Пра тое, што цяпер пагражае тым, хто да гэтага падтрымліваў праекты ці атрымліваў ад іх дапамогу? І як будуць расцэньвацца дзеяньні беларусаў, якія працягнуць гэта рабіць? Пра гэта журналісты Zerklao. io cпыталі ў адвакатаў.
Паводле Міхаіла Кірылюка, адваката, пазбаўленага ліцэнзіі ў Беларусі, прадстаўніка Каардынацыйнай рады і НАУ ў юрыдычных пытаньнях, адказнасьць за фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці прадугледжвае артыкул 361-2 КК, аднак беларусам, якія раней пералічвалі грошы ў BYSOL і Voices from Belarus, па законе нічога не пагражае.
— Крымінальны закон зваротнай сілы ня мае. Гэта значыць, што ён ня можа прымяняцца да тых, хто пералічваў або атрымліваў сродкі да таго, як адбылося «прызнаньне» [экстрэмісцкім фарміраваньнем].
На думку Кірылюка, у беларусаў ёсьць рызыкі трапіць пад рэпрэсіі, калі працягнуць адкрыта фінансаваць рэсурсы, прызнаныя экстрэмісцкімі. Могуць пачацца кропкавыя рэпрэсіі, пра якія будуць пісаць у мэдыя, усё разам можа спрацаваць на запалохваньне людзей, каб тыя перасталі фінансава падтрымліваць адна адну.
Яшчэ адзін адвакат, які пажадаў застацца ананімным, у камэнтары Zerkalo. io таксама адзначыў, што па законе адказнасьці за пералічэньне грошай у мінулым у фонды і праекты, якія прызналі экстрэмісцкім фармаваньнем, у фізычных асоб і юрыдычных асоб няма.
Ці можа паўтарыцца практыка, калі беларусаў, што атрымалі дапамогу ад фонду By_help, выклікалі для паказаньняў па крымінальнай справе? Спэцыяліст лічыць, што ў гэтым выпадку людзей могуць пачаць выклікаць на допыты як сьведкаў. А вось далейшае супрацоўніцтва з гэтымі структурамі і пералічэньне грошай, на думку адваката, можа расцэньвацца як аказаньне дапамогі ў экстрэмісцкай дзейнасьці.
— Тыя, хто працягне [супрацоўнічаць], могуць быць затрыманыя і дапытаныя ў якасьці падазраванага, роўна як і дапытаныя без затрыманьня ў якасьці сьведкі па абставінах пералічэньня грашовых сродкаў.
Адвакат тлумачыць, што ў гэтых выпадках на допыце павінны ўсталёўвацца мэты і намер асобаў рабіць супрацьпраўныя дзеяньні — на што канкрэтна пералічваліся ці атрымліваліся грошы, ці ішлі яны на тэракт, на дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, на масавыя беспарадкі.
— Калі падчас допыту будуць устаноўлены абставіны супрацьпраўных дзеяньняў (у тым ліку экстрэмісцкіх) або падрыхтоўкі да іх, пры гэтым грошы павінны былі пайсьці на дапамогу ў зьдзяйсьненьні гэтых дзеяньняў, гэтыя асобы могуць быць прызнаныя падазраванымі і затрыманыя. Але калі я пералічыў грошы на дапамогу лекарам у гэтыя фонды, а мае грошы выдаткавалі на падрыў улады, — я адказнасьць за гэта не нясу, бо маім намерам не ахопліваліся дзеяньні па падрыве. Калі я атрымліваю грошы на прадукты — тая ж гісторыя. Калі ж атрымліваю іх на аплату хаўрусьнікам, куплю гарматы, прадметы, якія будуць выкарыстаныя ў экстрэмісцкай дзейнасьці, ці ведаў, што грошы пойдуць на такую дзейнасьць і для гэтага іх уносіў, — гэта крымінальная адказнасьць. Сам факт выкліку на допыт і ягоная атмасфэра, вядома, будуць людзей палохаць, але 70 000 чалавек не пакараеш і па крымінальным артыкуле не прыцягнеш.
Адвакат Андрэй Мачалаў, таксама пазбаўлены ліцэнзіі ў Беларусі, згодны з калегамі ў тым, што прыцягненьне да адказнасьці для тых, хто раней неяк кантактаваў з фондамі, не пагражае.
Што тычыцца тых, хто пералічваў на іх грошы, Мачалаў прыводзіць два артыкулы, якія тэарэтычна маглі б прымяняцца ў гэтым выпадку, — 361-2 і 342. ч.2 (пад якія падпадае фінансаваньне або матэрыяльнае забесьпячэньне дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак). Ён таксама адзначае, што будзе важная наяўнасьць намеру, матыву або мэты.
Пры гэтым атрыманьне грашовай дапамогі, на думку былога адваката, усё гэтак жа ня будзе ўтвараць склад злачынства. Але ён адзначае, што гэта могуць выкарыстоўваць як абцяжарваючую акалічнасьць супраць чалавека ў будучыні, калі ён будзе затрыманы па крымінальным артыкуле.
— Калі чалавека судзяць, да прыкладу, за ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і раптам выяўляецца, што яму нешта выплачвалі, у тэорыі гэта могуць расцаніць як карысьлівы матыў — нібыта ён гэта рабіў за грошы. Цікава, што падобнае спачатку дзяржаўны абвінаваўца хацеў прымяніць да справы Вольгі Залатар. Расьпісалі ўсё, як у трылеры, зь вялікімі абаротамі, падрывамі грамадзкага спакою, але, па сутнасьці, усё абвінавачаньне заключалася ў тым, што аднойчы адзін чалавек ёй пералічыў грошы на пакупку вянка Раману Бандарэнку. Дзякуй богу, нейкай элементарнай лёгікі хапіла, каб ад гэтага абвінавачаньня адмовіліся, таму што карысьлівага матыву ў яе не было.
Міхаіл Кірылюк лічыць, што масавыя рэпрэсіі за ўзаемадзеяньне зь цяпер ужо экстрэмісцкімі фармаваньнямі BYSOL, Voices from Belarus і Digital Solidarity, у краіне немагчымыя.
— Сумарная аўдыторыя мэдыяў, прызнаных экстрэмісцкімі, ужо, думаю, перавысіла мільён чалавек. І калі верыць мэсэджу ГУБАЗіК, усе яны ўжо павінны быць у турме, рыхтавацца адбываць пакараньне па арт.361-1 КК (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім). Аднак мы бачым, што гэтага не адбываецца. Прычына простая: гэта законы, для ўжываньня якіх ня хопіць ні чалавечых і арганізацыйных рэсурсаў, ні адвагі. Адпаведна, гэта загадзя невыканальныя законы яшчэ на стадыі падпісаньня, аб чым ведаюць іх аўтары і выканаўцы. Таму галоўная мэта іх публікацый — запалохваньне.
Таксама юрыст адзначыў, што сёньня ў Беларусі застаецца дастаткова мэтадаў праявіць салідарнасьць, не раскрываючы сваю асобу.
Што трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі
14 траўня 2021 году быў падпісаны закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму», які набыў моц 14 чэрвеня. Раней праект у Палату прадстаўнікоў унёс урад, 2 красавіка яго прынялі ў першым чытаньні, а 16 красавіка — у другім. Нягледзячы на тое, што зьмены закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў, публічныя абмеркаваньні не праходзілі.
У Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.
Тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус «экстрэмісцкага фармаваньня», ягоныя падпісчыкі таксама могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. У той жа час падпіска на каналы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не караецца — пры ўмове, што падпісчык не аказвае падтрымкі ў папулярызацыі каналу: не рэпосьціць, не пералічвае грошай, не зьлівае туды інфармацыю.
«Матэрыялы» і «фармаваньні» сілавікі разьмяжоўваюць так: «экстрэмісцкія матэрыялы» — гэта тое, што робіць чалавек, а «экстрэмісцкія фармаваньні» — тыя, хто робіць.
Пры гэтым у МУС Беларусі адзначаюць, што стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.
Першыя экстрэмісцкія фармаваньні ў Беларусі вызначылі ў сярэдзіне кастрычніка — інтэрнэт-рэсурсы dze. chat і «Рабочы рух». Цяпер іх ужо дзясяткі.
Прыцягнуць да адказнасьці за «экстрэмізм» цяпер могуць па цэлым шэрагу напрамкаў.
- Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
- Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
- Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
- Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.