Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія вайскоўцы ядуць на баявых пазыцыях на ваенным аэрадроме ў Васількове (Кіеўская вобласьць). 26 лютага тут спынілі наступ расейскага войска
Украінскія вайскоўцы ядуць на баявых пазыцыях на ваенным аэрадроме ў Васількове (Кіеўская вобласьць). 26 лютага тут спынілі наступ расейскага войска

Абстрэлы Кіева, Харкава і іншых гарадоў. Звыш 150 тысяч уцекачоў. Хроніка расейскай агрэсіі супраць Украіны 26 лютага

абноўлена

З раніцы 24 лютага Расея вядзе атаку на Ўкраіну. 25 лютага пачаліся абстрэлы Кіева з ракет і авіянапад, баі за Мелітопаль і Харкаў. Свабода сочыць за падзеямі ў жывым рэжыме.

  • У Кіеве і шэрагу буйных гарадоў адбыліся вулічныя баі
  • Расея працягвае абстрэльваць цывільныя будынкі. У Кіеве ракета пацэліла ў шматпавярховы дом
  • Пасьля расейскага абстрэлу пад Кіевам гарыць нафтабаза
  • Кіеў: 198 цывільных сталі ахвярамі першых двух дзён расейскай вайны супраць Украіны
  • Паводле ААН, ужо больш за 150 тысяч чалавек выехалі з Украіны ў суседнія краіны. На мяжы вялікія чэргі.
  • Рашэньне аб адключэньні Расеі ад сусьветнай плацежнай сыстэмы SWIFT маюць прыняць цягам некалькіх дзён. Эўразьвяз таксама абмяркоўвае магчымасьць адключыць ад SWIFT Беларусь
  • Прэзыдэнт ЗША Байдэн заявіў, што альтэрнатывай санкцыям супраць Расеі была б «трэцяя сусьветная вайна»
  • Памежная служба Ўкраіны абвінаваціла Беларусь у вядзеньні вайны разам з Расеяй
  • Лукашэнка пасьля некалькі дзён маўчаньня загаварыў пра мірныя перамовы
  • Адбылася тэлефонная размова паміж Лукашэнкам і прэзыдэнтам Францыі Макронам. Макрона заявіў, што Беларусь павінна адмовіцца быць васалам Расеі і саўдзельніцай вайны супраць Украіны
  • Францыя затрымала ў праліве Ля-Манш расейскі карабель
  • Латвія, Літва, Эстонія, Чэхія, Польшча, Румынія і Баўгарыя закрываюць паветраную прастору для расейскіх самалётаў
11:30 26.2.2022

Кіеўскае мэтро спыніла пасажырскія перавозкі і перайшло ў рэжым сховішча

«Мэтро перайшло ў рэжым сховішча. Транспартныя перавозкі зьдзяйсьняцца ня будуць», – паведаміў мэр Кіева Віталь Клічко.

11:33 26.2.2022

Польшча прыняла 47,5 тысячы ўцекачоў з Украіны

Польшча працягвае актыўна прымаць уцекачоў з Украіны. За 25 лютага польскія памежнікі прынялі 47,5 тысячы асобаў. Ва ўсіх пунктах пропуску дазволены пешы пераход мяжы, чаго раней не было. Для перасячэньня мяжы ўкраінскім грамадзянам патрабуецца толькі пашпарт ці іншы дакумэнт, які сьведчыць асобу.

З 6:00 25 лютага па 6:00 26 лютага ў Беларусь з украінскай тэрыторыі ўехала 111 грамадзян Беларусі, 12 — Украіны і 22 — іншых дзяржаў, паведаміў Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі.

11:34 26.2.2022

У Кіеве зноў гучыць сырэна паветранай трывогі


Людзі хаваюцца, калі гучыць сырэна паветранага налёту каля жылога дома, пашкоджанага нядаўнім абстрэлам у Кіеве. Кіеў застаецца пад пагрозай сухапутнага ўварваньня расейскага войска.

Кіеў, 26 лютага
Кіеў, 26 лютага

11:42 26.2.2022

За апошнія суткі расейскія вайскоўцы пашкодзілі ня менш за 40 цывільных аб’ектаў

«Размовы Пуціна пра тое, што ён не вядзе вайну супраць мірнага насельніцтва і што ўкраінцы нібыта прыкрываюцца жывым шчытом з жанчын і дзяцей, — гэта абсалютны фэйк. Расейцы ракетамі абстрэльваюць цывільныя будынкі ў Кіеве, сталіцы Ўкраіны. Больш за тое, за апошнія суткі расейскімі вайскоўцамі было пашкоджана ня менш за 40 абʼектаў грамадзянскай інфраструктуры», — заявіў у відэазвароце 26 лютага прэс-сакратар міністра ўнутраных спраў Украіны Вадзім Дзенісенка.

11:44 26.2.2022

Памежны камітэт: за дзень з Украіны ў Беларусь уехалі 145 чалавек

«З 6:00 25 лютага па 6:00 26 лютага ў Беларусь з украінскай тэрыторыі ўехалі 111 грамадзян Беларусі, 12 – Украіны і 22 – іншых дзяржаваў», – паведамляе Памежны камітэт Беларусі.

За мінулыя суткі з украінскай тэрыторыі ўехалі 262 грамадзяніны Беларусі, 44 – Украіны і 92 грамадзяніны іншых дзяржаў.

11:46 26.2.2022

Каля 50 беларускіх добраахвотнікаў абараняюць Кіеў

Вядомы беларускі журналіст Сяргей Пеляса арганізаваў збор сродкаў для беларускіх добраахвотнікаў, якія запісаліся ў атрады тэрытарыяльнай абароны Кіева. Некаторыя зь іх раней ваявалі за Ўкраіну на Данбасе. На гэты момант сабрана 31% неабходнай сумы.

12:01 26.2.2022

Жылыя будынкі ў Кіеве пасьля расейскага ракетнага нападу

Кіеў, 26 лютага
Кіеў, 26 лютага

12:06 26.2.2022

Што робіць Лукашэнка ў той час, калі Расея трэці дзень атакуе Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі?

26 лютага, калі ў Кіеве ў жылы дом патрапіла ракета, Лукашэнка раздае дзяржаўныя ўзнагароды спартовым трэнэрам, службоўцам, работнікам сфэры адукацыі і глядзіць выступы спартоўцаў.

12:08 26.2.2022

Ракета трапіла ў шматпавярховы жылы дом Кіева. ВІДЭА

12:17 26.2.2022

Пратэст у Японіі супраць расейскай агрэсіі ва Ўкраіне

Токіё, 26 лютага
Токіё, 26 лютага

12:27 26.2.2022

Зьявілася відэа, як расейская ракета пацэліла ў жылы дом у Кіеве

Відэазапіс апублікавала Нацыянальная паліцыя Ўкраіны.

12:29 26.2.2022

Новыя зьвесткі пра ахвяраў расейскай вайны супраць Украіны

«Паводле апэратыўных зьвестак, за апошнія двое сутак Расея забіла ва Ўкраіне 198 чалавек, у тым ліку 3 дзяцей. 1 115 параненых, у тым ліку 33 дзіцяці», — паведаміў міністар здароўя Ўкраіны Віктар Ляшко.

12:39 26.2.2022

МУС Украіны: расейская дывэрсійна-выведніцкая група спрабуе высадзіцца на левым беразе Кіева

Расейская дывэрсійна-выведніцкая група пастаянна працуе і спрабуе прызямліцца на левым беразе Кіева, паведамілі ў МУС са спасылкай на дадзеныя Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны.

«Украінскія вайскоўцы і праваахоўнікі кантралююць усе масты, якія злучаюць левы і правы берагі і будуць адкрываць агонь на паражэньне па тых, хто паспрабуе перайсьці масты ў кірунку правага берага», — адзначылі праваахоўнікі.

Міністэрства ўнутраных спраў Украіны заклікала кіяўлян трымацца ў бясьпечных месцах і не спрабаваць перайсьці Дняпро ў кірунку правага берага.

12:48 26.2.2022

Урад Украіны зьвярнуўся да Чырвонага Крыжа, каб вывезьлі забітых расейцаў


«Мы просім, каб Міжнародны Чырвоны Крыж дапамог вывезьці целы расейскіх салдат у Расейскую Фэдэрацыю. Гэта тысячы целаў акупантаў. Гэта гуманітарная патрэба. У Расеі павінны ведаць, колькі такіх целаў ляжыць на ўкраінскай зямлі», – заявіла віцэ-прэм’ер-міністарка Ўкраіны Ірына Верашчук.

12:50 26.2.2022

Станіцу Луганскую акупавалі расейскія войскі

Гэтую інфармацыю паведаміў кіраўнік Луганскай абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай. «На жаль, часова акупаваныя расейцамі Станіца Луганская, Крымскае, Маркаўка», — напісаў ён у Фэйсбуку.

Станіца Луганская стаіць на лініі фронту з так званай «ЛНР».

12:55 26.2.2022

У Маскве за адмову зьняць з вакна плякат з надпісам «„​Не“ — ​ вайне» затрымалі мужчыну

У Маскве затрымалі жыхара Дарагамілава Дзьмітрыя Галубоўскага з прычыны таго, што ён адмовіўся на просьбу ўчастковага зьняць з вакна плякат са сьцягам Украіны і надпісам на ім «„​Не“ — вайне», паведамляе «ОВД-Инфо». Цяпер мужчына знаходзіцца ў аддзеле паліцыі «Дарагамілава», яму ставяць у віну артыкул аб парушэньні парадку правядзеньня акцыі (ч. 5 арт. 20.2 КаАП).

13:19 26.2.2022

«Мы выстаялі і пасьпяхова адбілі варожыя атакі», — Зяленскі выступіў зь відэазваротам

«Мы выстаялі і пасьпяхова адбілі варожыя атакі. Баі працягваюцца. У многіх гарадах і раёнах нашай дзяржавы. Але мы ведаем, што абараняем: краіну, зямлю, будучыню дзяцей. Кіеў і ключавыя гарады вакол сталіцы знаходзяцца пад кантролем нашай арміі. Акупанты хацелі заблякаваць цэнтар нашай дзяржавы і паставіць тут сваіх марыянэтак, як у Данецку. Мы парушылі іхны плян», — заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

13:26 26.2.2022

МУС Беларусі: унутраныя войскі ня будуць ваяваць ва Ўкраіне

Намесьнік камандуючага ўнутранымі войскамі Беларусі Хазалбек Атабекаў запэўнівае, што ўнутраныя войскі не адправяцца ва Ўкраіну.

13:30 26.2.2022

Парады тым, хто знаходзіцца ў Кіеве і іншых гарадах, дзе ідзе вайна

Прафэсіяналы ў галіне бясьпекі раяць цывільным жыхарам не перамяшчацца па горадзе і знайсьці сховішча.

  • Прааналізаваўшы маршруты эвакуацыі наземным транспартам з Кіева ў Заходнюю Ўкраіну, экспэрты прыйшлі да высновы, што гэта цяпер надзвычай небясьпечна. Бо большасьць дарог з Кіева перакрытыя, непраходныя або занятыя вайскоўцамі.
  • Экспэрты мяркуюць, што расейскія вайскоўцы спрабуюць захапіць ЦЭЦ-6 у паўночным раёне Траешчыны (раён у Кіеве на левым беразе Дняпра), спрабуючы адключыць Кіеў ад электрычнасьці. Таму раяць быць гатовымі да адключэньня электраэнэргіі і трымаць электронныя прылады цалкам зараджанымі.
  • Калі вы апынуліся паблізу ад ваенных дзеяньняў і ня можаце бясьпечна пакінуць гэты раён, трэба заставацца ў памяшканьні, трымацца далей ад вокнаў і чакаць, калі сытуацыя дазволіць вам бясьпечна сысьці.
  • Калі вы заўважылі, што ўкраінскія вайскоўцы ўладкоўваюць абарончыя пазыцыі побач з вашым домам, трэба як мага хутчэй перамясьціцца далей ад такіх пазыцый.
  • Экспэрты раяць уважліва сачыць за разгортваньнем падзеяў, слухаць паведамленьні ўладаў аб грамадзкай бясьпецы і выконваць патрабаваньні надзвычайнага становішча, уведзеныя ў вобласьці.
13:31 26.2.2022

Эстонія таксама закрывае паветраную прастору для расейскіх авіякампаній

«Эстонія далучаецца да польскай ініцыятывы і забараняе ўсім расейскім авіякампаніям выкарыстоўваць нашу паветраную прастору», – заявіў прэс-сакратар міністра эканомікі і інфраструктуры Тааві Аас.

Раней да польскай ініцыятывы далучыліся Чэхія і Баўгарыя.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG