Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд Расеі зьліквідаваў міжнароднае таварыства «Мэмарыял»


Вярхоўны суд Расеі прыняў рашэньне аб ліквідацыі Міжнароднага таварыства «Мэмарыял».

Генэральная пракуратура Расеі настойвала, што арганізацыя сыстэматычна парушала закон аб замежных агентах. На выніковым паседжаньні прадстаўнік ведамства заявіў, што арганізацыя «стварае фальшывы вобраз СССР як тэрарыстычнай дзяржавы, абяляе і рэабілітуе нацысцкіх злачынцаў».

Праваабаронцы лічаць, што для ліквідацыі арганізацыі не было законных падставаў. Сотні расейскіх і замежных дзеячоў культуры, нобэлеўскія ляўрэаты, а таксама журналісты падпісалі зварот на імя прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна з просьбай спыніць перасьлед арганізацыі.

Старшыня праўленьня «Мэмарыялу» Ян Рачынскі заявіў, што рашэньне будзе абскарджана, а таварыства ня можа спыніць працу, бо ў яго ёсьць структуры, якія не маюць юрыдычнай асобы.

«Мэмарыял» — адна з найстарэйшых праваабарончых арганізацый у Расеі. Таварыства створана ў студзені 1989 году. Яго першым старшынём быў ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру акадэмік Андрэй Сахараў.

Арганізацыя больш за 30 гадоў вяла дасьледаваньні савецкіх рэпрэсіяў і стварыла падрабязную базу зьвестак з імёнамі рэпрэсаваных. Адвакат таварыства Генры Рэзьнік на пасяджэньні ў аўторак адзначыў, што арганізацыя «садзейнічае здароўю нацыі».

  • Каля будынка Вярхоўнага суду ў цэнтры Масквы сабралася невялікая група людзей, якія падтрымліваюць арганізацыю падчас працэсу. Яны скандавалі: «Ганьба». Паліцыя адціснула прысутных і затрымала некалькіх чалавек.
  • У сераду, 29 сьнежня, суд разгледзіць пазоў пракуратуры аб ліквідацыі ўнесенага ў сьпіс замежных агентаў Праваабарончага цэнтру «Мэмарыял». Ён зьяўляецца членам «Міжнароднага Мэмарыялу», але мае асобную юрыдычную асобу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG