Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тут ваявалі кадыраўцы»: хто пахаваны ў магілах, якія Пуцін называе вынікам «генацыду»


Раскопкі брацкага пахаваньня ў сяле Відным
Раскопкі брацкага пахаваньня ў сяле Відным

У Крамлі неаднаразова казалі пра генацыд на Данбасе з боку Кіева і аб неабходнасьці абараніць ад гэтага генацыду грамадзян Расеі ў Данецку і Луганску. Так Расея шукае апраўданьні ўводу рэгулярнага войска на часова акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны.

Каб даказаць так званы «генацыд», расейцы зладзілі рассылку аб масавых пахаваньнях і заходнім журналістам, і ўрадам ЗША і Нямеччыны. Праект Радыё Свабода «Данбас.Рэаліі» высьветліў, што мае на ўвазе Крэмль і хто насамрэч мог справакаваць масавыя ахвяры на Данбасе.

«Як быццам і няма нічога: усяго гэтага жаху, генацыду, які зазнаюць амаль 4 мільёны чалавек. І толькі таму, што гэтыя людзі не пагадзіліся з падтрыманым Захадам пераваротам ва Ўкраіне ў 2014 годзе», — сказаў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін перад тым, як прызнаць групоўкі «ЛДНР» дзяржавамі.

Пуцін неаднаразова гаварыў пра «генацыд» у Луганскай і Данецкай абласьцях
Пуцін неаднаразова гаварыў пра «генацыд» у Луганскай і Данецкай абласьцях

«Па нашых ацэнках, тое, што адбываецца на Данбасе сёньня, — гэта і ёсьць генацыд», — заявіў Пуцін пасьля перамоваў з канцлерам Нямеччыны Оляфам Шольцам 15 лютага ў Маскве. Тады ж ён сказаў, што ва Ўкраіне «масава і сыстэматычна парушаюць правы чалавека, на заканадаўчым узроўні замацоўваюць дыскрымінацыю расейскамоўнага насельніцтва».

Расейскі лідэр раней ужо ўжываў паняцьце «генацыд» у сувязі з Украінай. Напрыклад, у 2015 годзе перабоі з пастаўкам газу ў часова акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны для яго «папахвалі генацыдам».

Больш за год таму на паседжаньні рады па разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці і правах чалавека Пуцін, камэнтуючы сытуацыю на Данбасе, назваў русафобію «першым крокам да генацыду» і дадаў: «Тое, што зараз адбываецца на Данбасе, мы з вам добра бачым, ведаем. І гэта, вядома, вельмі нагадвае генацыд».

Што маюць на ўвазе ў Крамлі

Дык пра які «генацыд» казаў Пуцін? Джуліян Боргер (Julian Borger), рэдактар аддзела міжнародных адносін the Guardian, 21 лютага напісаў у Twitter:

«Амбасада Расеі ў Вашынгтоне адпраўляла журналістам электронныя лісты з укладзенымі файламі, якія меркавана пацьвярджаюць заявы аб масавых пахаваньнях у... частцы Луганску».

За 5 дзён да гэтага ў Сьледчым камітэце РФ паведамілі, што завялі крымінальную справу за «жорсткае абыходжаньне з цывільным насельніцтвам, прымяненьне ва ўзброеным канфлікце сродкаў і мэтадаў, забароненых міжнароднай дамовай (ч. 1 арт. 356 КК РФ)».

У СК удакладнілі, што размова ідзе аб пяці стыхійных пахаваньнях на тэрыторыі часова акупаванай тэрыторыі Ўкраіны: у раёне Сьнежнага, Славянасербску, Першамайску, Віднага-1, Верхнешавыраўкі. Усяго, сьцьвярджаюць у СК, адтуль дасталі парэшткі 295 цывільных асобаў.

Гаворка ідзе, па вэрсіі Расеі, пра тое, што абстрэлы ўкраінскага войска ў 2014 годзе прывялі да гібелі і раненьняў тысяч мірных жыхароў, расейскамоўных груп.

