Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўніца Эўразьвязу выказалася пра галадоўку Мацкевіча ў МЗС Беларусі. Ягоны стан імкліва пагаршаецца


Уладзімер Мацкевіч, 2017
Уладзімер Мацкевіч, 2017

У філёзафа Ўладзімера Мацкевіча зьнізіўся ціск, нямеюць рукі і ногі, вельмі вялікая стомленасьць. 16 лютага вязьню стала кепска — яму выклікалі лекара, паставілі кропельніцу і ўкалолі вітаміны.

Уладзімер Мацкевіч галадае за кратамі чатырнаццаты дзень, трэці дзень без вады.

Часовая павераная ў справах Прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Эвэліна Шульц 16 лютага сустрэлася з Тацянай Сінюціч, сястрой Уладзімера Мацкевіча. У гэты ж дзень Шульц расказала пра галадоўку Мацкевіча на сустрэчы ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі.

Эўразьвяз па-ранейшаму заклікае беларускія ўлады неадкладна вызваліць Мацкевіча і ўсіх палітвязьняў.

Са словаў Тацяны Сінюціч, стан здароўя філёзафа імкліва пагаршаецца, але Ўладзімер настроены працягваць галадоўку.

Раней сястра Мацкевіча сустрэлася з мэдыкамі з Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС — тыя сказалі, што, паводле іх ацэнак, стан Уладзімера «задавальняючы і яны трымаюць сытуацыю пад кантролем».

Аднак затым на старонцы Ўладзімера Мацкевіча ў фэйсбуку зьявілася інфармацыя пра тое, што 16 лютага стан філёзафа рэзка пагоршыўся. Дзякуючы своечасовым дзеяньням яго сукамэрнікаў, гэта стала вядома мэдыкам СІЗА-1, і яны зрабілі дзеяньні для выратаваньня яго жыцьця. У прыватнасьці, паставілі яму кропельніцу.

«На жаль, мы ня маем інфармацыі аб дэталях здарэньня і ня ведаем, ці знаходзіўся ў гэты момант Уладзімер Мацкевіч у прытомнасьці. Таксама невядома, якія прэпараты былі яму ўведзены», — гаворыцца ў паведамленьні.

У розных частках Менску зьявіліся выявы ў падтрымку філёзафа, піша «Новы час».

Заснавальніца івейскага музэю Рэгіна Лавор, якая сама чатыры дні трымала галадоўку падчас зьняволеньня, запісала відэа ў падтрымку Ўладзімера Мацкевіча. Яна прачытала верш «Напрадвесьні» Валянціна Таўлая і просіць філёзафа спыніць галадоўку, каб ён мог сустрэць вясну, піша «Вясна».

Зьняволены філёзаф галадае з 4 лютага ў сьледчым ізалятары № 1 у Менску. 15 лютага ён пачаў сухую галадоўку, бо ўлады ня выканалі ягоных патрабаваньняў.

Ён пачаў галадоўку, патрабуючы зьмены меры стрыманьня на не зьвязаную са зьняволеньнем, завяршэньня сьледзтва ў ягонай справе і прызначэньня даты суду.

Хто такі Ўладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч паходзіць зь сям’і рэпрэсаваных беларусаў, якія былі высланыя ў Сібір пасьля Другой сусьветнай вайны. Нарадзіўся ў 1956 годзе ў Іркуцкай вобласьці Расеі. Празь дзесяць гадоў сям’я пераехала ў Горадню, дзе хлопец і скончыў школу.

Мацкевіч працаваў фрэзэроўшчыкам на заводзе карданных валоў у Горадні. Потым служыў у войску ў Закарпацкай вобласьці Ўкраіны.

Пасьля паступіў у Ленінградзкі дзяржаўны ўнівэрсытэт на псыхоляга, у час вучобы зблізіўся з Маскоўскім мэтадалягічным гуртком.

Да 1994 году Мацкевіч жыў то ў Ленінградзе (Санкт-Пецярбургу), то ў Вільні, то ў Рызе, то ў Маскве. Затым прыехаў у Беларусь, дзе праз год атрымаў беларускае грамадзянства.

У 1990-я гады шчыльна супрацоўнічаў зь Міністэрствам адукацыі. У пэрыяд між 1997 і 2001 гадамі ўзначальваў цэнтар мэтадалёгіі Рэспубліканскага інстытуту прафэсійнай адукацыі (РІПА). У 1999–2000 гадах Мацкевіч браў актыўны ўдзел у дыялёгу грамадзка-палітычных сілаў, які адбываўся пад эгідай АБСЭ. Пасьля гэтага ён страціў працу ў сыстэме дзяржаўнай адукацыі.

Аднак у 2003 годзе Мацкевіча нечакана запрасілі весьці ток-шоў «Выбар» на тэлеканале АНТ. Яго праца доўжылася там толькі 9 выпускаў, і пасьля тэмы пра беларускую мову, дзе многія гледачы выказаліся за больш шырокі ўжытак нацыянальнай мовы, Мацкевіча звольнілі.

Мацкевіч падтрымаў стварэньне аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Адной з апошніх палітычных ініцыятываў стала кампанія ў падтрымку незалежнасьці Беларусі «Сьвежы вецер». Яна ўзьнікла ў адказ на актыўнае абмеркаваньне і падпісаньне інтэграцыйных «карт» паміж Расеяй і Беларусьсю. У сьнежні 2019 году падчас масавых акцый супраць інтэграцыі актывісты кампаніі «Сьвежы вецер» ініцыявалі жывыя ланцугі ў цэнтры Менску.

Мацкевічу належыць ідэя Лятучага ўнівэрсытэту — некалькі дзясяткаў курсаў лекцый ад вядомых у Беларусі мысьляроў.

Актыўны вернік, пратэстант кальвінісцкага толку. У 2006 годзе філёзаф далучыўся да посту-галадоўкі вернікаў царквы «Новае жыцьцё», у якіх забіралі будынак. Тады ўлады пакінулі іх у спакоі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG