Матч заплянаваны на 28 траўня на «Газпром Арэне». Адным з асноўных варыянтаў для пераносу называюць стадыён «Уэмблі» ў Лёндане. Расейская служба BBC паведамляе, што імавернасьць пераносу вельмі высокая. Рашэньне прымуць неўзабаве.
Раней Mirror і Daily Star адзначалі, што Зьвяз эўрапейскіх футбольных асацыяцыяў (UEFA) ўважліва сочыць за сытуацыяй, каб мець плян на выпадак непрадбачаных абставін.
Летась UEFA ўжо пераносіла фінал галоўнага эўрапейскага кубку паміж «Chelsea» і «Manchester City» з Стамбулу ў Порту, прычынаю былі каранавірусныя абмежаваньні на паездкі ангельцаў у Турэччыну. Яшчэ UEFA заяўляла, што не зьбіраецца пераносіць з Санкт-Пецярбургу фінал Лігі чэмпіёнаў.
Увечары 21 лютага прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў два ўказы — аб прызнаньні незалежнасьці так званых Данецкай і Луганскай «народных рэспублік» і дзьве дамовы — аб сяброўстве і ўзаемадапамозе. Рашэньне ён патлумачыў «гістарычнай справядлівасьцю», патэнцыйнай небясьпекай разьмяшчэньня войскаў NATO каля расейскіх межаў, а таксама жаданьнем завяршыць васьмігадовы канфлікт.
Пад пагрозай пераносу яшчэ адзін матч
Таксама міжнародныя фэдэрацыі могуць перанесьці футбольны матч зборных Расеі і Польшчы, які мае адбыцца ў Маскве 24 лютага. Гэта будзе паядынак за права выхаду на Чэмпіянат сьвету — 2022 ў Катары. Лёсаваньне вызначыла гаспадарамі поля расейцаў.
Польскі зьвяз футболу 22 лютага зьвярнуўся да UEFA і FIFA з просьбай разгледзець магчымасьць пераносу сустрэчы прынамсі на нэўтральнае поле, а магчыма, правесьці яго ў Польшчы. Гэта Польскаму радыё пацьвердзіў міністар спорту краіны Каміль Бартнічук.
«Я лічу, што сьвет спорту ні ў якім разе не павінен пагаджацца з практыкамі Пуціна», — дадаў польскі міністар.