Facebook зрабіў крокі супраць Расеі ў адказ на расейскую агрэсію ва Ўкраіне
Расейскім дзяржаўным СМІ цяпер забаронена разьмяшчаць рэкляму або манэтызаваць фэйсбук «у любым пункце сьвету». Пра гэта паведаміў кіраўнік аддзела палітыкі бясьпекі Facebook Натаніэл Глейчар.
У Кіеве з прычыны баёў на праспэкце Перамогі закрылі адну з трох ліній мэтро
Чырвоная лінія мэтро Кіева 26 лютага працаваць ня будзе. Як перадае УНІАН, такую аб'яву даюць на станцыі «Політэхнічны інстытут»:
«У сувязі з баямі на праспэкце Перамогі чырвоная лінія працаваць сёньня не будзе. Усе станцыі галіны загермэтызаваныя».
Украінскае войска адстаяла горад Васількоў Кіеўскай вобласьці
Мэр горада Натальля Баласіновіч у эфіры тэлеканалу «1+1» заявіла, што штурм расейскімі вайскоўцамі Васількова Кіеўскай вобласьці, які доўжыўся ўсю ноч, скончыўся перамогай Ўзброеных сіл Украіны.
«Страшней за ўсё было на вуліцы Дзекабрыстаў, там ішлі баі, вуліца палала. Яны (расейскія дэсантнікі) марылі захапіць наш аэрадром, каб разьмясьціць свае баявыя часткі, але наша 40-я брыгада адбіла атаку. Цяпер заканчваюцца баі. Можна сказаць, што ў Васількове ўжо ціха, і наша страшная ноч падышла да свайго канца», – сказала кіраўніца гораду.
Паводле яе слоў, з учарашняга дня ў горадзе быў ракетны абстрэл воінскіх часьцей і аэрадрому, высаджваўся расейскі дэсант.
Своечасова падасьпелі дасланыя з Кіева баявыя машыны, пасьля баёў з параненымі і загіблымі Васількоў абаранілі.
У Харкаве чакаюць дывэрсантаў і рамантуюць пашкоджаную інфраструктуру
Кіраўнік Харкаўскай абласной адміністрацыі Алег Сінягубаў папярэдзіў гараджан, што ў горадзе могуць знаходзіцца расейскія дывэрсійныя групы. Таму, хоць камэнданцкі час скончыўся, выходзіць на вуліцу небясьпечна і лепш заставацца ў сховішчы.
Фіксуюцца выпадкі пашкоджаньняў газаправодаў, электрасетак, вадаправодаў і іншай крытычна важнай інфраструктуры населеных пунктаў вобласьці. Рамонтныя брыгады ўжо пачалі аварыйныя работы.
«Так, абстрэлы працягваюцца, але мы робім усё магчымае, каб у найкарацейшыя тэрміны зьліквідаваць пашкоджаньні», – піша ён.
На Кіеў рухаецца каля 100 адзінак бранятэхнікі расейцаў
На бартах тэхнікі белая літара V, на рукавах салдатаў белы скотч.
Калёну са 100 адзінак бранятэхнікі пабачыў карэспандэнт УНІАН, яна рухаецца ў Кіеў праз Вышгарадзкі раён Кіеўскай вобласьці. Гэты раён прылеглы да Кіева з поўначы.
На бартах расейскай тэхнікі белая літара V, на рукавах салдатаў белы скотч.
Зяленскі: «Зброі мы не складзём і будзем абараняць нашу дзяржаву»
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі назваў фэйкам інфармацыю аб тым, што ён нібыта заклікаў украінскае войска скласьці зброю:
«Я тут. Зброі мы не складзём і будзем абараняць нашу дзяржаву, таму што наша зброя – гэта наша праўда. А наша праўда ў тым, што гэта наша зямля, наша краіна і нашы дзеці. І ўсё гэта мы будзем абараняць», – заявіў Зяленскі ў сваім відэазвароце, запісаным на вуліцы Банкавай, дзе знаходзіцца Офіс прэзыдэнта Ўкраіны.
Больш за 1100 расейскіх дзеячаў культуры і мастацтва падпісалі адкрыты ліст супраць вайны з Украінай
«Мы, мастакі, куратары, архітэктары, крытыкі, мастацтвазнаўцы, арт-мэнэджары – прадстаўнікі культуры і мастацтва Расейскай Федэрацыі – ініцыявалі і падпісваем гэты адкрыты ліст, які лічым недастатковым, але неабходным дзеяньнем на шляху да міру паміж Расеяй і Украінай», – гаворыцца ў заяве.
Таксама падпісанты ліста адзначылі, што сярод жыхароў украінскіх гарадоў, у якіх зараз вядуцца ваенныя дзеяньні, вялікая колькасьць іх сваякоў, сяброў, знаёмых і калег. Яны запатрабавалі спыніць вайну з Украінай – сувэрэннай і незалежнай дзяржавай, якая доўжыцца з 2014 года, і пачаць весьці зь ёй перамовы на паважлівых і раўнапраўных падставах.
Ракетны ўдар па Кіеве
Пакуль невядома, куды ўдарылі расейцы, называецца аэрапорт Жуляны і жылы дом.
Яшчэ адзін дэпутат Дзярждумы патрабуе спыніць вайну ва Ўкраіне
Дэпутат расейскай Дзярждумы ад Кампартыі Міхаіл Мацьвееў заявіў, што вайна ва Ўкраіне павінна быць неадкладна спынена:
«Лічу, што вайна павінна быць неадкладна спынена. Галасуючы за прызнаньне ДНР/ЛНР, я галасаваў за мір, а не за вайну. За тое, каб Расея стала шчытом, каб не бамбавалі Данбас, а не за тое, каб бамбавалі Кіеў», – напісаў Мацьвееў.
Ён ня першы расейскі дэпутат-камуніст, які публічна выступіў супраць вайны. Да гэтага падобную заяву зрабіў Алег Смолін.
Ракета пашкодзіла жылы дом
Ракеты расейскіх захопнікаў трапілі ў жылы дом каля аэрапорта Жуляны. Раней пуцінскія сілы заяўлялі, што атакуюць толькі вайсковыя аб'екты Ўкраіны, каб дамагчыся «дэмілітарызацыі» і «дэнацыфікацыі» Ўкраіны. Але за тры дні вайны яны бамбілі дзясяткі жылых дамоў, лякарняў і дзіцячых садкоў, дзе гінулі і атрымлівалі цяжкія раненьні цывільныя.
Украінцы ўцякаюць ад баявых дзеяньняў
Мінабароны Ўкраіны паведамляе аб расейскіх авіяўдарах у Сумах, Палтаве і Марыюпалі
Па стане на 6-ю раніцы, расейскія войскі працягваюць наступ супраць Украіны, паведамляе Генштаб Узброеных сіл Украіны.
«Вораг пачаў перадысьлякацыю рэзэрвовых падразьдзяленьняў у памежныя з Украінай раёны і працягвае наносіць авіяцыйныя ўдары па аэрадромах, групоўка войскаў УС Украіны на ўсходзе Ўкраіны і ў паўночнай частцы Кіеўскай вобласьці. Ажыцьцёўлены адзіночныя авіяцыйныя ўдары ў раёнах Сумы, Палтава, Марыюпаль. З Чорнага мора вораг зьдзейсьніў пуск крылатых ракет марскога базаваньня „Калібр“ па тэрыторыі Ўкраіны», — паведамляюць вайскоўцы.
Паводле дадзеных Генштабу, тактычная авіяцыя Расеі кіруецца з тэрыторыі Беларусі і акупаванага Крыму. У прыватнасьці, батальёны Ўсходняй вайсковай акругі Расеі разьмешчаны ў раёне беларускага Мазыра.
Узброеныя сілы Ўкраіны прыпынілі наступленьне расейскіх войскаў на Слабажанскім напрамку. Абарончыя баі працягваюцца ў Харкаўскай вобласьці і ў Ахтырцы Сумскай вобласьці.
Мэр Кіева: Сытуацыя складаная. Паранена 36 грамадзян, у тым ліку 2 дзяцей
Мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў, што расейскія войскі спрабуюць прарвацца ў Кіеў з паўночных напрамкаў – Гастомеля і Жытоміра.
«Але там агрэсар зьнішчаны. Цяпер у Кіеве дзейнічаюць дывэрсійныя групы. На жаль, было некалькі сутыкненьняў і перастрэлак», – паведаміў Віталь Клічко ў сваім звароце да кіеўлян.
Клічко папрасіў грамадзян заставацца ў сховішчах, бо «вораг будзе атакаваць з паветра».
Францыя накіравала зброю і тэхніку для дапамогі Ўкраіне
«Новы дзень на дыпляматычным фронце пачаўся з размовы з Эманюэлем Макронам. Да нас паступае зброя і тэхніка ад нашых партнэраў. Антываенная кааліцыя працуе!», — напісаў 26 лютага ў Твітэры прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі.
Мабільныя апэратары 15 краін зрабілі званкі ва Ўкраіну бясплатнымі
Цяпер тэлефанаваць ва Ўкраіну з Канады, Аўстрыі, Нямеччыны, Швэйцарыі, Фінляндыі, Славаччыны, Паўночнай Македоніі, Швэцыі і іншых краін можна бясплатна.
Раней на фоне ўварваньня Расеі ва Ўкраіну Дзяржаўная служба спэцыяльнай сувязі і абароны інфармацыі папярэдзіла аб магчымых перабоях з сувязьзю праз перагрузкі сетак мабільных апэратараў.
МЗС Украіны зьвярнуўся да сьвету: «Спыніце ваенных злачынцаў Расейскай Фэдэрацыі»
Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба патрабуе ад сьвету поўнай ізаляцыі Расеі і яе эканомікі.
«Кіеў — наш цудоўны, мірны горад — перажыў яшчэ адну ноч пад нападам расейскіх наземных сіл ды ракет. Адна зь іх пацэліла ў жылы дом у Кіеве. Я патрабую ад сьвету поўнай ізаляцыі Расейскай Фэдэрацыі. Выганяйце амбасадараў. Нафтавае эмбарга. Зьнішчыце эканоміку Расеі. Спыніце ваенных злачынцаў Расейскай Фэдэрацыі», — напісаў ён у сваім Twitter.
Зяленскі: «Гэта вырашальны момант, каб прыняць рашэньне аб сяброўстве Ўкраіны ў ЭЗ»
«Надышоў вырашальны момант, каб раз і назаўжды закрыць шматгадовую дыскусію і прыняць рашэньне аб сяброўстве Ўкраіны ў Эўразьвяз», – напісаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў Твітары.
Ён таксама паведаміў, што абмеркаваў са старшынём Эўрапейскай Рады Шарлем Мішэлем далейшую дапамогу Ўкраіне ад ЭЗ.
У бамбасховішчах Херсона нарадзіліся двое немаўлят
Пра гэта паведаміў раніцай 26 лютага кіраўнік горада Ігар Калыхаеў.
Над Херсонам лунае ўкраінскі сьцяг, горад працуе і жыве, напісаў Ігар Калыхаеў.
«У 6:30 на лініі выйшлі першыя тралейбусы. Пасьпяваем крыху нават прыбіраць горад. З прадуктамі і хлебам пытаньне вырашаем, сочыце за абнаўленьнем інфармацыі на афіцыйным сайце гарсавету... Учора ў бамбасховішчах Херсона нарадзіліся два здаровыя хлопчыкі. Нашы мэдыкі былі гатовыя і ўсё прайшло пасьпяхова — і для мамаў, і для новых херсонцаў», — напісаў Калыхаеў у фэйсбуку.
Ён таксама падкрэсьліў, што водазабесьпячэньне ў горадзе зьдзяйсьняецца ў звычайным рэжыме.
«Пра „ваду па гадзінах“ — фэйк. Усе аварыі спрабуем ліквідоўваць апэратыўна», — дадаў ён.
Украінская СПА абараніла дамбу
Расейцы спрабавалі пацэліць у дамбу Кіеўскага вадасховішча, што месьціцца на поўнач ад Кіева. Аднак Супрацьпаветраная абарона Ўкраіны справілася і «зьняла» варожую ракету на шляху да важнага інфраструктурнага аб’екта, у выпадку трапленьня ў які маглі б наступіць велізарныя затапленьні і аварыя на Запароскай АЭС.
Сусьветныя знакамітасьці заклікаюць да спыненьня баявых дзеяньняў
Сярод іх акторы Анджэліна Джолі, Джарэд Лета, Пэнэлопа Крус, Арнольд Шварцэнэгер. Яны занепакоеныя сытуацыяй з уцекачамі і лёсам мільёнаў дзяцей.
Пісьменьнік Стывэн Кінг напісаў, што заўсёды трэба заступацца за таго, хто слабейшы, нават калі ёсьць рызыка самому «атрымаць пару разоў».
Сьпявачка Мадона выступіла ў падтрымку Ўкраіны і параўнала Пуціна з Гітлерам
Салідарнасьць з народам Украіны выказалі прынц Гары і ягоная жонка Мэган Маркл.
Экаактывістка Грэта Тунбэрг падзялілася фота зь мітынгу каля амбасады Расеі з плякатам «Мы з Украінай».
Пяціразовы алімпійскі чэмпіён па лыжных гонках Ёханэс Клеба асудзіў баявыя дзеяньні і адмовіўся ехаць у Расею на фінал Кубка сьвету.
Ягоны прыклад паўтарылі іншыя спартоўцы, у тым ліку чатырохразовы чэмпіён сьвету ў гонках «Формула-1» Сэбастыян Фэтэль.
Расейскія атлеты ня вельмі актыўна выказваліся наконт уварваньня ва Ўкраіну. А нападнік «Спартака» Аляксандар Собалеў спачатку напісаў у Інстаграме «„Не“ вайне» з эмодзі ў выглядзе сьцягоў Расеі і Ўкраіны, але празь некалькі гадзін свой пост выдаліў.