Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ахова птушак Бацькаўшчыны» аб’явіла птушку 2022 году ў Беларусі


Белая сініца, рака Прыпяць
Белая сініца, рака Прыпяць

Ёй стала белая сініца, або князёк — невялікая прыгожая пеўчая птушка жыве ў Беларусі толькі на Палесьсі і ўключаная ў Чырвоную кнігу Беларусі. Яна зьмяніла леляка — птушку 2021 году.

Спачатку яна перамагла ў «птушыных праймэрыз» (анлайн-галасаваньні, у якім мог удзельнічаць любы чалавек) і стала адной з трох кандыдатак на званьне птушкі году разам са скапай і звычайнай туркаўкай. А пасьля на Зьездзе АПБ за яе змагалася цэлая агітацыйная група. У выніку белая сініца атрымала перамогу зь вялікім адрывам, паведамляе Ахова птушак Бацькаўшчыны.

Белая сініца гняздуе ў Беларусі і Ўкраіне толькі ў Палесьсі і нават узімку не пакідае яго. Птушкі канцэнтруюцца вакол Прыпяці і на яе прытоках. Тут белая сініца ўтварае ізаляваную папуляцыю. Асноўны ж арэал расьцягнуўся паласой ад Масквы да Японскага мора.

Гэта адзін з самых папулярных відаў беларускіх птушак за мяжой. Шмат турыстаў прыяжджаюць на Палесьсе, каб пабачыць менавіта яе. Птушка гэтая меншая за вераб’ёў: вага да 16 грамаў, размах крылаў да 21 см. Белая сініца ўключаная ў «Чырвоную кнігу Беларусі» яшчэ зь першага выданьня. Іх колькасьць у Беларусі апошні раз ацэньвалася ў 2015 годзе — усяго ў 500-800 пар.

Нацыянальную кампанію «Птушка году» АПБ праводзіць з 2000 году, каб прыцягнуць увагу людзей да дзікіх птушак Беларусі іх праблемаў і неабходнасьці захаваньня тых месцаў, дзе яны жывуць.

Цягам году арнітолягі будуць адлоўліваць і пазначаць белых сініц каляровымі кольцамі. Паназіраць за працэсам кальцаваньня можна будзе ў Тураве на першай у Беларусі станцыі кальцаваньня.

У Палесьсі АПБ плянуе правесьці адмысловыя ўлікі ў месцах іх гнездаваньня і закласьці маршруты для будучага маніторынгу. Узімку ў межах кампаніі з дапамогай лесьнікоў і школьнікаў плянуюць зрабіць і разьвесіць сотні дамкоў для белай сініцы на Палесьсі. А каб паназіраць за белымі сініцамі змог любы ахвотны, АПБ паспрабуе зладзіць анлайн-трансьляцыю з кармушкі ў Палесьсі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG