Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія вайскоўцы ядуць на баявых пазыцыях на ваенным аэрадроме ў Васількове (Кіеўская вобласьць). 26 лютага тут спынілі наступ расейскага войска
Украінскія вайскоўцы ядуць на баявых пазыцыях на ваенным аэрадроме ў Васількове (Кіеўская вобласьць). 26 лютага тут спынілі наступ расейскага войска

Абстрэлы Кіева, Харкава і іншых гарадоў. Звыш 150 тысяч уцекачоў. Хроніка расейскай агрэсіі супраць Украіны 26 лютага

абноўлена

З раніцы 24 лютага Расея вядзе атаку на Ўкраіну. 25 лютага пачаліся абстрэлы Кіева з ракет і авіянапад, баі за Мелітопаль і Харкаў. Свабода сочыць за падзеямі ў жывым рэжыме.

  • У Кіеве і шэрагу буйных гарадоў адбыліся вулічныя баі
  • Расея працягвае абстрэльваць цывільныя будынкі. У Кіеве ракета пацэліла ў шматпавярховы дом
  • Пасьля расейскага абстрэлу пад Кіевам гарыць нафтабаза
  • Кіеў: 198 цывільных сталі ахвярамі першых двух дзён расейскай вайны супраць Украіны
  • Паводле ААН, ужо больш за 150 тысяч чалавек выехалі з Украіны ў суседнія краіны. На мяжы вялікія чэргі.
  • Рашэньне аб адключэньні Расеі ад сусьветнай плацежнай сыстэмы SWIFT маюць прыняць цягам некалькіх дзён. Эўразьвяз таксама абмяркоўвае магчымасьць адключыць ад SWIFT Беларусь
  • Прэзыдэнт ЗША Байдэн заявіў, што альтэрнатывай санкцыям супраць Расеі была б «трэцяя сусьветная вайна»
  • Памежная служба Ўкраіны абвінаваціла Беларусь у вядзеньні вайны разам з Расеяй
  • Лукашэнка пасьля некалькі дзён маўчаньня загаварыў пра мірныя перамовы
  • Адбылася тэлефонная размова паміж Лукашэнкам і прэзыдэнтам Францыі Макронам. Макрона заявіў, што Беларусь павінна адмовіцца быць васалам Расеі і саўдзельніцай вайны супраць Украіны
  • Францыя затрымала ў праліве Ля-Манш расейскі карабель
  • Латвія, Літва, Эстонія, Чэхія, Польшча, Румынія і Баўгарыя закрываюць паветраную прастору для расейскіх самалётаў
14:26 26.2.2022

Міністэрства здароўя Польшчы: 120 лякарняў заявілі аб гатоўнасьці дапамагчы параненым украінцам


«Маем каля 70 тысяч месцаў, прызначаных для людзей, якім патрабуецца хірургічная або артапэдычная апэрацыя. Могуць паступіць людзі з апёкамі, якім патрэбная дапамога», парадае PAP словы намесьніка міністра аховы здароўя Польшчы.

13:55 26.2.2022

На месцы бою з расейскімі дывэрсантамі ў Кіеве

Украінскія вайскоўцы і службы хуткага рэагаваньня стаяць ля пашкоджанай машыны ў Кіеве на месцы баёў з расейскімі войскамі пасьля таго, як Расея пачала ваенную апэрацыю супраць Украіны.

Кіеў, 26 лютага
Кіеў, 26 лютага

13:49 26.2.2022

Офіс прэзыдэнта Ўкраіны назваў лічбы стратаў расейскага войска

«Паводле нашых ацэнак, сярод расейскіх вайскоўцаў каля 3 000 чалавек забітымі і параненым. Сярод іх больш як 1000 забітых. 200 палонных», – сказаў дарадца Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч.

Колькасьць забітых украінскіх вайскоўцаў у Генштабе не называюць.

13:41 26.2.2022

«Без дапамогі нікога не пакінем»: Польшча прыняла 100 тысяч чалавек з Украіны

Ад 24 лютага ў краіну ўехалі 100 тысяч чалавек з Украіны, паведамляе Памежная служба Польшчы.

«Учора быў рэкордны дзень, супрацоўнікі Памежнай службы прапусьцілі больш за 47 тысяч чалавек. Усім дапаможам, без дапамогі нікога не пакінем», – сказаў галоўны камэндант Памежнай службы Польшчы.

13:38 26.2.2022

Вайсковы экспэрт: «Дакладных стратаў з абодвух бакоў мы не даведаемся»

Зьяўленьне авіяцыі, ракетнай тэхнікі, высокадакладнай зброі, бесьпілётнікаў унесьлі свае карэктывы і, на думку вайсковага экспэрта Аляксандра Алесіна, нейкай унівэрсальнай формулы для вылічэньня стратаў абодвух бакоў цяпер не існуе.

— Інфармацыя ўвогуле вельмі супярэчлівая. Гэтак прынята ў вайсковай справе — утойваць свае страты і перабольшваць страты праціўніка. Я мяркую, што пакуль страты расейскага боку не такія крытычныя, каб ён спыніў сваю апэрацыю».

13:36 26.2.2022

Банк БелВЭБ папярэдзіў кліентаў пра абмежаваньне апэрацый на картках з-за санкцый

«Дарагія кліенты. Банк БелВЭБ адным з першых банкаў сутыкнуўся з наступствамі санкцый ЭЗ і ЗША. Для вас надзвычай важна застацца сумленнымі з Вамі, спадзяемся на разуменьне з вашага боку», — гаворыцца ў паведамленьні.

13:35 26.2.2022

«Кажуць, што вось цяпер у нас высадзіўся дэсант», — беларускі пісьменьнік, які жыве пад Кіевам

Размова зь беларускім пісьменьнікам Сяргеем Прылуцкім, які жыве ў кіеўскім прадмесьці Буча, непадалёк ад аэрапорта Гастомель, за які 25 лютага ішоў зацяты бой.

— Хвілін 10–15 таму моцна біла артылерыя. Ня ведаю па чым, але знаёмыя сказалі па тэлефоне, што нібыта зноў высадзіўся дэсант у Бучы і атакуе з боку Беларусі. Я падазраю, што гэта фігачаць калёну, якая ідзе ў наш бок…​

13:31 26.2.2022

Эстонія таксама закрывае паветраную прастору для расейскіх авіякампаній

«Эстонія далучаецца да польскай ініцыятывы і забараняе ўсім расейскім авіякампаніям выкарыстоўваць нашу паветраную прастору», – заявіў прэс-сакратар міністра эканомікі і інфраструктуры Тааві Аас.

Раней да польскай ініцыятывы далучыліся Чэхія і Баўгарыя.

13:30 26.2.2022

Парады тым, хто знаходзіцца ў Кіеве і іншых гарадах, дзе ідзе вайна

Прафэсіяналы ў галіне бясьпекі раяць цывільным жыхарам не перамяшчацца па горадзе і знайсьці сховішча.

  • Прааналізаваўшы маршруты эвакуацыі наземным транспартам з Кіева ў Заходнюю Ўкраіну, экспэрты прыйшлі да высновы, што гэта цяпер надзвычай небясьпечна. Бо большасьць дарог з Кіева перакрытыя, непраходныя або занятыя вайскоўцамі.
  • Экспэрты мяркуюць, што расейскія вайскоўцы спрабуюць захапіць ЦЭЦ-6 у паўночным раёне Траешчыны (раён у Кіеве на левым беразе Дняпра), спрабуючы адключыць Кіеў ад электрычнасьці. Таму раяць быць гатовымі да адключэньня электраэнэргіі і трымаць электронныя прылады цалкам зараджанымі.
  • Калі вы апынуліся паблізу ад ваенных дзеяньняў і ня можаце бясьпечна пакінуць гэты раён, трэба заставацца ў памяшканьні, трымацца далей ад вокнаў і чакаць, калі сытуацыя дазволіць вам бясьпечна сысьці.
  • Калі вы заўважылі, што ўкраінскія вайскоўцы ўладкоўваюць абарончыя пазыцыі побач з вашым домам, трэба як мага хутчэй перамясьціцца далей ад такіх пазыцый.
  • Экспэрты раяць уважліва сачыць за разгортваньнем падзеяў, слухаць паведамленьні ўладаў аб грамадзкай бясьпецы і выконваць патрабаваньні надзвычайнага становішча, уведзеныя ў вобласьці.
13:26 26.2.2022

МУС Беларусі: унутраныя войскі ня будуць ваяваць ва Ўкраіне

Намесьнік камандуючага ўнутранымі войскамі Беларусі Хазалбек Атабекаў запэўнівае, што ўнутраныя войскі не адправяцца ва Ўкраіну.