Эксгумацыйная прапаганда

Аб эксгумацыі ў Відным расейцы нават зьнялі прапагандысцкае кіно «Загадана выпаліць». Падзагаловак — «У Данбасе дакумэнтуюць злачынствы ўкраінскай улады». Аўтар відэа — Вольга Курлаева.

Вольга Курлаева запісвае стэндап сярод пахаваньняў
Вольга Курлаева запісвае стэндап сярод пахаваньняў

Відэа апублікавалі на канале «Расея 24» 23 кастрычніка 2021 году. У ім некалькі разоў ужываюць слова «генацыд». У кадры вялікая яма і людзі ў камуфляжы і ў ахоўных белых касьцюмах і рэсьпіратарах. Адны капаюць, іншыя носяць. Іх груз — чалавечыя парэшткі. Расейскія журналісты кажуць, што іх знайшлі 36.

На відэа толькі парэшткі: не відаць ні фрагмэнтаў адзеньня, ні якіх-небудзь іншых прадметаў. Але прапагандысты сьцьвярджаюць адназначна: «Цяпер яшчэ цяжка высьветліць прычыны сьмерці ўсіх гэтых асобаў, пахаваных у стыхійнай брацкай магіле. Але ў адным судмэдэкспэрты ўпэўненыя: гэта ахвяры ўкраінскіх вайскоўцаў».

Потым паказваюць, відаць, экспэрта. Мужчына трымае ў руках фрагмэнт нейкай косткі і мяркуе: «Вось, знутры вылятала — і вонкі. Падобна да кулявога».

Голас за кадрам кажа, што знайшлі парэшткі невядомых жанчын, маладых людзей і старых, яны загінулі летам 2014 году.

Ганна Сарока, удзельніца групоўкі «ЛНР», апавядае, быццам вядома, што такіх пахаваньняў больш за дзесяць. Напрыклад, пад Першамайскам раскапалі 80 целаў. А за два месяцы знайшлі целы 139 людзей. Невядомы ў камуфляжы дадае, што так званае «МДБ» расьсьледуе справу па фактах генацыду.

Да гэтага далучылі апавяданьне жыхаркі Луганску Сьвятланы Канаплёвай, якую нібыта захапілі ў палон «айдараўцы», калі яна ехала з трунамі хаваць памерлых. Канаплёва на камэру гаворыць пасыламі расейскай прапаганды:

«Расказвалі, што яны сюды едуць, таму што... ім рабоў дадуць, ім гектары зямлі дадуць. І рабоў. Самае страшнае, што яны ўвесь час казалі пра гэтых нявольнікаў, як яны будуць там панаваць».

Сьвятлана Канаплёва расказвае пра пахаваньні
Сьвятлана Канаплёва расказвае пра пахаваньні

У фільме гавораць аб параненых і забітых дзецях у Луганску, абвінавачваюць Украіну ў парушэньні «рэжыму цішыні», прадракаюць водную блякаду з боку Ўкраіны. Затое палонныя байцы ВСУ атрымліваюць у Макееўскім СІЗА чыстую пасьцельную бялізну, зьменнае адзеньне, мэдычную дапамогу і ежу тры разы на дзень. Некалькі разоў ідзе пасыл, што, маўляў, Кіеву патрэбны ня людзі, а тэрыторыя — каб разьмясьціць базы NATO.

Людзі гінулі ад абстрэлаў кадыраўцаў, — жыхарка Луганску

Расейскія кадравыя вайскоўцы масава зайшлі ў Луганск у жніўні 2014 году, пасьля Дня незалежнасьці Ўкраіны — да гэтага ў асноўным там былі расейскія куратары і мясцовыя прыхільнікі «русского мира», успамінае Аксана, якая жыла ў той час у акупаваным горадзе.

Зь ейных словаў, у Відным разьмяшчаліся гібрыдныя сілы Расеі, але ў пасёлку не было ні масавых забойстваў, ні выкраданьняў жыхароў. Інакш, кажа жанчына, пра гэта ўсё б ведалі. Але адкуль жа ўзяліся парэшткі? Украінскія вайскоўцы, перакананая Аксана, не маглі забіць людзей: яны разьмяшчаліся ў аэрапорце, выходзілі па начах, калі мясцовыя жыхары прыносілі ім ежу.

«Ужо ў пачатку чэрвеня былі зьвесткі, што ў Відным марадэрствуюць сэпаратысты. У дзясятых днях ліпеня ў нас пачаліся масавыя абстрэлы. Першы быў абстрэл Малой Вяргункі (частка Луганску. — РС): яе абстралялі з Луганску.

У нас у Луганску кожны дзень гінула ад 20 да 70 чалавек. Людзі яшчэ не разумелі, што рабіць. Калі пачыналі страляць, яны проста беглі. У мяне дзяўчына-сяброўка, я зь ёй у той дзень увечары сустрэлася, ёй расказаў аднагрупнік: бяжыць мне насустрач мужчына, і яму зьнесла паўгалавы. Людзі не маглі зарыентавацца, таму было шмат трупаў», — дзеліцца Аксана.

Баявік гібрыдных сілаў Расеі ў Луганскай вобласьці
Баявік гібрыдных сілаў Расеі ў Луганскай вобласьці

Моцныя абстрэлы, зь яе словаў, зьявіліся пасьля таго, як у пачатку чэрвеня ў Луганску ў будынак інтэрнату машынабудаўнічага інстытута масава засяліліся кадыраўцы. Менавіта яны, сьцьвярджае жанчына, абстрэльвалі тады Луганск. Аксана згадвае адну зь першых трагедый, абстрэл 18 ліпеня 2014 году:

«Там ажыўленае месца, там рынак вялікі, самы вялікі ў нас на „Ўсходзе“ (Кастрычніцкі раён Луганску. — РС), там прыпынкі, там крамачкі, — на гэтай вуліцы ад машынстытуту шмат усяго. І ехала машына ад «машыка», і зь яе стралялі па людзях. Проста ва ўпор людзей расстрэльвалі. І тым часам з таго ж раёну білі па рынку. Толькі на рынку ў гэты дзень загінула каля сарака чалавек. Кожны дзень у нас нехта гінуў. Куды яны падзелі гэтых людзей?! — задаецца пытаньнем жыхарка Луганску.

Ды і хаваць людзей у той час, дзеліцца жанчына, было небясьпечна: часта абстрэльвалі могілкі менавіта падчас пахаваньня.

Куды падзелі трупы? Аксана кажа, што на той момант сьвятла не было, а бяз гэтага немагчыма захоўваць целы ў моргах. Яна прыгадала размову з жанчынай у чарзе па гуманітарку: у той прапала сястра, пасьля доўгіх пошукаў труп знайшлі ў моргу, без адзеньня. У чорным поліэтыленавым мяху.

Жанчына сьцьвярджала: калі б труп не выкупілі, сястру пахавалі б у брацкай магіле. Аксана кажа, што многія людзі тады хваляваліся, маўляў, дзе ж нас будуць хаваць, калі труп ніхто не забярэ, а ў моргу няма сьвятла, — у брацкай магіле?!

Што пра брацкія магілы гавораць баевікі

Вэрсію Аксаны аб тым, што ў брацкіх магілах хавалі ахвяраў абстрэлаў кадыраўцаў ад таго, што не было электрычнасьці і не працавалі моргі, пацьвердзілі і ў групоўцы «ЛНР».

«У ліпені-жніўні 2014 году ў выніку аблогі Луганску кіеўскімі сілавікамі ў горадзе склалася цяжкая сытуацыя: адсутнічала электраэнэргія, у моргу не было месцаў, была і праблема з пахаваньнямі ахвяраў кіеўскай агрэсіі. У сувязі з гэтым вырашылі часова хаваць загінулых за тэрыторыяй абласнога псыханэўралягічнага дыспансэра каля пасёлка Віднае на паўднёвым усходзе Луганску.

Па дадзеных удзельнікаў пахаваньняў і актывістаў пошукавых атрадаў, у брацкай магіле, якая ўяўляе сабой дзьве лініі траншэй, можа быць пахавана да 500 чалавек», — пішуць на сайце «ЛИЦ», падкантрольным групоўцы «ЛНР».

Каля Луганску гараць склады са зброяй, 30 траўня 2014 году
Каля Луганску гараць склады са зброяй, 30 траўня 2014 году

Факт дачыненьня ВСУ да пахаваньняў устанавіць немагчыма, — расьсьледаваньне

У камандзе Truth Hounds, якая маніторыць парушэньні правоў чалавека ў вайне на Данбасе, прааналізавалі інфармацыю аб масавых пахаваньнях 2014 году ў Луганскай вобласьці. Расьсьледнікі адзначаюць:

  • У мэдыя і блогах да нядаўняга часу не было згадак пра масавыя пахаваньні ў вышэйзгаданых лякацыях;
  • Мэтадам эмісійнага спэктральнага аналізу немагчыма дакладна ўстанавіць, належаць целы ахвярам абстрэлаў 2014 года ці былі пахаваныя ў любы час да лета 2016 году;
  • Нельга вызначыць, што парэшткі ў пахаваньнях належаць менавіта цывільным асобам, а ня ўдзельнікам баёў;
  • Няма сьведчаньняў, што гэта ахвяры абстрэлаў менавіта ўкраінскага войска;
  • Незразумела, як СК прыйшоў да высновы, што людзі загінулі ад «невыбіральных абстрэлаў» (страляюць не па канкрэтным вайсковым аб’екце, а па плошчах, калі ваенныя цэлі разьмешчаныя сярод цывільных абʼектаў);
  • Нават калі былі «невыбіральныя абстрэлы», гэта выключае мэтанакіраванае зьнішчэньне расейскамоўных груп, бо ў гэтым выпадку страляюць па ўсіх запар.

«Такім чынам, мы ня можам заключыць факт існаваньня масавых пахаваньняў або факт датычнасьці да іх Узброеных сіл Украіны. Адзіны даступны фактаж аб гэтых пахаваньнях — заявы ў прарасейскіх СМІ і вынікі працы камісій так званых „ЛДНР“.

Няма ніякіх сьведчаньняў мясцовага насельніцтва, ні вываду расьсьледаваньняў міжнародных арганізацый. І тым больш тут няма прыкмет генацыду. Да таго ж, калі названыя масавыя пахаваньні сапраўды выявілі, то застаецца пытаньне аб тым, кім былі пахаваныя там людзі», — падводзяць вынікі расьсьледнікі Truth Hounds.

Паводле інфармацыі ААН, у пэрыяд з 1 па 28 ліпеня ў Луганску загінулі 93 мірныя жыхары і 407 атрымалі раненьні. Але гэтыя лічбы, зазначаюць аўтары дакладу, могуць быць значна большымі. У прыватнасьці, у дакладзе кажуць:

«Акрамя баявых дзеяньняў, узброеныя групы працягвалі чыніць забойствы, выкраданьні, фізычныя, псыхалягічныя катаваньні, жорсткае абыходжаньне і іншыя сурʼёзныя парушэньні правоў чалавека і міжнароднае гуманітарнае права».

Акрамя таго, у дакладзе сьцьвярджаюць, што на тэрыторыях Данбасу, непадкантрольных Кіеву, многіх забітых хавалі нават без дастаўкі ў моргі ці бюро судмэдэкспэртызы. Пры гэтым целы некаторых баевікоў вывозілі на тэрыторыю Расеі.

У ААН дапускаюць, што большасьць ахвяр маглі складаць удзельнікі гібрыдных сіл Расеі праз тое, што працэнт жанчын сярод забітых быў невысокім, — усяго 11 працэнтаў на часова акупаваных тэрыторыях Украіны па стане на 11 жніўня 2014 году. Таксама ў ААН сьцьвярджаюць, што правы чалавека парушалі батальёны МУС і Мінабароны Ўкраіны: гэта адвольныя затрыманьні, гвалтоўныя зьнікненьні і катаваньні.

Па дадзеных СБУ, у турмах акупаванай тэрыторыі зараз знаходзяцца больш за 260 закладнікаў. Ёсьць дзясяткі сьведчаньняў вызваленых аб катаваньнях у такіх месцах. Адна з самых жорсткіх турмаў часова акупаванай тэрыторыі Ўкраіны — «Ізаляцыя». Па ёй зараз ідуць завочныя ўкраінскія суды.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG