Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вашынгтоне «не чакалі прарываў». Дзяржсакратар ЗША ацаніў перамовы з Масквой


Дзяржсакратар ЗША
Энтані Блінкен
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен

Энтані Блінкен пацьвердзіў, што Вашынгтон гатовы да працягу дыялёгу з Расеяй, аднак цяпер усё залежыць ад таго, якое рашэньне прыме Ўладзімір Пуцін.

Злучаныя Штаты не чакалі буйных прарываў ад перамоваў з Расеяй у пытаньнях бясьпекі ў Эўропе, аднак у Вашынгтоне, у адрозьненьне ад Крамля, ня лічаць сустрэчы «няўдалымі», і гатовыя да працягу дыялёгу ў выпадку, калі да гэтага гатовыя ў Маскве. Дзяржсакратар Энтані Блінкен сказаў пра гэта ў чацьвер у інтэрвію амэрыканскай радыёстанцыі National Public Radio (NPR).

Адказваючы на просьбу пракамэнтаваць выказваньне прэс-сакратара Крамля Дзьмітрыя Пяскова, які назваў перамовы «няўдалымі», Блінкен заявіў, што Злучаныя Штаты не «чакалі прарываў» падчас сустрэч, якія, паводле яго, «на гэты момант» нельга назваць сапраўднымі перамовамі.

«Мы падзяліліся з расейцамі нашай глыбокай занепакоенасьцю ў сувязі зь дзеяньнямі, якія яны робяць ня толькі ў дачыненьні да Ўкраіны, але і ў больш шырокім сэнсе. Яны падзяліліся з намі сваімі асьцярогамі. Мы далі адзін аднаму, я думаю, нямала спажывы для разважаньняў. Цяпер мы плянуем... старанна пракансультавацца з нашымі саюзьнікамі і партнэрамі», — заявіў Блінкен, удакладніўшы, што працяг дыялёгу магчымы толькі ў выпадку дээскаляцыі сытуацыі вакол Украіны.

Дзяржсакратар адзначыў, што абодва бакі цяпер павінны «ператравіць» атрыманую інфармацыю, дадаўшы, што Вашынгтон даў Маскве два варыянты дзеяньняў: «шлях дыпляматыі і дыялёгу», які Блінкен назваў «лепшым» і «найбольш адказным» спосабам для вырашэньня рознагалосьсяў і ўрэгуляваньня сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны; або шлях «канфрантацыі і агрэсіі», да чаго на Захадзе «цалкам гатовыя».

«Калі яны пойдуць гэтым шляхам, гэта будзе мець сур’ёзныя наступствы... Я не буду ўдакладняць, што мы зробім [у адказ], скажу толькі, што калі гаворка ідзе пра санкцыі, пра эканамічныя і фінансавыя меры, а таксама пра неабходнасьць умацоўваць Украіну ў пляне абароны, узмацняць абарону NATO, мы плянуем і зьбіраемся зрабіць тое, чаго не рабілі раней», — заявіў Блінкен, падкрэсьліўшы, што заплянаваная рэакцыя на магчымую агрэсію з боку Расеі «выйдзе далёка за рамкі таго, што было зроблена ў 2014 годзе».

Дзяржсакратар адмовіўся ацэньваць верагоднасьць расейскага ўварваньня ва Украіну, заявіўшы, што «прэзыдэнт Пуцін цудоўна валодае мастацтвам не даваць канчатковага адказу» на перамовах з супернікамі.

«Я падазраю, што ён збольшага і робіць гэта цяпер, спрабуючы зразумець, што можа спрацаваць, а што не, і цалкам можа быць, што ён яшчэ ня вырашыў канчаткова, што ён зьбіраецца рабіць. Думаю, на нас ляжыць важны абавязак дапамагчы [Пуціну] сфармаваць сваё меркаваньне», — сказаў Блінкен.

Дзяржсакратар падкрэсьліў, што крызіс, зьвязаны з канцэнтрацыяй расейскіх сіл ля ўкраінскай мяжы, быў створаны рукамі Масквы, і ў выніку сьвет «апынуўся ў такой сытуацыі па расейскай ініцыятыве». Блінкен адзначыў, што за апошнія пару месяцаў ЗША, іх саюзьнікі і партнэры змаглі распрацаваць «вельмі скаардынаваныя і абдуманыя» спосабы, з дапамогай якіх заходняя кааліцыя зможа «дакладна адказаць на дзеяньні, распачатыя Расіяй».

«Мы сабралі вельмі моцную кааліцыю краін у Эўропе і нават за яе межамі, праз G7, каб адрэагаваць, паўплываць на разьлікі прэзыдэнта Пуціна і на выбар, які ён зробіць», — заявіў Блінкен.

Дзяржсакратар падкрэсьліў, што многія з пытаньняў, па якіх Захад можа дамовіцца з Масквой, напрыклад, дадатковыя меры па кантролі над узбраеньнямі — гэта «складаныя рэчы, якія немагчыма зрабіць за гадзіну, за дзень, за тыдзень, і расейцы пра гэта ведаюць».

«Калі яны зараз вырашаць выйсьці [з перамоўнага працэсу], я думаю, гэта будзе сьведчыць пра тое, што яны, верагодна, ніколі не разглядалі сурʼёзна шлях дыялёгу ці дыпляматыі. У некаторых выпадках, яны выставілі максымалісцкія і невыканальныя патрабаваньні, — сказаў Блінкен. — Але яны таксама вынесьлі на абмеркаваньне іншыя пытаньні, якія могуць стаць асновай для канструктыўнай размовы і дыпляматыі... Цяпер мы ўбачым, ці сапраўды яны сурʼёзна настроеныя ў дачыненьні да дыпляматыі і дыялёгу, ці ўсё гэта было проста хітрасьцю, і іх намеры зьяўляюцца іншымі. Але, як я ўжо казаў, мы гатовы да любога варыянту разьвіцьця падзей».

МЗС Расеі: «Нам ужо адступаць няма куды»

Намесьнік кіраўніка МЗС Расеі Сяргей Рабкоў у інтэрвію RTVI заявіў, што ЗША і саюзьнікі ў адказ на ключавыя прапановы Расеі па гарантыях бясьпекі фактычна адказалі «не», таму Расеі «адступаць ужо няма куды».

«Нам ужо адступаць няма куды. Мы ўжо бачым, што далей будуць прымяняцца іншыя меры, іншыя прыёмы ў дачыненьні да апанэнтаў, калі яны ня ўлічаць у рэшце рэшт нашых патрабаваньняў і нашых патрэбаў», — дадаў ён.

Дыплямат заявіў, што Расея не прагнецца пад ціскам магчымых новых санкцый ЗША і «знойдзе альтэрнатывы».

«Прэзыдэнту вайсковыя спэцыялісты, як гэта было афіцыйна сказана, увесь час прапануюць варыянты на выпадак пагаршэньня становішча. Гэта цяжкі сюжэт. У публічнай прасторы ён не павінен ніякім чынам засьвечвацца, таму што гэта само па сабе разварушваньне сытуацыі. Трэба даць шанец дыпляматыі», — заявіў Рабкоў.

Як праходзілі перамовы ЗША і NATO з Расеяй

Перамовы паміж Расеяй і ЗША па гарантыях бясьпекі прайшлі ў Жэневе 9-10 студзеня, 12 студзеня ў Брусэлі адбылася сустрэча Рады Расея-NATO, на якой абмяркоўвалася, у прыватнасьці, непашырэньне альянсу на ўсход. Пасьля перамоваў Генсакратар NATO Енс Столтэнбэрг сказаў, што альянс гатовы да далейшых перамоваў з Масквой, але патрабаваньне Расеі аб гарантыях недалучэньня да NATO краін былога СССР, найперш Украіны, непрымальнае.

Напярэдадні стала вядома, што амэрыканскія сэнатары прапанавалі ў выпадку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ўвесьці санкцыі супраць кіраўніцтва Расеі, дзярждоўгу, банкаўскага сэктару і «Паўночнага патоку-2». Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў ацаніў магчымае ўвядзеньне Злучанымі Штатамі санкцый супраць прэзыдэнта Расеі Пуціна як «меру, якая выходзіць за рамкі», параўнальную з разрывам адносін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG