Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі дасьледніку сталінскіх рэпрэсіяў другі раз павялічылі тэрмін зьняволеньня, цяпер да 15 гадоў турмы


Юры Дзьмітрыеў
Юры Дзьмітрыеў

Гісторыку Юрыю Дзьмітрыеву павялічылі тэрмін зьняволеньня з 13 да 15 гадоў.

Суд у Петразаводску прысудзіў гісторыку, кіраўніку мясцовага аддзяленьня таварыства «Мемориал» Юрыю Дзьмітрыеву 15 гадоў пазбаўленьня волі. Пра гэта паведамляе сайт Север.Реалии. Гэта ўжо другое павелічэньне тэрміну для вядомага гісторыка.

Суд прызнаў яго вінаватым у справах аб вырабе дзіцячай парнаграфіі, распусных дзеяньнях і захоўваньні зброі. Па ўсіх гэтых артыкулах раней яго апраўдалі.

У верасьні 2020 году Дзьмітрыева пакаралі 13 гадамі калёніі строгага рэжыму. Яго абвінавацілі ў гвалтоўных дзеяньнях сэксуальнага характару да прыёмнай дачкі. Сам гісторык настойвае на сваёй невінаватасьці.

Прыхільнікі Дзьмітрыева і праваабаронцы ўпэўненыя, што яго перасьлед носіць выключна палітычны характар. Вызваліць яго патрабавалі Эўразьвяз, вядомыя навукоўцы з са ўсяго сьвету, а таксама дзеячы мастацтва, уключаючы ляўрэата Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Джона Кутзэе.

Дзьмітрыеў разам з калегамі ў 1990-я адкрыў урочышча Сандармох, дзе ў часы Вялікага тэрору расстрэльвалі людзей. Усяго было зафіксавана і адзначана каля 150 магільных ямаў, у якіх маглі знаходзіцца парэшткі каля 4,5 тысячы чалавек.

У лютым 2021-га журналісцкае расьсьледаваньне зьвязвала перасьлед гісторыка зь імем памочніка прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна Анатоля Серышава. Журналісты паведамлялі, што ў 2016 годзе, калі завялі справу супраць Дзьмітрыева, Серышаў узначальваў карэльскае ўпраўленьне ФСБ, і ў лік яго задач уваходзіла зачыстка рэгіёну ад апазыцыі.

«Мемориал» занесены расейскімі ўладамі ў сьпіс замежных агентаў. Арганізацыя ня згодная з гэтым рашэньнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG