У першым чытаньні на пленарным пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў прынялі законапраект аб унясеньні зьменаў у закон «Аб унутраных войсках Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь».
Мэтамі падрыхтоўкі законапраекту дэкляруецца «ўдасканаленьне арганізацыйных і прававых асноваў дзейнасьці ўнутраных войскаў МУС Беларусі, парадку выкананьня ўскладзеных на іх задач, павышэньне прававой і сацыяльнай абароны ваеннаслужачых» і г.д.
Сярод іншага, законапраектам прадугледжваюцца:
- удзел унутраных войскаў у ахове грамадзкага парадку падчас рэжыму надзвычайнага і ваеннага становішча, прававога рэжыму ў зоне правядзеньня контратэрарыстычнай апэрацыі, узмацненьні аховы Дзяржаўнай мяжы;
- прадстаўленьне ваеннаслужачым унутраных войскаў правоў на захоўваньне і нашэньне зброі, вывучэньне абстаноўкі ў раёнах выкананьня пастаўленых задач, у тым ліку з выкарыстаньнем тэхнічных сродкаў;
- надзяленьне ваеннаслужачых унутраных войскаў правам на прымяненьне зброі ў адносінах да асобаў, якія ўдзельнічаюць у групавым або збройным нападзе на вайсковы нарад або каравульнае памяшканьне, якія спрабуюць незаконна прайсьці на тэрыторыю ахоўных аб'ектаў;
- надзяленьне ўнутраных войскаў паўнамоцтвамі на прымяненьне баявой і спэцыяльнай тэхнікі для спыненьня масавых беспарадкаў і групавых парушэньняў грамадзкага парадку або дзеяньняў, накіраваных на разбурэньне або зьнішчэньне маёмасьці ўсіх формаў уласнасьці;
- прадастаўленьне ўнутраным войскам абавязку гарантаваць бясьпеку ня толькі сваіх ваеннаслужачых ад замахаў на іх жыцьцё, здароўе, гонар, годнасьць і маёмасьць, а і асобаў цывільнага пэрсаналу ўнутраных войскаў і іх блізкіх.
Што яшчэ зьмяняецца ў законе
У артыкуле 7, які рэглямэнтуе кіраўніцтва і кіраваньне ўнутранымі войскамі, у выпадку прыняцьця паправак міністар унутраных спраў зможа самастойна выдаваць як нарматыўныя, так і ненарматыўныя прававыя акты.
Артыкул 21 Закону аб унутраных войсках апісвае правілы прымяненьня імі зброі (правоў стане больш). У цяперашняй рэдакцыі гэта дазваляецца, толькі «калі іншыя спосабы і сродкі дзеля забесьпячэньня іх выкананьня аказаліся неэфэктыўнымі», а ў выпадку прыняцьця законапраекту такога абмежаваньня ня будзе.
Зброю можна будзе прымяняць і ў дачыненьні да асобы, якая спрабуе незаконна трапіць на тэрыторыю аб’ектаў (ці пакінуць яе), якія ахоўваюць унутраныя войскі, калі ня будзе іншай магчымасьці спыніць чалавека.
Яшчэ адна прапанаваная папраўка ў гэтым артыкуле: пашырыць сфэру прымяненьня зброі супраць жанчын, людзей з інваліднасьцю і непаўналетніх. Пакуль унутраныя войскі могуць страляць у такіх людзей, толькі калі тыя «ажыцьцяўляюць збройны ці групавы напад».
Для спыненьня масавых беспарадкаў хочуць дазволіць выкарыстоўваць вайсковую тэхніку. У артыкул 22, дзе апісваюцца правілы яе прымяненьня, урад прапануе дадаць, што яе можна выкарыстоўваць для «спыненьня масавых беспарадкаў і групавых парушэньняў грамадзкага парадку або дзеяньняў, накіраваных на разбурэньне і (або) зьнішчэньне маёмасьці ўсіх формаў уласнасьці».