Паводле мэра Джыма Ўотсана, сытуацыя ў горадзе «цалкам выйшла з-пад кантролю»: удзельнікі пратэстаў, значную частку якіх складаюць кіроўцы-дальнабойнікі, перакрылі сваімі грузавікамі цэнтар гораду. Акрамя таго, яны разьбілі намётавы лягер. Пратэстоўцаў істотна больш, чым паліцыі. Мэр сьцьвярджае, што яны парушаюць грамадзкі парадак, хаця буйных інцыдэнтаў, зьвязаных з гвалтам, адзначана не было.
Пратэсты пачаліся ў студзені ў сувязі з патрабаваньнем абавязковай вакцынацыі для ўсіх кіроўцаў грузавікоў, якія перасякаюць мяжу ЗША і Канады. Дальнабойнікі арганізавалі блякаду памежных прапускных пунктаў, а таксама акцыю пратэсту ў сталіцы. Да іх далучыліся і іншыя актывісты з патрабаваньнямі адмены розных каранавірусных абмежаваньняў, а таксама адстаўкі ўраду Джастына Трудо.
Чакаецца, што сілы паліцыі ў горадзе будуць умацаваныя. Улады не выключаюць, што пачнуць затрымліваць тых, хто аказвае дапамогу ўдзельнікам пратэстаў, у прыватнасьці забясьпечвае іх палівам і харчамі. Паведамляецца, што паліцыя ўжо канфіскавала ў пратэстоўцаў частку запасаў.
Улады таксама сьцьвярджаюць, што сярод арганізатараў пратэстаў ёсьць ультраправыя экстрэмісты. Пратэстоўцы заяўляюць, што гэта ня так і што сутнасьць іх патрабаваньняў — найперш эканамічнага характару: сьцьвярджаецца, што з прычыны патрабаваньня абавязковай вакцынацыі многія страцілі працу.
Паводле апытаньня, дадзеныя якога прыводзяць Бі-бі-сі, з патрабаваннямі пратэстоўцаў салідарызуюцца 32 працэнты жыхароў Канады.