Як паведамляе РИА Новости, інтэграцыя сыстэмаў перадачы фінансавых паведамленьняў і разьлікаў уваходзіць у адну з 28 саюзных праграмаў, якія Лукашэнка і Пуцін зацьвердзілі сёлета ў лістападзе.
Сыстэма перадачы фінансавых паведамленьняў зьявілася ў адказ на першую хвалю антырасейскіх санкцыяў у 2014 годзе, пад якую трапіў і шэраг банкаў. Гэтым Масква хацела засьцерагчыся ад магчымых праблемаў у выпадку адключэньня SWIFT. Банкі падключаюцца да сыстэмы шляхам падпісаньня адпаведных дамоваў з Цэнтрабанкам.
Тэма магчымага адключэньня Расеі ад SWIFT узьнікае кожны раз пры абвастрэньні супярэчнасьцяў з заходнімі краінамі. Але ў апошнія месяцы ў парадку дня апынулася і Беларусь.
Раней апанэнты палітычных рэжымаў у Расеі і Беларусі заклікалі фінансавыя інстытуты адключыць банкаўскія ўстановы дзьвюх краін ад міжнародных разьлікаў SWIFT у адказ на сыстэматычныя парушэньні правоў чалавека.