Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве пачаліся перамовы Пуціна і канцлера Нямеччыны Шольца


Уладзімір Пуцін і канцлера Нямеччыны ФРГ Оляф Шольц, Масква, 15 лютага
Уладзімір Пуцін і канцлера Нямеччыны ФРГ Оляф Шольц, Масква, 15 лютага

У Маскве пачаліся перамовы прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і канцлера Нямеччыны ФРГ Оляфа Шольца

Пра гэта паведамляе DW.

Шольц прыляцеў у Маскву сёньня пасьля візыту ў Кіеў, які адбыўся днём раней. Гэта першая сустрэча Шольца з Пуціным пасьля таго, як у канцы 2021 году ён узначаліў новы ўрад Нямеччыны.

Напачатку сустрэчы з Пуціным нямецкі канцлер заявіў, што рады магчымасьці асабістай сустрэчы для ўрэгуляваньня канфлікту. Ён адзначыў важнасьць урэгуляваньня адносінаў паміж дзяржавамі шляхам дыялёгу.

Між тым у Крамлі паведамілі, што асноўнымі на перамовах стануць «актуальныя тэмы двухбаковага і міжнароднага парадку дня, у тым ліку пытаньні, зьвязаныя з атрыманьнем доўгатэрміновых, юрыдычна зафіксаваных гарантыяў бясьпекі РФ і ўрэгуляваньнем ўнутрыўкраінскага канфлікту». Паводле словаў прэсавага сакратара Пуціна Дзьмітрыя Пяскова, адной з тэмаў сустрэчы таксама стане запуск газаправоду «Паўночны паток — 2».

Пасьля прылёту ў Маскву Шольц адмовіўся ад прапановы расейскага боку зрабіць яму тэст на каранавірус перад сустрэчай з Пуціным і палічыў за лепшае зрабіць ПЦР-тэст, неабходны для допуску ў Крэмль, у нямецкага ўрача ў амбасадзе Нямеччыны ў Маскве. У асяродзьдзі канцлера паведамілі, што нямецкі бок запрасіў прадстаўнікоў органаў аховы здароўя РФ прысутнічаць на тэставаньня. Увесь камплект, неабходны для правядзеньня тэсту, быў прывезены зь Нямеччыны.

Пяскоў заявіў, што адмова Шольца ад ПЦР-тэставаньня расейскімі мэдыкамі ніяк «не паўплывае ні на характар сустрэчы, ні на яе зьмястоўнасьць, ні на працягласьць». Разам з тым перамовы будуць праходзіць «на большай, чым звычайна, адлегласьці». «Ва ўсіх бакоў ёсьць свае пратаколы, ёсьць свае перавагі, і мы з абсалютнай павагай і разуменьнем ставімся да тых пратаколаў, якія ёсьць у нашых партнэраў зь Нямеччыны», — адзначыў прадстаўнік прэзыдэнта РФ.

Перад сустрэчай з Пуціным Шольц усклаў вянок да Магілы Невядомага салдата ў Аляксандраўскім садзе Крамля. Пасьля перамоваў і рабочага сьняданку заплянаваная сумесная прэсавая канфэрэнцыя, а ўвечары Шольц вылеціць у Бэрлін.

На мінулым тыдні ў Маскву для перамоваў з Пуціным прылятаў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон. Аднак ні на гэтай сустрэчы, ні на іншых аналягічных перамовах заходніх лідэраў і міжнародных арганізацыяў з расейскім бокам прагрэсу ва ўрэгуляваньні канфлікту дасягнута не было. Захад заклікае Маскву адвесьці войскі ад украінскай мяжы і пагражае беспрэцэдэнтнымі санкцыямі. Расея ж абвінавачвае краіны Захаду ва ўзбраеньні Ўкраіны і правядзеньні манэўраў паблізу ад межаў РФ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG