Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская ў Бундэстагу: Беларусь будзе надзейным партнэрам Нямеччыны ў будучыні


Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася ў нямецкім Бундэстагу з прадстаўнікамі вядучых палітычных фракцыяў: Нільсам Шмідам (Сацыял-дэмакратычная партыя), Юргенам Трыцінам («Зялёныя»), Ульрыхам Лехце (Свабодная дэмакратычная партыя) і Юргенам Хартам (Хрысьціянска-дэмакратычны саюз).

Паводле тэлеграм-канала Ціханоўскай, яе суразмоўцы выказалі падтрымку ёй і дэмакратычнаму руху Беларусі.

Ціханоўская падзякавала Нямеччыне за адмову прызнаваць рэжым Лукашэнкі, падтрымку незалежных СМІ, палітвязьняў і адзначыла рашучую пазыцыю па санкцыях.

Палітыкі абмеркавалі пытаньне бясьпекі Беларусі і магчымую рэакцыю ў выпадку, калі Лукашэнка працягне пагражаць рэгіянальнай бясьпецы. Адной з тэмаў перамоваў была магчымасьць прыцягнуць вінаватых у злачынствах да адказнасьці. Цяпер у Нямеччыне разглядаюцца як мінімум дзьве справы супраць прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі па абвінавачаньні ў злачынствах супраць чалавечнасьці.

Нільс Шмід, прадстаўнік кіроўнай Сацыял-дэмакратычнай партыі, падкрэсьліў, што Бундэстаг не прызнае «рэфэрэндум» законным і што гэты «рэфэрэндум» ня мае нічога агульнага з вырашэньнем крызісу. Таксама ён выказаў занепакоенасьць тым, што рэжым плянуе прыбраць з Канстытуцыі нэўтральны і бязьядзерны статус Беларусі.

«Свабодная дэмакратычная Беларусь стане зарукай міру і стабільнасьці ў рэгіёне. І я рада, што ў нямецкім Бундэстагу гэта выдатна разумеюць. Беларусь будзе надзейным партнэрам Нямеччыны ў будучыні», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG