Пра гэта паведаміла Генэральная пракуратура.
Івуліна вінавацяць у «арганізацыі і актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».
Паводле матэрыялаў справы, Івулін 23 жніўня і 27 верасьня 2020 году рухаўся па праезнай частцы праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Сурганава ў Менску і блякаваў рух транспарту. Яму пагражае да 4 гадоў калёніі.
Спартовы журналіст, аўтар папулярнага youtube-каналу «ЧестнОК» Аляксандар Івулін у зьняволеньні ўжо амаль 5 месяцаў, з 4 чэрвеня.
Спачатку яго затрымалі нібыта за бел-чырвона-белы сьцяг на бальконе, а затым ня выпусьцілі пасьля адміністрацыйных «сутак» і завялі на яго крымінальную справу паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя групавых дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
У Беларусі на 15 сьнежня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі 929 чалавек.