Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія войскі з высокай імавернасьцю будуць уведзеныя ў Беларусь зімой 2021/22 — прагноз American Enterprise Institute


Расейскія вайскоўцы на вучэньнях «Захад-2021» у Беларусі, 11 верасьня 2021 г.
Расейскія вайскоўцы на вучэньнях «Захад-2021» у Беларусі, 11 верасьня 2021 г.

Такая выснова ўтрымліваецца ў дакладзе «Імаверны курс дзеяньняў Пуціна ва Ўкраіне» дасьледчага цэнтру American Enterprise Institute.

Аўтары дакладу лічаць малаімаверным, каб у бліжэйшыя месяцы Крэмль пачаў уварваньне на неакупаваную тэрыторыю Ўкраіны. «Пуцін, хутчэй за ўсё, накіруе расейскія сілы ў Беларусь і, магчыма, адкрыта на акупаваны Расеяй Данбас. Ён можа пачаць абмежаванае ўварваньне на неакупаваны паўднёвы ўсход Украіны, якое не дацягвае да поўнамаштабнага ўварваньня», — пішуць амэрыканскія экспэрты.

Самым імаверным крокам Пуціна ў дакладзе названа «разьмяшчэньне расейскіх паветрана-дэсантных і/або мэханізаваных падразьдзяленьняў у адным або некалькіх месцах у Беларусі, якія б падтрымлівалі заплянаваны напад на Ўкраіну, а таксама стваралі б іншыя пагрозы для краін-чальцоў NATO».

«Вельмі верагодна, што гэтай зімой Пуцін увядзе ў Беларусь расейскія войскі. Ён стварыў усе неабходныя інфармацыйныя і ваенныя ўмовы для гэтага і, верагодна, проста чакае зручнага, на яго думку, моманту. Такі крок можа значна ўзмацніць праблему, зь якой сутыкаецца NATO, абараняючы краіны Балтыі ад будучага нападу Расеі, бо ён паставіць расейскія мэханізаваныя падразьдзяленьні па абодва бакі вузкага Сувальскага калідору, празь які павінны праходзіць пастаўкі і падмацаваньне NATO ў краіны Балтыі. Гэта таксама стварыла б умовы для будучых пагроз уварваньня ва Ўкраіну ўздоўж восі, што дазволіць расейскім войскам ахапіць Кіеў з захаду. І гэта паставіць дадатковыя расейскія войскі на польскую мяжу, павялічваючы пагрозу для ўсходняга флянгу NATO», — адзначаюць аўтары дакладу «Імаверны курс дзеяньняў Пуціна ва Ўкраіне».

Яны нагадваюць, што «расейскія войскі актыўна праводзілі вучэньні зь беларускімі войскамі, дэманстравалі і ўдасканальвалі свае здольнасьці дзейнічаць у зводных групах, расейскія войскі добра знаёмыя зь мясцовасьцю і вайсковымі аб’ектамі Беларусі, вайсковай дактрынай, пратаколамі сувязі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG