Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крытык Пуціна пісьменьнік Віктар Шэндэровіч заявіў, што пакідае Расею


Віктар Шэндэровіч
Віктар Шэндэровіч

На пісьменьніка завялі крымінальную справу пасьля пазову набліжанага да Пуціна дзеяча.

Пісьменьнік, публіцыст, паэт і драматург Віктар Шэндэровіч паведаміў, што вырашыў выехаць з Расеі. Пра гэта ён напісаў у фэйсбуку.

«Пакуль гэты Прыгожын тут эліта, я, вядома, працягну выконваць функцыю замежнага агента — за межамі радзімы, але без намордніка. Мне будзе прыемней, а вам будзе весялей», — напісаў ён.

Шэндэровіч не ўдакладніў, куды менавіта адправіцца. У якасьці прычыны ад’езду пісьменьнік назваў крымінальную справу паводле пазову бізнэсоўца Яўгена Прыгожына, аб судзімасьці якога Шэндэровіч заявіў у этэры радыё «Эхо Москвы».

Пасьля пісьменьніка, Прыгожын падаў пазоў аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі, а таксама кампэнсацыі маральнай шкоды ў дачыненьні Шэндэровіча, «Эхо Москвы» і яго галоўнага рэдактара Аляксея Венядзіктава. Прадпрымальнік запатрабаваў выдаліць зьвесткі з публічнага доступу, абвергнуць іх і спагнаць кампэнсацыю з Шэндэровіча і заснавальнікаў «Эхо Москвы» — па 5 мільёнаў расейскіх рублёў (каля 172 тысяч беларускіх).

24 сьнежня Прыморскі раённы суд Санкт-Пецярбургу спагнаў з радыёстанцыі на карысьць Прыгожына 1 мільён расейскіх рублёў (34 тысячы беларускіх), а з Шэндэровіча — 100 тысяч (3400 беларускіх).

Пасьля гэтага Прыгожын накіраваў у паліцыю заяву, каб завялі супраць пісьменьніка крымінальную справу за паклёп. Па гэтым артыкуле Шэндэровічу пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

Яўген Прыгожын уваходзіць у найбліжэйшае атачэньне прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна. Некаторыя падкантрольныя яму кампаніі і сам Прыгожын ад верасьня 2018 году знаходзяцца пад амэрыканскімі санкцыямі: ён адзін з галоўных спонсараў Прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», якую падазраюць у шэрагу ваенных злачынстваў у розных краінах сьвету, а кампаніі «Канкорд» і «Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў» умешваліся ў працэс прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША.

Віктар Шэндэровіч у сьнежні 2021 году трапіў у сьпіс «замежных агентаў» паводле Міністэрства юстыцыі Расеі. Адразу пасьля гэтага зьяжджаць з Расеі ён не плянаваў, але і не выключаў такой патрэбы ў будучыні.

«Ніякіх зарокаў я не даю, прынамсі гэтае паганае таўро, якое на мяне павесілі, — не падстава бразгаць дзьвярыма. Госпадзе, падумаеш — замежны агент. Ці мала я за 20 гадоў пра сябе чытаў!»

Новыя абставіны, аднак, змусілі Шэндэровіча адправіцца ў эміграцыю.

Шэндэровіч пра Беларусь

Пісьменьнік неаднаразова выказваўся за беларускі народ, падтрымліваючы пратэсты супраць Лукашэнкі і яго бестэрміновага кіраваньня. Выходзіў да амбасады Беларусі ў Маскве разам зь беларускай дыяспарай. Таксама Шэндэровіч заяўляў, што ў Расеі Пуцін ідзе шляхам Лукашэнкі, забіваючы палітычных апанэнтаў.

«Лукашэнка даўно нічога ня можа прапанаваць. Пуцін зь некаторага часу перайшоў у гэты статус, калі нічога ня можа прапанаваць, акрамя гвалту і хлусьні», — адно з выказваньняў Шэндэровіча, у якім ён параўнаў двух палітыкаў.

Пасьля здушэньня пратэстаў, на думку Шэндэровіча, Лукашэнка страціў усякую легітымнасьць: «Ёсьць нелегітымны сілавы лідэр, які проста кантралюе гэтую тэрыторыю, сілаю не дае сябе адхіліць ад улады і спрабуе запалохаць».

«Калі б на пачатку верасьня 200-тысячны натоўп зьнёс Дразды, загінулі б людзі, але сёньня палітычная сытуацыя была б іншая», — сказаў Шэндэровіч, адказваючы на пытаньне, ці можна было нешта сапраўды зьмяніць у 2020 годзе. Тады ж ён адзначыў, што мірныя перамены ў краіне былі б магчымыя, калі б была ўлада, здольная сысьці ў выпадку «відавочнай паразы». Але ў Беларусі ўлады зрабілі стаўку на сілавы кантроль, убачыўшы, што страцілі рэшткі падтрымкі народу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG