Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі дэпутат, які сустракаўся з Лукашэнкам, заявіў, што на яго завялі крымінальную справу. У СБУ абверглі


Яўген Шаўчэнка і Аляксандар Лукашэнка, красавік 2021 году
Яўген Шаўчэнка і Аляксандар Лукашэнка, красавік 2021 году

Народны дэпутат Украіны Яўген Шаўчэнка, які раней актыўна падтрымаў захоп самалёта з Раманам Пратасевічам, заявіў, што на яго завялі крымінальную справу аб дзяржаўнай здрадзе.

«Калі ўжо інфармацыя пратачылася ў СМІ, вымушаны паведаміць, што сапраўды СБУ адкрыла на мяне справу паводле артыкулу 111 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны. Цяпер я ў адным сьпісе з Медзьведчуком і Парашэнкам. Вясёлая кампанія, ці няпраўда? Шыюць мне стварэньне „русского мира“ ва Ўкраіне. Больш тупой нагоды не змаглі знайсьці для выкананьня замовы і ўхіленьні канкурэнта. Зьвязана гэта з маім сяброўствам зь Беларусьсю», — напісаў Яўген Шаўчэнка на сваёй старонцы ў Facebook.

Але да гэтай публікацыі ніводнае ўкраінскае СМІ пра гэта не паведамляла. Таксама няма такой інфармацыі ад Службы бясьпекі Ўкраіны ці Офісу генэральнага пракурора.

У прэсавай службе Службы бясьпекі Ўкраіны Свабодзе паведамілі, што сьледчыя СБУ на гэты момант не пачыналі крымінальную вытворчасьць у дачыненьні да Яўгена Шаўчэнкі.

«Згодна з артыкулам 482-2 Крымінальнага працэсуальнага кодэксу, дасудовае расьсьледаваньне ў дачыненьні да народнага дэпутата Ўкраіны можа пачаць толькі генэральны пракурор аба асоба, якая выконвае ягоныя абавязкі», — удакладнілі ў прэсавай службе СБУ.

Хто такі дэпутат Шаўчэнка

Яўген Шаўчэнка першым падтрымаў Аляксандра Лукашэнку на выбарах прэзыдэнта ў Беларусі 2020 году і павіншаваў яго зь перамогай на наступны дзень, 10 жніўня. У сваім віншаваньні ён падзякаваў Лукашэнку за «душэўнае стаўленьне» да Ўкраіны.

Яшчэ празь 10 дзён пасьля выбараў, калі ў Беларусі адбыліся масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў, а супраць іхных удзельнікаў пачалі выкарыстоўваць сілу і спэцыяльныя сродкі, заклікаў беларусаў прабачыць «бацьку» ягоныя грахі і злачынствы.

У лютым 2021-га Яўген Шаўчэнка браў удзел ва «ўсебеларускім народным сходзе», а 20 красавіка прыехаў у Менск на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам.

23 траўня, калі стала вядома аб пасадцы самалёта ў Менску, Яўген Шаўчэнка напісаў у сваім тэлеграм-канале: «У Менску затрымалі стваральнікаў NEXTA. Вось гэта дзяржаўнасьць!». У траўні Яўгена Шаўчэнку выключылі з праўладнай фракцыі «Слуга народу».

Менавіта з падачы Яўгена Шаўчэнкі Юры Васкрасенскі, былы сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, 7 кастрычніка ў Кіеве сустрэўся з кіраўніком фракцыі «Слуга народу» Давідам Арахамія. Пры другой спробе ўехаць ва Ўкраіну ў канцы кастрычніка Юрыю Васкрасенскаму забаранілі ўезд на ўкраінскую тэрыторыю. Ён тады заявіў, што яго нібыта запрасілі ў Кіеў на перамовы аб пастаўках беларускай электраэнэргіі ва Ўкраіну.

У лістападзе стала вядома, што пастаўкамі беларускай электраэнэргіі ва Ўкраіну займаюцца толькі дзьве прыватныя кампаніі — «Тет груп», створаная Віталём Бутэнкам, адным з былых мэнэджараў кампаніі ўкраінскага мільярдэра Рыната Ахметава, і ТАА «ЕЛЕКТРО КОМ’ЮНІТІ» Аляксандра Ткачэнкі, якую зьвязваюць менавіта з Яўгенам Шаўчэнкам.

Пазьней пэўныя ўкраінскія тэлеграм-каналы паведамлялі, што пастаўкамі электраэнэргіі зь Беларусі займаюцца кампаніі, блізкія да кіроўнай партыі «Слуга народу». Яны нібыта праз пасярэднікаў перапрадаюць беларускую энэргію даражэй, чым набываюць у Беларусі, а потым увогуле экспартуюць у іншыя краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG