Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія вайскоўцы ядуць на баявых пазыцыях на ваенным аэрадроме ў Васількове (Кіеўская вобласьць). 26 лютага тут спынілі наступ расейскага войска
Украінскія вайскоўцы ядуць на баявых пазыцыях на ваенным аэрадроме ў Васількове (Кіеўская вобласьць). 26 лютага тут спынілі наступ расейскага войска

Абстрэлы Кіева, Харкава і іншых гарадоў. Звыш 150 тысяч уцекачоў. Хроніка расейскай агрэсіі супраць Украіны 26 лютага

абноўлена

З раніцы 24 лютага Расея вядзе атаку на Ўкраіну. 25 лютага пачаліся абстрэлы Кіева з ракет і авіянапад, баі за Мелітопаль і Харкаў. Свабода сочыць за падзеямі ў жывым рэжыме.

  • У Кіеве і шэрагу буйных гарадоў адбыліся вулічныя баі
  • Расея працягвае абстрэльваць цывільныя будынкі. У Кіеве ракета пацэліла ў шматпавярховы дом
  • Пасьля расейскага абстрэлу пад Кіевам гарыць нафтабаза
  • Кіеў: 198 цывільных сталі ахвярамі першых двух дзён расейскай вайны супраць Украіны
  • Паводле ААН, ужо больш за 150 тысяч чалавек выехалі з Украіны ў суседнія краіны. На мяжы вялікія чэргі.
  • Рашэньне аб адключэньні Расеі ад сусьветнай плацежнай сыстэмы SWIFT маюць прыняць цягам некалькіх дзён. Эўразьвяз таксама абмяркоўвае магчымасьць адключыць ад SWIFT Беларусь
  • Прэзыдэнт ЗША Байдэн заявіў, што альтэрнатывай санкцыям супраць Расеі была б «трэцяя сусьветная вайна»
  • Памежная служба Ўкраіны абвінаваціла Беларусь у вядзеньні вайны разам з Расеяй
  • Лукашэнка пасьля некалькі дзён маўчаньня загаварыў пра мірныя перамовы
  • Адбылася тэлефонная размова паміж Лукашэнкам і прэзыдэнтам Францыі Макронам. Макрона заявіў, што Беларусь павінна адмовіцца быць васалам Расеі і саўдзельніцай вайны супраць Украіны
  • Францыя затрымала ў праліве Ля-Манш расейскі карабель
  • Латвія, Літва, Эстонія, Чэхія, Польшча, Румынія і Баўгарыя закрываюць паветраную прастору для расейскіх самалётаў
09:23 26.2.2022

Больш за 1100 расейскіх дзеячаў культуры і мастацтва падпісалі адкрыты ліст супраць вайны з Украінай


«Мы, мастакі, куратары, архітэктары, крытыкі, мастацтвазнаўцы, арт-мэнэджары – прадстаўнікі культуры і мастацтва Расейскай Федэрацыі – ініцыявалі і падпісваем гэты адкрыты ліст, які лічым недастатковым, але неабходным дзеяньнем на шляху да міру паміж Расеяй і Украінай», – гаворыцца ў заяве.

Таксама падпісанты ліста адзначылі, што сярод жыхароў украінскіх гарадоў, у якіх зараз вядуцца ваенныя дзеяньні, вялікая колькасьць іх сваякоў, сяброў, знаёмых і калег. Яны запатрабавалі спыніць вайну з Украінай – сувэрэннай і незалежнай дзяржавай, якая доўжыцца з 2014 года, і пачаць весьці зь ёй перамовы на паважлівых і раўнапраўных падставах.

09:06 26.2.2022

Зяленскі: «Зброі мы не складзём і будзем абараняць нашу дзяржаву»

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі назваў фэйкам інфармацыю аб тым, што ён нібыта заклікаў украінскае войска скласьці зброю:

«Я тут. Зброі мы не складзём і будзем абараняць нашу дзяржаву, таму што наша зброя – гэта наша праўда. А наша праўда ў тым, што гэта наша зямля, наша краіна і нашы дзеці. І ўсё гэта мы будзем абараняць», – заявіў Зяленскі ў сваім відэазвароце, запісаным на вуліцы Банкавай, дзе знаходзіцца Офіс прэзыдэнта Ўкраіны.

08:58 26.2.2022

На Кіеў рухаецца каля 100 адзінак бранятэхнікі расейцаў

На бартах тэхнікі белая літара V, на рукавах салдатаў белы скотч.
Калёну са 100 адзінак бранятэхнікі пабачыў карэспандэнт УНІАН, яна рухаецца ў Кіеў праз Вышгарадзкі раён Кіеўскай вобласьці. Гэты раён прылеглы да Кіева з поўначы.

На бартах расейскай тэхнікі белая літара V, на рукавах салдатаў белы скотч.

08:52 26.2.2022

У Харкаве чакаюць дывэрсантаў і рамантуюць пашкоджаную інфраструктуру


Кіраўнік Харкаўскай абласной адміністрацыі Алег Сінягубаў папярэдзіў гараджан, што ў горадзе могуць знаходзіцца расейскія дывэрсійныя групы. Таму, хоць камэнданцкі час скончыўся, выходзіць на вуліцу небясьпечна і лепш заставацца ў сховішчы.

Фіксуюцца выпадкі пашкоджаньняў газаправодаў, электрасетак, вадаправодаў і іншай крытычна важнай інфраструктуры населеных пунктаў вобласьці. Рамонтныя брыгады ўжо пачалі аварыйныя работы.

«Так, абстрэлы працягваюцца, але мы робім усё магчымае, каб у найкарацейшыя тэрміны зьліквідаваць пашкоджаньні», – піша ён.

08:37 26.2.2022

Украінскае войска адстаяла горад Васількоў Кіеўскай вобласьці

Мэр горада Натальля Баласіновіч у эфіры тэлеканалу «1+1» заявіла, што штурм расейскімі вайскоўцамі Васількова Кіеўскай вобласьці, які доўжыўся ўсю ноч, скончыўся перамогай Ўзброеных сіл Украіны.

«Страшней за ўсё было на вуліцы Дзекабрыстаў, там ішлі баі, вуліца палала. Яны (расейскія дэсантнікі) марылі захапіць наш аэрадром, каб разьмясьціць свае баявыя часткі, але наша 40-я брыгада адбіла атаку. Цяпер заканчваюцца баі. Можна сказаць, што ў Васількове ўжо ціха, і наша страшная ноч падышла да свайго канца», – сказала кіраўніца гораду.

Паводле яе слоў, з учарашняга дня ў горадзе быў ракетны абстрэл воінскіх часьцей і аэрадрому, высаджваўся расейскі дэсант.

Своечасова падасьпелі дасланыя з Кіева баявыя машыны, пасьля баёў з параненымі і загіблымі Васількоў абаранілі.

08:25 26.2.2022

У Кіеве з прычыны баёў на праспэкце Перамогі закрылі адну з трох ліній мэтро

Чырвоная лінія мэтро Кіева 26 лютага працаваць ня будзе. Як перадае УНІАН, такую аб'яву даюць на станцыі «Політэхнічны інстытут»:

«У сувязі з баямі на праспэкце Перамогі чырвоная лінія працаваць сёньня не будзе. Усе станцыі галіны загермэтызаваныя».

08:18 26.2.2022

Facebook зрабіў крокі супраць Расеі ў адказ на расейскую агрэсію ва Ўкраіне

Расейскім дзяржаўным СМІ цяпер забаронена разьмяшчаць рэкляму або манэтызаваць фэйсбук «у любым пункце сьвету». Пра гэта паведаміў кіраўнік аддзела палітыкі бясьпекі Facebook Натаніэл Глейчар.

08:12 26.2.2022

Джо Байдэн распарадзіўся неадкладна выдзеліць Украіне 600 мільёнаў даляраў

З іх 350 мільёнаў пойдуць на абарону, а 250 млн Кіеў можа выкарыстаць, як палічыць патрэбным. Пра гэта паведамляе сайт Белага дому.

08:08 26.2.2022

Расейскі бесьпілотнік атакаваў карабель марской аховы Ўкраіны

Як паведамляе Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны, «марскія памежнікі адкрылі агонь па бесьпілотніку, які накіроўваўся да ўзьбярэжжа Ўкраіны. Бесьпілотнік быў зьбіты на падыходзе да Чорнага мора».

07:49 26.2.2022

Армія Ўкраіны паведамляе пра новыя зьбітыя самалёты расейцаў

Генэральны штаб Ўзброеных сіл Украіны паведаміў, што ўкраінскія войскі СПА зьбілі расейскія верталёт і штурмавік Су-25. Быў атакаваны і зьнішчаны ваенна-транспартны самалёт Іл-76 МД. Пад Віньніцай быў збіты расейскі самалёт Су-27.

Ідуць цяжкія баі ў горадзе Васількоў, дзе спрабуе высадзіцца расейскі паветраны дэсант. Актыўныя баі ідуць на вуліцах Кіева.

07:40 26.2.2022

Каля станцыі мэтро «Берасцейская» ў Кіеве зьнішчылі калёну расейскай вайсковай тэхнікі

Пра гэта раніцай 26 лютага паведамілі ў Мінабароны Ўкраіны:

«101-я брыгада зьнішчыла калёну: дзьве машыны, два грузавікі з баявым камплектам, танк. Усё спакойна, усе палеглі», – сказалі яны.

Апоўначы 26 лютага прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі выступіў з чарговым зваротам да народа, у якім заявіў, што сёньняшняя ноч надзвычай важная для лёсу дзяржавы і ўсіх украінцаў.

07:31 26.2.2022

Мікалаеў застаецца пад кантролем украінскіх вайскоўцаў

Пра гэта паведаміў старшыня Мікалаеўскай абласной дзяржадміністрацыі Віталь Кім. «Мікалаеў абараняўся. Супрацьпаветраная абарона адбіла атакі», – сказаў ён. Паводле яго, Узброеныя сілы перашкодзілі высадцы расейскага дэсанту і ў Ачакаве.

07:11 26.2.2022

Канада ўводзіць санкцыі супраць Пуціна і Лукашэнкі за «варварскі напад» на Ўкраіну


Аб гэтым міністарка фінансаў Канады Хрысьця Фрыланд напісала ў Facebook:

«Сёньня мы прымаем дадатковыя захады. Мы накладаем санкцыі на прэзыдэнта Пуціна за ягоны варварскі напад на Ўкраіну. Мы патрабуем неадкладнага выключэньня Расеі з міжнароднай банкаўскай сыстэмы SWIFT.

Мы ўводзім санкцыі супраць беларускіх лідэраў, якія маюць дачыненьне да ўварваньня ў Расею. Слава Ўкраіне!»

07:07 26.2.2022

Стралковы бой чуваць у Пячэрскім раёне Кіева

Пра гэта сьведчаць відэа з камэр назіраньня.

07:01 26.2.2022

Сьпявачка Мадонна выступіла ў падтрымку Ўкраіны і параўнала Пуціна з Гітлерам

«Пуцін парушыў усе дзейныя пагадненьні аб правах чалавека. Пуцін не мае права спрабаваць сьцерці Ўкраіну з твару Зямлі. Мы падтрымліваем вас, прэзыдэнт Зяленскі! Мы молімся за вас і вашу краіну! Дабраславі вас усіх Бог!», – сказала Мадонна ў кліпе.


06:58 26.2.2022

Вялікія чэргі ўцекачоў з Украіны на межах з Польшчай

На мяжы з Польшчай чарга аўтамабіляў ледзь рухаецца, не зьмяншаецца. Пешых людзей становіцца ўсё больш. На пераходзе Кракавець стаіць каля 500 чалавек, людзям на вуліцы холадна.

06:54 26.2.2022

Генштаб Узброеных сіл Украіны пацьвердзіў атрыманьне боепрыпасаў з Польшчы

Украінскае ваеннае камандаваньне распаўсюдзіла заяву міністра абароны Польшчы Марыюша Блашчака.

«Калёна з боепрыпасамі, якія мы перадаем Украіне, ужо прыбыла да нашых суседзяў. Мы падтрымліваем украінцаў, мы салідарныя і рашуча выступаем супраць расейскай агрэсіі», – гаворыцца ў паведамленьні.

Генштаб Украіны падзякаваў народу і ўладам Польшчы за дапамогу і «падтрымку сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Украіны ў яе міжнародна прызнаных межах, уключаючы Крым».

06:48 26.2.2022

Баі ў горадзе Васількове Кіеўскай вобласьці, сярод абаронцаў 200 параненых, ёсьць забітыя

У Васількове ідзе бой на цэнтральнай вуліцы горада імя Дзекабрыстаў – пра гэта паведаміла ў эфіры канала «Рада» мэр гораду Натальля Баласіневіч.

«У нас вельмі жорсткія баі на галоўнай вуліцы горада... Яна цалкам занятая баямі. На шчасьце, зараз ёсьць добрая інфармацыя, якую я не магу агучыць у эфіры. Мы бачым, што нашы Ўзброеныя сілы вельмі згуртаваныя, іх тактыка вельмі прадуманая, ёсьць вялікая дапамога», – сказала яна.

Пры гэтым Баласіневіч адзначыла, што сярод абаронцаў горада ёсьць страты.

«На жаль, 200 параненых, але мы верым у нашых салдат і перакананыя, што і Васількаў, і Кіеў, усе астатнія ўкраінскія гарады, абавязкова выжывуць».

06:44 26.2.2022

Жыхары Сумскай вобласьці расказваюць аб абстрэлах і бомбах

06:42 26.2.2022

Падбітыя расейскія танкі пад Херсонам

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG