Міністэрства замежных спраў Расеі заявіла, што ў консульства Расеі ва Ўкраіне, якое знаходзіцца ў Львове, кінулі кактэйль Молатава. Расейскі бок назваў напад «тэрарыстычным актам». У расейскае МЗС выклікалі часовага паверанага ў справах Украіны, каб выказаць афіцыйны пратэст і запатрабавалі ад Кіеву прабачэньняў.
Украінская паліцыя заявіла, што распачала расьсьледаваньне па факце здарэньня, якое яны назвалі «хуліганствам».
Інцыдэнт адбыўся ў той час, калі напружанасьць паміж Кіевам і Масквой абвастрылася пасьля таго, як Расея засяродзіла каля 100 000 вайскоўцаў каля сваёй мяжы з Украінай, а Злучаныя Штаты назвалі гэта магчымай прэлюдыяй да ўварваньня.
Новыя спадарожнікавыя здымкі, зробленыя прыватнай амэрыканскай кампаніяй, паказалі, што Расея ў апошнія тыдні працягвала разьмяшчаць танкі, мабільныя ракетныя артылерыйскія сыстэмы і перадавых батарэй балістычных ракет малой далёкасьці паблізу мяжы, а таксама на Крымскім паўвостраве, які Расея незаконна анэксавала ў 2014 годзе.
На здымках, апублікаваных амэрыканскай кампаніяй Maxar Technologies 23 сьнежня, па стане на 13 сьнежня бачная база ў Крыме, запоўненая сотнямі адзінак бранятэхнікі і танкаў. Спадарожнік Maxar на здымках таго ж месца ў кастрычніку паказваў, што база была напалову пустой.