Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер-міністарка Эстоніі: «Вырашылі дапамагчы Ўкраіне, бо аднойчы мы самі страцілі сваю незалежнасьць»


Кая Калас, кіраўніца ўраду Эстоніі
Кая Калас, кіраўніца ўраду Эстоніі

Кіраўніца ўраду Эстоніі заявіла, што яе дзяржава зробіць усё магчымае дзеля дапамогі ўкраінцам. Гэта і кібэрсупрацоўніцтва, і ўзбраеньні, і грошы, і мэдыцына.

Прэм’ер-міністарка Эстоніі Кая Калас, якая ўжо год знаходзіцца на чале эстонскага ўраду, у інтэрвію Deutsche Welle сказала, што ў Эўропе застаецца ўсё менш людзей, якія наіўна ставяцца да Расеі, на яе думку, большасьць разумее, што Масква праводзіць агрэсіўную палітыку.

Непасрэднай пагрозы сваёй краіне наўпрост цяпер старшыня Партыі рэформаў ня бачыць, аднак у выпадку паўнавартаснага нападу на Ўкраіну сытуацыя зьменіцца.

«Мы ня бачым ніякай ваеннай пагрозы на межах і зьяўляемся часткай NATO, а значыць, у нас ёсьць пяты артыкул, які абвяшчае, што напад на аднаго тоесны нападу на ўсіх. Саюзьнікі на нашым баку. Але калі нешта адбудзецца ва Ўкраіне, дык дакладна зьменіцца агульная сытуацыя зь бясьпекай ня толькі ў краінах Балтыі, але і ва ўсёй Эўропе, бо ў Эўропе будзе вялікая вайна».

Эстонія хацела б паставіць Украіне абарончую зброю, а таксама старыя нямецкія гаўбіцы D30, аднак Нямеччына, якая перадала гэтыя ўзбраеньні Таліну, ня хоча даваць дазвол на транспартаваньне ва Ўкраіну. Па словах прэм’еркі, Эстонія спадзяецца, што ў Бэрліне нарэшце вызначацца з тым, як яны дапамогуць Украіне. Пакуль жа ўрад Нямеччыны не даслаў ніякага адказу эстонцам адносна запыту на пастаўкі зброі ў Кіеў.

З 2014 году зьмянілася стаўленьне эўрапейцаў да Эстоніі. Калі раней на захадзе думалі, што балтыйскія дзяржавы перабольшваюць, гаворачы пра пуцінскую пагрозу на кантынэнце, дык цяпер разумеюць рацыю эстонцаў і іхных суседзяў.

«У 2014 годзе мы таксама казалі, што Расея зьбіраецца напасьці на Крым, але нас не пачулі. Аднак цяпер, я думаю, усё па-іншаму. Раней нас лічылі такімі, ведаеце, хто заўсёды гаворыць усякія рэчы пра Расею, і нам ня верылі. А цяпер сапраўды людзі кажуць, што мы мелі рацыю. Значыць, нас слухаюць. Нашае адзінства ў NATO і ў Эўрапейскім Зьвязе вельмі важнае для нас. І мы сапраўды адчуваем сябе раўнапраўнымі саюзьнікамі».

Таксама Кая Калас выказалася пра тое, што спосабы дапамогі Ўкраіне з боку эстонскай улады будуць разнастайнымі.

«Мы вырашылі дапамагчы Ўкраіне ўсімі магчымымі спосабамі. Гэта і палітычная падтрымка, якую мы аказваем на ўсіх узроўнях, і практычная падтрымка, напрыклад, у барацьбе з кібэратакамі. А таксама баявая зброя сыстэмы Javelin. Але ёсьць і іншыя рэчы, такія як прадастаўленьне палявых шпіталяў сумесна зь Нямеччынай і таму падобнае. Ну і, натуральна, фінансавая падтрымка. Мы вырашылі дапамагчы Ўкраіне, бо аднойчы самі страцілі сваю незалежнасьць і не жадаем, каб гэта здарылася зь іншымі краінамі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG