі Расеі і Беларусі і зьвярнуць увагу на бясьпеку спартоўцаў. Сам МАК не плянуе ніякіх падзеяў ні ў Расеі, ні ў Беларусі.
Акрамя таго, выканкам МАК заклікае не вывешваць дзяржаўныя сьцягі Расеі і Беларусі і не выконваць расейскія або беларускія гімны на тых міжнародных спартовых спаборніцтвах, дзе яшчэ не ўвайшлі ў сілу адпаведныя санкцыі Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) супраць Расеі.
У той жа час Выканаўчая рада МАК выказвае поўную падтрымку Міжнароднаму паралімпійскаму камітэту ў сувязі з будучымі зімовымі Паралімпійскімі гульнямі ў Пэкіне ў 2022 годзе.