Амэрыканскае інфармацыйнае агенцтва «Голас Амэрыкі» прызначыла Міраславу Гангадзэ першым кіраўніком ва Ўсходняй Эўропе.
Гэта прызначэньне і стварэньне новай пасады «пашырыць вяшчаньне ў рэгіёне, які цярпіць ад гібрыднай вайны і дэзынфармацыі», паведамляе «Голас Амэрыкі».
Гангадзэ, якая працавала ў «Голасе Амэрыкі» ў ЗША з 2004 году, пераедзе ў Кіеў у 2022 годзе.
«Пры інтэнсіўным зьбіраньні расейскіх сіл уздоўж мяжы Украіны і ў акупаваным Расеяй Крыме Гангадзэ будзе інфармаваць сусьветную аўдыторыю аб агрэсіўнай тактыцы Крамля ва Ўсходняй Эўропе і ўплыве Расеі і Кітая ў рэгіёне», — паведамляе «Голас Амэрыкі».
Са свайго боку Гангадзэ заявіла, што для яе «вялікі гонар» працягнуць сваю сямнаццацігадовую кар’еру ў «Голасе Амэрыкі» ў новай ролі.
Міраслава Гангадзэ — жонка заснавальніка «Ўкраінскай праўды» Георгія Гангадзэ, забітага ў 2000 годзе.