Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ужо і слова нельга сказаць». Сяброўка чакае хлопца, затрыманага за камэнтары ў «справе Зельцара»


Амаль два месяцы назад прайшлі масавыя затрыманьні ў «справе Зельцара». Што пра іх вядома?

З 29 верасьня па 1 кастрычніка ў розных гарадах Беларусі адбыліся масавыя затрыманьні людзей, якія камэнтавалі ў сеціве гібель айцішніка Андрэя Зельцара і супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка. Сьледчы камітэт паведаміў у кастрычніку, што затрымалі 136 чалавек. Супраць іх завялі крымінальныя справы паводле артыкулаў 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) і 130 (Распальваньне сацыяльнай варожасьці). Фігурантаў «справы Зельцара» праваабаронцы прызналі палітвязьнямі.

Дзяўчына аднаго з затрыманых, якая не пажадала называцца дзеля бясьпекі, расказала, што цяпер адбываецца зь яе хлопцам. Яна за амаль два месяцы не атрымала ад яго ніводнага ліста.

«Мы ня ведаем, які камэнтары ён напісаў і ці наогул пісаў. Ня ведаем, у чым яго абвінавачваюць, бо адвакат пад падпіскай аб невыдаваньні. Мы ня ведаем, чаму яго там трымаюць», — сказала дзяўчына.

Хлопца затрымалі ў Менску ўвечары 29 верасьня, потым зьмясьцілі на Акрэсьціна. 5 кастрычніка яго разам зь іншымі затрыманымі ў «справе Зельцара» перавялі ў Жодзінскую сьледчую турму № 8. Ад гэтага дня там аб’явілі карантын, які цягнуўся да сярэдзіны лістапада.

«Пасьля затрыманьня мы не маглі знайсьці яго цягам двух дзён. Потым усё ж адвакат прабіўся на Акрэсьціна і даведаўся, што ён там, — кажа дзяўчына. — Потым адбыўся допыт у прысутнасьці адваката. Яму вынесьлі папярэдняе абвінавачаньне, а ў адваката ўзялі падпіску аб невыдаваньні. То бок пра справу мы нічога ня ведаем. Гэта было 4 кастрычніка, і ад таго часу ў іх абвясьцілі карантын, які насамрэч быў маральным ціскам. Ён цягнуўся да 16 лістапада. Больш за месяц людзям не давалі ні перадач, ні лістоў. Мы спрабавалі грукацца ўсюды, дзе грукаецца, але нічога: поўная маральная і сацыяльная ізаляцыя. Яны сядзелі ўвесь гэты час у адзеньні, у якім іх затрымалі, бяз сродкаў гігіены і цёплых рэчаў».

Пасьля адмены карантыну да хлопца трапіў адвакат. Ад яго сваякі даведаліся, што іхны вязень трымаецца, спрабуе быць вясёлым, сказаў, што яго ня білі. Увесь гэты час вязьні сядзелі ў камэры на 10 месцаў, дзе было 20 чалавек. Яны ня мелі матрацаў, спалі на мэталічных нарах. Таму хлопцы прасілі перадаць мазь, бо балела сьпіна. Аднак мэдыкамэнтаў ім не аддавалі, хаця сваякі перадавалі.

«Ну адвакат убачыў, што ён жывы, як мінімум. Бо мы ж наогул нічога ня ведалі. Ён быў у нармальным стане. Сказаў, каб перадалі цёплыя рэчы, бо там холадна. І сказаў пра здароўе, што яно ня вельмі, бо яшчэ перад затрыманьнем перахварэў на ковід, а цяпер у яго сталі выпадаць валасы. Сказаў, што сьпіна баліць, а ежа не багатая на вітаміны, — кажа дзяўчына. — Толькі на мінулым тыдні мы завезьлі вялікую перадачу на 30 кіляграмаў, і паўторна мэдычную, бо, як я разумею, першая не дайшла. За гэты час я паслала яму 7 лістоў, таксама яму шмат пісалі ягоная і мая маці. Ён сказаў адвакату, што нічога не атрымліваў. І ад яго мы ні разу нічога не атрымалі».

Першы ліст ад хлопца прыйшоў на днях.

«Ён піша, што шчасьлівы, што атрымаў перадачу. Піша, што збольшага ўсё добра: чытае кнігі, вадзілі ў душ. Ліст датаваны 17 лістапада, да гэтага дня ад моманту затрыманьня ён ня бачыў неба. То бок на шпацыры яго не вадзілі», — кажа дзяўчына.

Сваякі затрыманых у «справе Зельцара» дагэтуль не разумеюць, што адбываецца.

«У нас быў жахлівы стан, сваякі падзяліліся на два лягеры: частка лічыла, што трэба біць ва ўсе званы, пісаць скаргі, бо гэта ж вельмі цяжка вытрымаць маўчаньне больш за месяц, — кажа дзяўчына. — А другая частка баялася, што сваякі, груба кажучы, засталіся ў закладніках. То бок ім маглі зрабіць усё што заўгодна за якую-небудзь скаргу».

Паводле дзяўчыны, гэта жахліва, што столькі людзей затрымалі за камэнтары.

«У нашай краіне ўжо даўно няма свабоды слова, таму я актыўна выказвалася ў інтэрнэце. Але гайкі закручваюцца і атрымліваецца што ў нас ужо і слова нельга сказаць. Наогул нічога. Гэта жахліва, што людзям даводзіцца ўцякаць са сваёй краіны, — кажа дзяўчына, — Пастаянна размаўляю з блізкімі, каб хоць неяк трымацца ў гэтай сытуацыі. Бо за кратамі блізкі, любімы чалавек. Вядома, я буду яго чакаць, колькі трэба. Я б не хацела там апынуцца, але ўжо, шчыра кажучы, і ня страшна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG