У гутарцы з журналістамі па відэасувязі з Кіева вярхоўны арцыбіскуп Украінскай грэкакаталіцкай царквы Сьвятаслаў Шаўчук заявіў, што ня трэба чакаць ідэальных умоў і што візыт можа адбыцца нават у цяперашніх абставінах.
«Мы некалькі разоў выказвалі жаданьне, каб Сьвяты айцец наведаў Украіну. Мы запрашалі яго і часта паўтаралі гэтае запрашэньне. Мы спадзяёмся на гэта. Жэсты маюць вялікае значэньне, і наведваньне Ўкраіны было б вельмі моцным жэстам для ўсяго чалавецтва».
Украіна — пераважна праваслаўная краіна, але каля 10 працэнтаў насельніцтва належаць да каталіцкай царквы ўсходняга або бізантыйскага абраду, якая захоўвае прыхільнасьць Ватыкану.
Папа Рымскі заявіў у сераду, што вайна ва Ўкраіне была б «варʼяцтвам», і выказаў надзею, што напружанасьць у адносінах гэтай краіны з Расеяй можа быць пераадоленая шляхам шматбаковага дыялёгу.
«Давайце працягнем маліць Бога аб міры, каб напружанасьць і пагрозы вайны былі пераадоленыя шляхам сурʼёзнага дыялёгу і каб перамовы ў Нармандзкім фармаце садзейнічалі дасягненьню гэтай мэты», — сказаў ён, выступаючы на агульнай аўдыенцыі.
Удзельнікі Нармандзкага фармату — Расея, Украіна, Нямеччына і Францыя.
«І давайце ня будзем забывацца: вайна — гэта варʼяцтва», — дадаў пантыфік.