Польшча выступіла за паскораны шлях уступленьня Ўкраіны ў Эўразьвяз
Пра гэта заявіў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда.
«Статус кандыдата павінен быць дадзены [Украіне] неадкладна, і адразу пасьля гэтага павінны пачацца перамовы аб сяброўстве. Украіна таксама павінна атрымаць доступ да фондаў ЭЗ для рэканструкцыі. Гэтага Ўкраіна заслугоўвае», — зазначыў Дуда.
Колькасьць уцекачоў з Украіны на гэты момант
Радыё Свабода атрымала ад Упраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў інфармацыю аб колькасьці людзей, вымушаных уцякаць з Украіны праз распачатую Расеяй вайну. Рэгістрацыяй, прыёмам і разьмяшчэньнем прыбылых кіруюць дзяржаўныя ўлады.
- Беларусь, 44
- Латвія, 75
- Малдова, 21 228
- Польшча, каля 100 000
- Румынія, 7000
- Славаччына, 7122
- Вугоршчына, 26 000
...........................
Агулам 115 869
Кіеў: зь Беларусі наступае тэхніка пад чырвона-зялёнымі сьцягамі
Аляксей Арастовіч, дарадца офісу прэзыдэнта Ўкраіны, у этэры тэлеканалу «Настоящее время» сказаў, што ўкраінскія вайскоўцы бачылі на вайсковай тэхніцы, што наступае з боку Беларусі, яе дзяржаўныя чырвона-зялёныя сьцягі.
Арастовіч выказаў думку, што гэта не беларусы, а расейскія вайскоўцы, якія такім чынам падстаўляюць беларусаў.
ЗША паставяць Украіне дадатковую абаронную дапамогу на суму ў $350 млн
«Гэты пакет будзе ўключаць далейшую летальную абарончую дапамогу, каб дапамагчы Ўкраіне даць рады бранятанкавым, паветраным і іншым пагрозам, зь якімі яна цяпер сутыкаецца. Гэта яшчэ адзін выразны сыгнал аб тым, што Злучаныя Штаты падтрымліваюць народ Украіны, які абараняе сваю сувэрэнную, мужную і гордую краіну», — гаворыцца ў заяве дзяржаўнага сакратара ЗША Энтані Блінкена.
Паводле Блінкена, агульны памер дапамогі ЗША Ўкраіне ў галіне бясьпекі за апошні год перавысіў 1 млрд даляраў.
«Укравтодор» заклікаў дэмантаваць дарожныя знакі
Расейскія захопнікі, якія прыбываюць у краіну, не арыентуюцца ў прасторы, што істотна іх дэзарыентуе. Таму дарожныя службы заклікалі паспрыяць таму, каб расейцы заблукалі і ня трапілі на патрэбныя ім адрасы.
Вялікая Брытанія анулявала візы баскетбольнай зборнай Беларусі
Таксама паведамляецца, што ня змогуць трапіць у краіну і іншыя беларускія спартоўцы. Пра гэта напісала міністарка ўнутраных справаў краіны Прыці Патэль.
Рашэньне аб адключэньні Расеі ад сусьветнай платнай сыстэмы SWIFT прымуць цягам некалькіх дзён
Пра гэта Reuters паведаміў кіраўнік цэнтральнага банку адной з краін эўразоны, які папрасіў не называць яго імя. «SWIFT — гэта толькі пытаньне часу, вельмі кароткі час, дні», — сказаў ён.
Ганаровы консул Беларусі ў Львове склаў паўнамоцтвы на знак пратэсту супраць падтрымкі Беларусі агрэсіі Расеі ва Ўкраіну
«З учорашняга дня ў адпаведных абставінах я склаў зь сябе свае паўнамоцтвы», — сказаў Свабодзе Ігар Драцяк.
Адміністрацыя пацьвердзіла гібель 7-гадовай дзяўчынкі ў Сумскай вобласьці
Вядома, што дзяўчынку звалі Аліса, ёй было 7 гадоў. Яна загінула ад раненьняў, якія атрымала ў выніку трапленьня расейскага снарада ў дзіцячы садок у горадзе Ахтырка Сумскай вобласьці Ўкраіны. Дзіця адвезьлі ў лякарню, але там Аліса памерла.
Абласная пракуратура Сумскай вобласьці пачала дасудовае сьледзтва па ч. 2 арт. 438 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (парушэньне законаў і звычаяў вайны).
Беларусы нясуць кветкі да амбасады Ўкраіны ў Менску. ФОТА
СБУ: у Данецку плянуюць падарваць ёмістасьці з хімікатамі
Служба бясьпекі Ўкраіны заяўляе са спасылкай на апэратыўныя выведныя зьвесткі аб рыхтаваньні правакацыі на тэрыторыі акупаванага Данецку.
«Там акупанты раздаюць процігазы мясцовым баевікам і расейскім вайскоўцам. Ёсьць імавернасьць правакацыі — падрыву прамысловых ёмістасьцяў зь хімічнымі рэчывамі», — адзначае СБУ ў заяве.
Паводле інфармацыі СБУ, у гэтай дывэрсіі супраць цывільнага насельніцтва плянуюць абвінаваціць украінскіх вайскоўцаў.
«Мы заяўляем, што, адрозна ад расейскіх акупантаў, Украіна ня дзейнічае такімі мэтадамі. Заклікаем нашых грамадзян на часова акупаванай тэрыторыі быць пільнымі!»
Лукашэнка загаварыў пра мірныя перамовы
Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая даць пляцоўку і забясьпечыць правядзеньне мірных перамоваў аб урэгуляваньні сытуацыі ва Ўкраіне.
«Вось сёньня няхай прыяжджаюць. Поўнасьцю забясьпечым і дапаможам у гэтым пляне, каб перадухіліць вайну і мясарубку», — цытуе Лукашэнку БелТА.
Нагадаем, што агонь расейскіх войскаў па аб’ектах ва Ўкраіне, а таксама рух калёнаў захопнікаў ва Ўкраіну вядзецца ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі.
Улады Ўкраіны абвінавацілі Беларусь у сумесным за Расеяй вядзеньні вайны супраць іх.
МУС Украіны: толькі ў Кіеве выдалі больш як 25 тысяч аўтаматаў
Міністар унутраных справаў Дзяніс Манастырскі заявіў, што толькі ў Кіеве жыхары атрымалі больш за 25 тысяч аўтаматаў і каля 10 мільёнаў патронаў, а таксама РПГ.
«Кіеў адназначна будзе абараняцца. Абараняцца і змагацца да апошняга. Я хачу адзначыць высокую самаарганізаванасьць нашых людзей. Я ганаруся, калі бачу, як яны бароняць свае гарады, мястэчкі, вуліцы і дамы. Самаарганізоўваюцца, каб не было марадэраў і крадзяжоў, бо паліцыя цяпер займаецца супрацьдзеяньнем дывэрсійным групам», — заявіў міністар.
«Мы забясьпечваем разам з вайскоўцамі надзейны тыл», — дадаў ён.
Парлямэнт Украіны патрабуе выключыць Расею з складу Рады бясьпекі ААН
Кіраўнік Вярхоўнай Рады Ўкраіны Руслан Стэфанчук выступіў з заявай ад імя ўсіх парлямэнцкіх фракцыяў Украіны з заклікам асудзіць і пакараць Расею як тэрарыстычную дзяржаву.
Зварот распаўсюдзіла дэпутатка Ірына Герашчанка.
«Апошнія дзеяньні Расейскай Фэдэрацыі, якая працягвае поўнамаштабную вайну супраць сувэрэннай Украіны, можна расцаніць толькі як міжнародны тэрарызм, — заявіў Стэфанчук. — Мірная і міралюбная, дэмакратычная, эўрапейская Ўкраіна сёньня трымае абарону ад самай жорсткай арміі ў сьвеце. Дзеяньні Расеі — гэта злачынствы супраць міру і чалавечнасьці, яны зьяўляюцца ваеннымі злачынствамі».
«Мы заклікаем выключыць Расею з Рады бясьпекі ААН. Краіна-тэрарыст ня мае права там знаходзіцца і разбураць асновы ўсясьветнай бясьпекі».
У Чарнігаве гарыць жылы дом на вуліцы Бялова
Памежная служба Ўкраіны абвінаваціла Беларусь у вядзеньні вайны разам з Расеяй: «Будзьце вы праклятыя»
Старшыня Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Сяргей Дэйнэка накіраваў ліст кіраўніку Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі.
«Рэспубліка Беларусь разам з Расейскай Фэдэрацыяй вядзе вайну супраць Украіны, ігнаруючы палажэньні міжнароднага права, элемэнтарныя нормы людзкой маралі і каштоўнасьць жыцьця. Зь першых дзён крывавага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну Беларусь актыўна падтрымлівае краіну-агрэсара. Калёны тэхнікі атакавалі не толькі з Расеі, але і з краіны, якая ператварылася на сатэліта Расеі. Да гэтага дадаецца выкарыстаньне баявой авіяцыі, артылерыі, балістычных ракет і іншых сродкаў з тэрыторыі Беларусі», — заявіў Сяргей Дэйнэка ў лісьце, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.
«Я таксама магу дадаць — вы ня вартыя называць сябе памежнікамі», — сказаў ён.
«Мы пераможам! — напісаў Сяргей Дэйнэка і дадаў па-расейску: — Будьте вы прокляты, твари! С презрением!».
Францыя затрымала ў праліве Ля-Манш расейскі карабель
Францускія ВМС затрымалі ў праліве Ля-Манш расейскі грузавы карабель, які накіроўваўся ў Санкт-Пецярбург.
Улады Францыі паведамілі, што гэта 127-мэтровы карабель Baltic Leader, які перавозіў аўтамабілі. Вадаплаў перанакіравалі ў порт Булёнь-сюр-Мэр.
Рашэньне затрымаць карабель прынялі на запыт францускага ўраду. Там мяркуюць, што ён можа належаць кампаніі, якая трапіла пад санкцыі Захаду.
Расейскае агенцтва «РИА Новости» паведамляе, што расейская амбасада ў Францыі запатрабавала тлумачэньняў у сувязі з затрыманьнем вадаплаву.
У буйных гарадах Украіны ідуць вулічныя баі
У Кіеве, Харкаве, Запарожжы, Сумах ідуць вулічныя баі, аддзелы самаабароны пры дапамозе мясцовых жыхароў затрымліваюць дывэрсантаў.
Як паведамляюць мясцовыя ўлады, найчасьцей іх затрымліваюць пры спробе нанесьці асаблівыя пазнакі-арыентыры. Кіеўская гарадзкая адміністрацыя паведаміла, што такіх балістычных арыентыраў шмат.
«А сёньня кіяўляне зьнялі, як пазначаюць газавыя трубы на шматкватэрных дамах. Будзьце пільныя! Як толькі гэта пабачыце, неадкладна зьвяртайцеся ў паліцыю!», — паведамілі ўлады.
У большасьці гарадоў, дзе ідуць баі, улады пераносяць пачатак камэнданцкай гадзіны на ранейшы час, дзе з 17.00, а дзе з 18.00. «Усе цывільныя асобы, якія будуць на вуліцы ў камэнданцкую гадзіну, будуць лічыцца ўдзельнікамі дывэрсійна-выведных групаў ворага», — заявіў мэр Кіева Віталь Клічко.
Палякі ня хочуць гуляць з расейцамі ў футбол
Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда мяркуе, што «няма чаго гуляць з бандытамі».
Польскі футбольны зьвяз афіцыйна зьвярнуўся ў Міжнародную фэдэрацыю футболу з заявай аб тым, што зборная Польшчы адмаўляецца выходзіць на поле ў матчы з расейцамі, які павінен вызначыць удзельніка чэмпіянату сьвету, што пройдзе ў Катары.
Gazeta Wyborcza параўновае Пуціна з Гітлерам і Сталіным
У рэдакцыйным камэнтары польская Gazeta Wyborcza піша, што «ўзброены паход на Кіеў, нягледзячы на калясальную дыспрапорцыю ваеннага патэнцыялу Расеі і Ўкраіны, ня выявіўся для Пуціна прагулкай, як і ня быў прагулкай для Вермахта ў верасьні 1939 года ў Польшчу»:
«Аналёгій між тым, што адбылося больш за 80 гадоў таму, і падзеямі апошніх дзён, безумоўна, больш. Лідэр Крамля, як калісьці Гітлер, не хаваў сваіх агрэсіўных намераў і, падобна фюрэру Трэцяга рэйха, любіць прыбірацца ў пёры абаронцы парадку і «правільных» правоў сваіх суайчыньнікаў, якіх нібыта яны пазбаўлены уладамі ў Кіеве. Захад ужо ведае, што крамлёўскі вар’ят ня спыніцца на ўкраінскай мяжы. Ён падобна свайму ідэалягічнаму папярэдніку Сталіну, захоча аднавіць імпэрыю».