Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі лыжны саюз адхіліў дзьвюх спартовак ад міжнародных спаборніцтваў. Лыжніцы лічаць, што за іх палітычную пазыцыю


Міністар спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук, які ініцыяваў перасьлед прыхільнікаў перамен сярод спартоўцаў. Архіўнае фота.
Міністар спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук, які ініцыяваў перасьлед прыхільнікаў перамен сярод спартоўцаў. Архіўнае фота.

Адна са спартсмэнак ужо пакінула Беларусь.

Спартоўкі Сьвятлана Андрыюк і Дар’я Далідовіч расказалі, што ў мінулым месяцы Беларускі лыжны саюз дэактываваў іх індывідуальныя ідэнтыфікацыйныя нумары, неабходныя для ўдзелу ў спаборніцтвах, піша Reuters.

Па словах лыжніц, гэта зроблена на ўказаньне кіраўніка Беларускай фэдэрацыі лыжных гонак Аляксандра Дараховіча, які даў загад забараніць удзел дзяўчат у міжнародных спаборніцтвах і беларускіх зборах. Просьбу журналістаў пракамэнтаваць свае рашэньні Дараховіч праігнараваў.

Сьвятлана Андрыюк заўважае, што гэтае рашэньне вымусіла яе прапусьціць кваліфікацыйныя спаборніцтвы, дзякуючы якім яна магла трапіць на Алімпійскія гульні ў Пэкіне, што адбудуцца сёлета.

«Яны даслоўна абвінавацілі мяне ў тым, што я прыхільніца апазыцыі», — сказала Андрыюк.

Цяпер спартоўка вымушаная зьехаць зь Беларусі.

Пра праблемы з ідэнтыфікацыйнымі нумарамі яшчэ ў сьнежні расказваў Сяргей Далідовіч, 6-разовы ўдзельнік Алімпійскіх гульняў і бацька Дар’і Далідовіч, які таксама займаўся падрыхтоўкай дачкі.

Паводле ягонай інфармацыі, трэнэрская рада аднагалосна прагаласавала за тое, каб адхіліць Дар’ю ад спаборніцтваў на год. У выніку юная лыжніца прапусьціць некалькі прадстаўнічых спаборніцтваў. Сяргей Далідовіч назваў гэта помстай за ягоную грамадзянскую пазыцыю.

BSSF зьвярнуўся ў Міжнародную фэдэрацыю лыжнага спорту з прычыны адхіленьня ад спаборніцтваў лыжніц Андрыюк і Далідовіч

Пра гэта паведамляе Telegram-канал Беларускага фонду спартыўнай салідарнасьці. BSSF заклікае FIS перагледзець справу аб дыскрымінацыі Дар’і Далідовіч і Сьвятланы Андрыюк і аднавіць іх у праве ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах.

У сваёй заяве Беларускі фонд спартыўнай салідарнасьці нагадвае, што Фэдэрацыя лыжных гонак Беларусі і раней дыскрымінавала спартоўцаў, пазбаўляючы іх права на падрыхтоўку і ўдзел у спаборніцтвах на працягу ўсяго пэрыяду падачы заявак нацыянальнай фэдэрацыяй. Цяпер жа ціск на беларускіх лыжнікаў працягнуўся і ён носіць дыскрымінацыйны характар і «павінен быць спынены FIS, галоўным рэгулятарам лыжнага спорту», гаворыцца ў заяве.

Раней міністар спорту Беларусі Сяргей Кавальчук адкрыта заявіў, што і ў 2022 годзе ўлады працягнуць свой курс на ачышчэньне спартовых фэдэрацый ад прыхільнікаў апазыцыі. За 2020–2021 гады ад рэпрэсій пацярпеў шэраг спартоўцаў, фэдэрацый, рэдакцый спартовых выданьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG