Як расказалі сваякі Арцёма Баярскага, на судовым працэсе Арцём будзе адзіным фігурантам. Суд мае быць адкрытым. Хлопец хвалюецца за тое, як усё пройдзе. Ён папрасіў сваякоў, каб усе, хто можа, прыехалі хаця б на першае паседжаньне, каб зь імі пабачыцца. Плянуюць прыехаць бацькі, брат, цётка, дзяды і бабулі. Далейшы расклад паседжаньняў пакуль невядомы.
Перад судом Арцёму дазволілі двойчы сустрэцца з бацькамі на кароткатэрміновых спатканьнях.
Арцёму 20 гадоў. Ён гарадзенец. Перад затрыманьнем вучыўся на другім курсе хімічнага факультэту БДУ. Знаходзіцца пад вартай 8 месяцаў. Яго вінавацяць у адміністраваньні тэлеграм-каналу «Мая краіна Беларусь» (крымінальны артыкул 361-1 «Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня»), а таксама ў арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або ўдзеле ў іх (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу).
Апошнім часам хлопцу перасталі перадаваць лісты ад сяброў і знаёмых, даходзяць толькі ад сваякоў.
«Гэта такі спосаб псыхалягічнага ціску, калі чалавек можа і засумнявацца, ці не забыліся пра яго, ці сапраўды яго падтрымліваюць сябры і былыя аднагрупнікі, калі ніякіх вестачак ад іх не аддаюць», — мяркуе маці Арцёма Вольга.
Сам Арцём піша па 5 лістоў родным на тыдзень, амаль усе даходзяць. У яго бываюць розныя эмацыйныя пэрыяды за кратамі, калі перамагае то роспач, то надзея. У лістах бацькам ён піша, што іх любіць.
Былы студэнт працягвае на «Валадарцы» чытаць навукова-папулярныя часопісы, у тым ліку пра хімію. Просіць дасылаць яму навіны з мэдычнай сфэры. Сваякі рэгулярна рыхтуюць для яго такі дайджэст, прыкладам, пра карыснае харчаваньне або як пэўныя звычкі ўплываюць на жыцьцё чалавека. Таксама экс-студэнту ў СІЗА дасылаюць задачы па хіміі, а ён рашае іх і высылае адказы для праверкі на волю.
Арцём зацікавіўся ў няволі Бібліяй, прачытаў яе амаль усю. Ён просіць пісаць яму тлумачэньні пэўных біблійных прыпавесьцяў, якіх ён не разумее, напрыклад пра Божае Валадарства, якое параўноўваюць з гарчычным зярняткам.
Да таго ж хлопец вучыць ангельскую мову ў камэры. Сваякі дасылаюць яму раздрукоўкі практыкаваньняў. Арцём папрасіў перад Калядамі прыслаць яму пераклад песьні Jingle Bells, які ён рабіў яшчэ ў школе.
Больш за два месяцы ў Арцёма не праходзіць кашаль. Ён быў хваравітым зь дзяцінства. Цяпер хлопец сядзіць у камэры, дзе больш за 10 чалавек, многія кураць.
Будучыні хлопец не плянуе. Ён спадзяецца як мага хутчэй выйсьці на волю.
«Нельга, каб дзеці сядзелі ў турме. Нельга ў бацькоў забіраць дзіця, нельга ў дзіцяці забіраць бацькоў. Безумоўна, гэта даецца вельмі цяжка. Кожны дзень сьлёзы, хаця іншым гэтага не паказваем. Вядома, мы ўсе жывём надзеяй, што дабро неўзабаве пераможа», — кажа Вольга Баярская.
Хто такі Арцём Баярскі
Арцёму Баярскаму 20 гадоў, ён паходзіць з Горадні. Вучыўся на другім курсе хімфаку БДУ. У жніўні 2020 году адмовіўся ад прэзыдэнцкай стыпэндыі разам з сотняй іншых студэнтаў. Яшчэ школьнікам ён чатыры разы займаў прызавыя месцы на нацыянальных алімпіядах у хіміі. Пасьля затрыманьня яго выключылі з БДУ. У верасьні яго завочна залічылі ў Ковенскі ўнівэрсытэт Вітаўтаса Вялікага на бакаляўрскую праграму «Біятэхналёгія».
Першы раз Арцёма затрымалі 16 лістапада 2020 году пасьля маршу пажылых людзей у Менску. Тады арыштавалі на 15 сутак.
Другі раз яго жорстка затрымалі сёлета 24 сакавіка за бел-чырвона-белы сьцяг, які нібыта вісеў на 11-м паверсе ягонага інтэрнату. Спачатку ён адбыў адміністрацыйны арышт. Потым на яго завялі крымінальную справу за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня» (пагражае да 7 гадоў калёніі). Зьявілася відэа, дзе Баярскі прызнаецца, што адміністраваў «экстрэмісцкі» рэсурс «Мая краіна Беларусь». Ён расказаў, што перад тым, як запісвалася гэтае відэа, яго білі.