Штраф наклалі за паказ праграмы «Прэмія Муз-ТВ. Пачатак святла» з узроставым абмежаваньнем 16+. Пасьля гэтай трансьляцыі на тэлеканал завялі справу па артыкуле аб прапагандзе нетрадыцыйных сэксуальных адносін сярод непаўналетніх.
Як вынікае з судовага рашэньня, перадачу аналізаваў «Цэнтар спэцыяльных дасьледаваньняў і экспэртыз». Яго экспэрты прыйшлі да высновы, што вобразы гасьцей праграмы «культуральна не адпавядалі вобразу мужчыны традыцыйнай палавой арыентацыі» ў Расеі.
Да прыкладу, экспэрты зьвярталі ўвагу на макіяж, нафарбаваныя пазногці, даўгія валасы і «жаноцкую міміку і жэсты».
На тэлеканал паскардзіліся за трансьляцыю ўручэньня прэміі «Муз-ТВ 2021» сёлета ў чэрвені. Тэлеканал паказаў у эфіры, у прыватнасьці, сьпевакоў Філіпа Кіркорава і Даву ў вобразе маладых, якія бяруць шлюб, а таксама блогераў Ігара Сіняка ў сукенцы і Даню Мілохіна ва ўборы напалову з сукенкі, напалову са смокінга.
Пасьля гэтага грамадзкая ўпаўнаважаная па абароне сям’і Вольга Баранец напісала заяву ў паліцыю, а Раскамнагляд паабяцаў праверыць запіс эфіру на прадмет парушэньня закону аб забароне так званай гей-прапаганды непаўналетнім.