Бяз выплаты збору не адбудзецца разгляду скаргі Сьвятланы Гацко на адміністрацыйны арышт, які, як яна мяркуе, стаў прычынай яе звальненьня. Але жанчына кажа, што плаціць ня будзе, бо лічыць, што парушаюцца яе грамадзянскія правы.
«Паводле закону, чалавек без прыбыткаў мае права не плаціць дзяржаўную пошліну ў выпадку звароту ў суд. Але правы ў нас ёсьць, а ў жыцьці ўсё інакш», — кажа Сьвятлана.
Сьвятлана Гацко — былая супрацоўніца Беларускай чыгункі, яна 33 гады адпрацавала на чыгуначнай станцыі Шабаны, за сваю працу была ўшанаваная граматамі, прызнавалася найлепшай у прафэсіі.
У 2020 годзе жанчыну арыштавалі на 10 дзён за ўдзел у маршы пратэсту. Сёлета ў траўні яе пасадзілі на 30 сутак у ізалятар на Акрэсьціна пасьля таго, як сфатаграфавалася зь віншаваньнем Марыі Калеснікавай зь днём народзінаў.
Гэты арышт Сьвятлана Гацко цяпер спрабуе аспрэчыць, бо лічыць, што прагулы, якія ў яе адбыліся, сталі прычынай звальненьня. Былая чыгуначніца падала скаргу на пастанову аб адміністрацыйным арышце ў Менскі гарадзкі суд, яе не задаволілі.
Тады жанчына зьвярнулася ў Вярхоўны суд. Але там зноў запатрабавалі сплаціць дзяржаўны збор памерам 29 рублёў. Сьвятлана зьвярнулася ў суд з просьбай вызваліць яе ад збору.
«Дакладна ведаю, што беларускі закон дае судзьдзі права адмяніць выплату дзяржаўнай пошліны для грамадзяніна, які ня мае прыбыткаў. Мой выпадак якраз такі — ужо амаль паўгоду ў мяне няма працы і прыбыткаў. Пра гэта маю даведку з Цэнтру занятасьці, што я там пастаўленая на ўлік як беспрацоўная. Але чамусьці суд гэтага ня ўлічвае. Думаю, толькі з палітычных прычын», — кажа былая чыгуначніца.
Тое, што Вярхоўны суд можа адмяніць дзяржаўны збор, вынікае зь ліста Сьвятлане Гацко ад начальніка ўправы арганізацыі судовага нагляду Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь С. Бойка. Паводле чыноўніка, такое права суду дае Падатковы кодэкс. Але, тлумачыць Бойка, «прадастаўленьне ўказанай ільготы ёсьць правам, а не абавязкам адпаведнай службовай асобы», і дадае, што абскардзіць рашэньне аб даваньні ці недаваньні льготы немагчыма.
«Намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь не знайшоў падстаў для наданьня вам дадатковай ільготы па дзяржаўнай пошліне», — паведаміў Сьвятлане Гацко Бойка ў лісьце ад 15 лістапада.
Пры гэтым чыноўнік не назваў прозьвішча намесьніка старшыні Вярхоўнага суду, які разглядаў просьбу беспрацоўнай Гацко. Яшчэ праз 23 дні, 8 сьнежня, той жа чыноўнік Бойка папярэдзіў былую чыгуначніцу, што калі яна ня сплаціць дзяржаўны збор, разгляд яе касацыйнай скаргі ў Вярхоўным судзе не адбудзецца, а закон дае на абскарджаньне судовага рашэньня аб адміністрацыйным арышце толькі 6 месяцаў пасьля набыцьця законнай моцы.
Сьвятлана тлумачыць: Заводзкі раённы суд прысудзіў ёй арышт 14 траўня, а 25 чэрвеня гэтае рашэньне пацьвердзіў Менскі гарадзкі суд. Такім чынам абскардзіць яго можна толькі да 25 сьнежня, на судовыя цяжбы часу ды і жаданьня не засталося, прызнае жанчына.
«І што мне рабіць? На працу нідзе не бяруць, грошай няма, а калі б і былі, дык пэрспэктыў выйграць суд усё роўна ня бачу. Больш туды не зьвярнуся, бо ня веру. Пабуду яшчэ крыху тут і паеду ў Польшчу, бо жыць так проста немагчыма», — кажа былая чыгуначніца Сьвятлана Гацко.