Некалькі сотняў мігрантаў спрабавалі прарвацца празь беларуска-польскую мяжу
Паліцыя Падляскага ваяводзтва паведаміла, што 15 лістапада каля 16-й гадзіны некалькі сотняў чалавек спрабавалі нелегальна перайсьці мяжу каля вёскі Старына.
Мігранты кідалі камяні ў паліцыянтаў, памежнікаў і вайскоўцаў, якія адбілі атаку.
Макрон і Пуцін пагадзіліся наконт дээскаляцыі «міграцыйнай напружанасьці»
Прэзыдэнты Францыі і Расеі Эманюэль Макрон і Ўладзімір Пуцін пагадзіліся ў тэлефоннай размове 15 лістапада, што патрэбная дээскаляцыя «міграцыйнай напружанасьці» на мяжы Беларусі з Эўразьвязам.
Пра гэта паведамляе Reuters, спасылаючыся на крыніцу ў адміністрацыі прэзыдэнта Францыі. Паводле крыніцы, Пуцін і Макрон не прыйшлі да адной думкі наконт прычынаў міграцыйнага крызісу.
Пуцін, адзначае Reuters, таксама пагадзіўся з думкай Макрона, што пагрозы Лукашэнкі спыніць пастаўкі расейскага газу ў Эўропу празь Беларусь зьяўляюцца дрэннай навіной для «Газпрому».
Лукашэнка і Мэркель абмеркавалі міграцыйны крызіс у тэлефоннай размове
Дзяржаўнае агенцтва БелТА паведаміла са спасылкай на прэс-службу Аляксандра Лукашэнкі, што 15 лістапада адбылася ягоная тэлефонная размова з Ангелай Мэркель, якая выконвае абавязкі канцлера Нямеччыны.
Паведамляецца, што ў размове абмяркоўвалі мігрантаў на мяжы Беларусі з краінамі ЭЗ, і, у прыватнасьці, аказаньне мігрантам гуманітарнай дапамогі.
Што адбывалася на мяжы. Відэа
Кіраўнік МЗС Латвіі: сёньня ў Брусэлі абмяркоўвалі ня толькі пяты, але і шосты пакет санкцый
Як паведаміў кіраўнік МЗС Латвіі Эдгарс Рынкевічс, санкцыі зь пятага пакету закрануць беларускіх чыноўнікаў і кампаніі, якія, паводле зьвестак ЭЗ, удзельнічаюць у арганізацыі перавозкі мігрантаў у Беларусь.
Кіраўнік МЗС Латвіі паведаміў, што таксама абмяркоўваўся шосты пакет санкцый у выпадку працягу міграцыйнага ціску з боку Беларусі. Рынкевічс падкрэсьліў, што былі дыскусіі як аб авіяцыйнай інфраструктуры Беларусі, так і аб авіякампаніях трэціх краін, якія і надалей будуць удзельнічаць у арганізацыі міграцыйнага патоку.
Што адбывалася на мяжы. Відэатрансьляцыя
Дымавая заслона на мяжы. ВІДЭА
Польская памежная служба апублікавала відэа з дымам ад вогнішчаў, якія мігранты распалілі ля самай мяжы. Паводле польскіх памежнікаў, на беларускім баку мяжы каля пераходу ў Брузгах мігранты з самай раніцы распальваюць вогнішчы і ставяць намёты. Месца, дзе яны былі раней, цяпер пустуе, беларускія службы прыносяць туды ваду і дровы.
Мінабароны Польшчы апублікавала фота БТР зь беларускага боку мяжы
Польскае абаронае ведамства мяркуе, што з бронемашыны каардынуюць дзеяньні мігрантаў.
Мігранты на пераходзе Брузгі-Кузьніца. ФОТА
На закрытым памежным пераходзе ў Кузьніцы сабраліся 3,5 тысячы мігрантаў
Пра гэта паведаміў прэс-сакратар міністра-каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын.
Падняўся дым ад вогнішчаў
Мігранты разьвялі адразу некалькі вогнішчаў, каб сагрэцца на памежным пераходзе. Памежную паласу зацягнула дымам. Больш за 2000 мігрантаў, згодна з інфармацыяй беларускіх памежнікаў, ужо тры гадзіны знаходзяцца перад польскімі сілавікамі, якія адмаўляюцца пускаць іх у Польшчу. Беларускія сілавікі, паводле вэрсіі польскіх, правакуюць мігрантаў на сілавы прарыў мяжы.
МЗС Беларусі: «Белавія» ніколі не перавозіла нелегалаў, можам прадставіць гарантыі
Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз адмаўляе віну нацыянальнага авіяперавозчыка «Белавія» ў транспартаваньні мігрантаў з Блізкага Ўсходу да беларуска-польскай мяжы. Ён назваў справаводзтва авіякампаніі цалкам празрыстым і паведаміў, што на «Белавія» ў «апошнія месяцы істотна ўзмоцнены кантроль».
Таксама, згодна са словамі Глаза, Беларусь узмацніла ўязны кантроль у краіну, а дзясяткі турыстычных фірмаў улады пазбавілі ліцэнзій. На думку прэс-сакратара, і «Белавія», і дзяржаўныя органы вельмі сур’ёзна ставяцца да праблемы міграцыі. Авіяперавозчык абяцае прадставіць гарантыі ў выпадку запыту.
Глаз панаракаў на тое, што Беларусь ня толькі не зарабляе на міграцыі, але і нясе ад яе страты.
«Любыя абвінавачваньні ў нейкай „інструмэнталізацыі“ Беларусьсю мігрантаў беспадстаўныя, неабгрунтаваныя, супярэчаць рэальнасьці і здароваму глузду. І мы не дазволім абвінавачваць нас у гэтым абсурдзе».
Начная спроба прарыву мяжы
Памежная варта апублікавала відэа з ночы з 14 на 15 лістапада. Палякі кажуць, што група з 60 мігрантаў паспрабавала прарвацца цераз калючы дрот, аднак гэта не ўдалося — на варце былі польскія службы.
Мігранты ставяць намёты
Перад самым памежным пунктам пропуску мігранты пачалі ставіць намёты. Тэмпэратура паветра ў памежным раёне 2-3 градусы вышэй за нуль.
Здымак пераходу зь верталёта
Па стане на 14:40 беларускага часу на мяжы застаецца вялікая група мігрантаў зь беларускімі сілавікамі за сьпінамі.
Польскія памежнікі заклікаюць беларускіх апамятацца
Акрамя папярэджаньняў мігрантам, польскія сілавікі просяць беларускіх захоўваць розум і не штурхаць людзей на памежны пераход у парушэньне ўсіх нормаў.
Патруляваньне мяжы
18-я мэханізаваная дывізія польскага войска працягвае патруляваньне мяжы зь Беларусьсю. Пад увагай памежнікаў у тым ліку чыгунка і рака Буг, дзе рэгулярна адбываецца патруляваньне з мэтай не дапусьціць парушэньня дзяржаўнай мяжы Польшчы.
Польскія паліцыянты гуртуюцца
Паліцыя Польшчы пачала паведамляць мігрантам пра недапушчальнасьць знаходжаньня каля польскай мяжы і зьняпраўдзіла інфармацыю пра аўтобусы, якія нібыта выехалі па мігрантаў зь Нямеччыны. Людзей папярэджваюць аб тым, што іх ашукалі беларускія сілавікі.
Мігранты перад пераходам. ФОТА
Паводле беларускіх памежнікаў, на памежным пераходзе каля 14-й гадзіны знаходзяцца 2100 мігрантаў.
Беларускія сілавікі за сьпінамі мігрантаў
Як сьведчыць здымка зь верталёта польскага патруля, практычна ўся пляцоўка памежнага пераходу ўжо занятая, частка людзей яшчэ знаходзіцца не на дарозе, а побач на траве. Насупраць стаяць польскія паліцыянты, а за сьпінамі мігрантаў — беларускія сілавікі ў камуфляжы.