Арганізацыя сьцьвярджае, што сабраныя дадзеныя аб забойстве 47 былых афганскіх вайскоўцаў, паліцыянтаў і супрацоўнікаў сіл бясьпекі талібамі ў пэрыяд з 15 жніўня па канец кастрычніка. У HRW заяўляюць, што справаздача заснавана на 67 інтэрвію, у тым ліку 40 асабістых інтэрвію са сьведкамі, сваякамі і сябрамі ахвяр, а таксама з удзельнікамі «Талібану».
«Амністыя, абяцаная лідэрамі „Талібана“, не перашкодзіла баевікам пакараць сьмерцю або выкрадаць былых супрацоўнікаў афганскіх сіл бясьпекі. „Талібан“ павінен прадухіліць новыя забойствы, правесьці стараннае расьсьледаваньне кожнага названага выпадку і выплаціць кампэнсацыю сем’ям ахвяр», — заявіла Патрыцыя Гусман, HRW.
Як адзначаецца ў справаздачы, лідэры «Талібана» заклікалі супрацоўнікаў сіл бясьпекі, якія здаліся, зарэгістраваць свае дадзеныя, каб гарантаваць іх бясьпеку. Аднак, паводле інфармацыі праваабаронцаў, талібы выкарыстоўвалі гэтую інфармацыю для затрыманьня і пакараньняў сьмерцю без судовага разбору.
Акрамя таго, «Талібан» атрымаў доступ да базы дадзеных былых урадавых чыноўнікаў, якую ён выкарыстоўваў для затрыманьня і забойства людзей, гаворыцца ў дакумэнце.
У справаздачы HRW таксама апісваюцца начныя рэйды, падчас якіх затрымлівалі ці выкрадалі былых урадавых службоўцаў. Праваабаронцы паведамляюць аб перасьледзе чальцоў сем’яў ахвяр, некаторыя зь іх былі адпраўленыя ў турму або забітыя.
У сярэдзіне жніўня талібы падчас імклівага наступу ўзялі пад кантроль усю тэрыторыю Афганістана, без бою захапіўшы сталіцу і найбуйнейшы горад Кабул.
Афганістан быў аб’яўлены «Ісламскім Эміратам», сьвецкая ўлада ў якім будзе знаходзіцца пад рэлігійным кантролем. У пачатку верасьня яны агучылі склад новага ўрада.
Краіны Захаду не прызнаюць «Талібан» законным урадам Афганістана. Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што талібам трэба прайсьці доўгі шлях, калі яны хочуць міжнароднага прызнаньня.
З 1996-га па 2001 год талібы ўжо былі фактычнымі кіраўнікамі краіны і аб’яўлялі яе ісламскім эміратам. Тады іх урад фармальна прызнавала толькі тры дзяржавы — Пакістан, Саудаўская Арабія і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.