13:19 26.2.2022

«Мы выстаялі і пасьпяхова адбілі варожыя атакі», — Зяленскі выступіў зь відэазваротам

«Мы выстаялі і пасьпяхова адбілі варожыя атакі. Баі працягваюцца. У многіх гарадах і раёнах нашай дзяржавы. Але мы ведаем, што абараняем: краіну, зямлю, будучыню дзяцей. Кіеў і ключавыя гарады вакол сталіцы знаходзяцца пад кантролем нашай арміі. Акупанты хацелі заблякаваць цэнтар нашай дзяржавы і паставіць тут сваіх марыянэтак, як у Данецку. Мы парушылі іхны плян», — заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

12:55 26.2.2022

У Маскве за адмову зьняць з вакна плякат з надпісам «„​Не“ — ​ вайне» затрымалі мужчыну

У Маскве затрымалі жыхара Дарагамілава Дзьмітрыя Галубоўскага з прычыны таго, што ён адмовіўся на просьбу ўчастковага зьняць з вакна плякат са сьцягам Украіны і надпісам на ім «„​Не“ — вайне», паведамляе «ОВД-Инфо». Цяпер мужчына знаходзіцца ў аддзеле паліцыі «Дарагамілава», яму ставяць у віну артыкул аб парушэньні парадку правядзеньня акцыі (ч. 5 арт. 20.2 КаАП).

12:50 26.2.2022

Станіцу Луганскую акупавалі расейскія войскі

Гэтую інфармацыю паведаміў кіраўнік Луганскай абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай. «На жаль, часова акупаваныя расейцамі Станіца Луганская, Крымскае, Маркаўка», — напісаў ён у Фэйсбуку.

Станіца Луганская стаіць на лініі фронту з так званай «ЛНР».

12:48 26.2.2022

Урад Украіны зьвярнуўся да Чырвонага Крыжа, каб вывезьлі забітых расейцаў


«Мы просім, каб Міжнародны Чырвоны Крыж дапамог вывезьці целы расейскіх салдат у Расейскую Фэдэрацыю. Гэта тысячы целаў акупантаў. Гэта гуманітарная патрэба. У Расеі павінны ведаць, колькі такіх целаў ляжыць на ўкраінскай зямлі», – заявіла віцэ-прэм’ер-міністарка Ўкраіны Ірына Верашчук.

12:39 26.2.2022

МУС Украіны: расейская дывэрсійна-выведніцкая група спрабуе высадзіцца на левым беразе Кіева

Расейская дывэрсійна-выведніцкая група пастаянна працуе і спрабуе прызямліцца на левым беразе Кіева, паведамілі ў МУС са спасылкай на дадзеныя Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны.

«Украінскія вайскоўцы і праваахоўнікі кантралююць усе масты, якія злучаюць левы і правы берагі і будуць адкрываць агонь на паражэньне па тых, хто паспрабуе перайсьці масты ў кірунку правага берага», — адзначылі праваахоўнікі.

Міністэрства ўнутраных спраў Украіны заклікала кіяўлян трымацца ў бясьпечных месцах і не спрабаваць перайсьці Дняпро ў кірунку правага берага.

12:29 26.2.2022

Новыя зьвесткі пра ахвяраў расейскай вайны супраць Украіны

«Паводле апэратыўных зьвестак, за апошнія двое сутак Расея забіла ва Ўкраіне 198 чалавек, у тым ліку 3 дзяцей. 1 115 параненых, у тым ліку 33 дзіцяці», — паведаміў міністар здароўя Ўкраіны Віктар Ляшко.

12:27 26.2.2022

Зьявілася відэа, як расейская ракета пацэліла ў жылы дом у Кіеве

Відэазапіс апублікавала Нацыянальная паліцыя Ўкраіны.

12:17 26.2.2022

Пратэст у Японіі супраць расейскай агрэсіі ва Ўкраіне

Токіё, 26 лютага
Токіё, 26 лютага

12:08 26.2.2022

Ракета трапіла ў шматпавярховы жылы дом Кіева. ВІДЭА

12:06 26.2.2022

Што робіць Лукашэнка ў той час, калі Расея трэці дзень атакуе Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі?

26 лютага, калі ў Кіеве ў жылы дом патрапіла ракета, Лукашэнка раздае дзяржаўныя ўзнагароды спартовым трэнэрам, службоўцам, работнікам сфэры адукацыі і глядзіць выступы спартоўцаў.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG