Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэтую ўладу я не выбіраў». Расейскі журналіст Юры Дудзь падтрымаў Украіну і раскрытыкаваў палітыку Расеі


Юры Дудзь, ліпень 2021 году
Юры Дудзь, ліпень 2021 году

Вядомы расейскі журналіст і блогер з украінскімі каранямі Юры Дудзь асудзіў палітыку Расеі, назваў Пуціна «імпэратарам», а чыноўнікаў — «сьвітай з ампутаваным меркаваньнем». Адначасна Дудзь выказаў падтрымку Ўкраіне — «радзіме родных і дому сяброў».

Юры Дудзь расказаў у Instagram, як нядаўна ўпершыню наведаў Нарвэгію. Ён адзначыў, як камфортна і ў дабрабыце жывуць на поўначы нарвэсцы, і параіў параўнаць, як жывуць на Камчатцы або ў Запаляр'і расейцы.

«Ёсьць шмат прычын, чаму ў іх — нафта і газ і вось так, а ў нас — нафта і газ і вось так вось. Учора большасьць з гэтых прычын мы зноўку назіралі. Імпэратар, які захапіўся гісторыяй. Сьвіта з ампутаваным меркаваньнем і воляй. Прапагандысцкі эскорт, які так складана і так салодка ўхваляе вайну з цёплых сталічных кватэр.

Ну і рашэньні, якія ўся гэтая тусоўка прымае. Рашэньні — не на тое, каб канвэртаваць прыродныя рэсурсы ў дабрабыт Варонежа, Камчаткі, Нікеля і Запалярнага, а каб багацець самім і даўжэй ва ўпраўленьні гэтых рэсурсаў заставацца», — напісаў Дудзь у сваім Instagram.

Журналіст адзначыў, што піша публічны допіс, каб ягоныя дзеці не асудзілі яго, калі вырастуць і запытаюцца, што бацька рабіў у 2022.

«У мяне будзе пісьмовы доказ: гэтую ўладу я не выбіраў, яе імпэрскі чад я не падтрымліваў», — падкрэсьліў Дудзь.

Ён узгадаў леташняе інтэрвію зь лідэрам пецярбурскага гурту Animal Джаz Аляксандрам Красавіцкім і пытаньне пра стасункі паміж Расеяй і Ўкраінай.

«Ён адказаў: «Бляха. Трагедыя. І пачуцьцё віны [...] Вось гэтыя ўсе зялёныя чалавечкі, вось гэта ўсё ўмяшаньне з боку — гэта бясконцыя пачуцьці майго сораму і віны. З аднаго боку — за тое, што я не магу паўплываць. Зь іншага — за тое, што гэта мая краіна, хоць я быццам бы наўпрост і не адказны за гэтыя рэчы», — пераказаў блогер словы Красавіцкага.

Напрыканцы свайго допісу ён выказаў падтрымку Ўкраіне.

«Я вырас у Расеі, Расея — мая Радзіма. Я зь пяшчотаю і любоўю нашу трыкалёр на перадплеччы. Але Ўкраіне — радзіме родных і дому сяброў — мая максымальная падтрымка ў гэтыя дні. Расеі, Украіне, сьвету — мір», — напісаў Юры Дудзь.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG