Палітзьняволеная Вольга Маёрава напісала ў лісьце да сына, што зь яе зьнялі абвінавачаньні за «акт тэрарызму», паведамляе «Новы час».
Раней такое ж абвінавачаньне зьнялі зь яшчэ аднаго фігуранта «справы Аўтуховіча» — Уладзімера Гундара.
«Вось толькі нядаўна адправіла табе ліст з нумарамі артыкулаў УК РБ, што мне ў выніку інкрымінуюць, і паведамленьне пра новага бясплатнага адваката. [...] Так, адразу напішу, што арт. 16 (6) і 289 (2) з абвінавачаньня вынятыя, думаю, што хопіць і астатніх шасьці, што засталіся», — піша палітзьняволеная.
Раней Вольга Маёрава паведамляла, што ёй пагражаюць 8 крымінальных артыкулаў. Зь іх засталіся:
- частка 2 арт. 285 — Удзел у злачыннай арганізацыі ў любой іншай форме;
- частка 3 арт. 130 — Дзеяньні па рэабілітацыі нацызму, учыненыя групай асоб, або якія пацягнулі па неасьцярожнасьці сьмерць чалавека або іншыя цяжкія наступствы;
- частка 4 арт. 295 — Незаконныя дзеяньні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, учыненыя арганізаванай групай;
- частка 3 арт. 361 — Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаньнем сродкаў масавай інфармацыі або глябальнай кампутэрнай сеткі Інтэрнэт;
- частка 2 арт. 257 — Падман спажыўцоў, учынены групай асоб па папярэдняй змове, або асобай, раней судзімай за падман спажыўцоў, або ў буйным памеры;
- частка 1 арт. 14 — Спроба злачынства.
«У самым разгары азнаямленьне са справай. Адчуваньні прадказальныя, але зразумела, што гэта нічога ня зьменіць у выніку», — зазначае палітзьняволеная.
Вольга Маёрава дзякуе ўсім за падтрымку і перадачы, піша, што ёй усяго хапае, але заўсёды ёсьць патрэба ў цьвёрдым сыры і садавіне.
Вольгу Маёраву затрымалі 4 студзеня 2021 году ў яе доме ў вёсцы Нача Крупскага раёну па так званай «справе Міколы Аўтуховіча».
Напісаць Вользе Маёравай ліст можна па адрасе: 230023, г. Гродна, вуліца Кірава, 1, турма № 1.