Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мігранты на беларуска-польскай мяжы. 15 лістапада 2021 году.
Мігранты на беларуска-польскай мяжы. 15 лістапада 2021 году.

Больш за 3 тысячы мігрантаў заблякавалі польскі памежны пераход «Кузьніца». Што адбываецца 15 лістапада

13:50 15.11.2021

На пераходзе 2100 мігрантаў

Згодна з дадзенымі беларускага Памежнага камітэту, на памежным пункце Брузгі сабраліся 2100 чалавек.

«Раніцай у панядзелак 15 лістапада ўцекачы, спадзеючыся на станоўчы зыход сытуацыі, сабралі цёплыя рэчы, намёты, спальныя мяшкі. Ужо да поўдня яны самаарганізаваліся ў вялікую калёну і пачалі рух у напрамку пункту пропуску Брузгі. Уцекачы падкрэсьліваюць свае выключна мірныя намеры і гатовыя да разьвіцьця любой сытуацыі. На чале калёны — жанчыны з малымі дзецьмі», — так фармулююць убачаныя падзеі беларускія памежнікі.

13:43 15.11.2021

Мігранты прыбываюць. Відэа з польскага боку

Працягваецца рух мігрантаў усутыч да памежнага пераходу з Польшчай. Пра гэта сьведчыць відэа, зьнятае польскімі памежнікамі.

13:41 15.11.2021

Лягер апусьцеў

Імправізаваны лягер, якім сталі мігранты каля калючага дроту на мяжы, пасьля паходу на памежны пункт апусьцеў.

13:32 15.11.2021

Як арганізавалі працу дзяржаўных прапагандыстаў. ВІДЭА

На беларускім баку арганізавалі прэсавы цэнтар для дзяржаўных СМІ, дзеля іхных здымак жанчын і дзяцей накіравалі бліжэй да агароджы. У польскім Міністэрстве абароны назвалі гэта выкарыстаньнем людзей як інструмэнту. Дзяржаўныя СМІ ўжо некалькі дзён прысьвячаюць большасьць сваіх выпускаў крызісу на мяжы, вінавацячы ў праблемах Польшчу і іншыя дзяржавы Эўразьвязу.

13:29 15.11.2021

Польскі бок заявіў пра стрэлы зь беларускага боку

Міністэрства абароны Польшчы паказала відэа зь мяжы, на якім чуваць стрэлы. Сьцьвярджаецца, што страляніна ідзе зь беларускага боку. Палякі расцэньваюць гэта як правакацыю далейшага канфлікту.

13:21 15.11.2021

Беларускія памежнікі згортваюць дрот са свайго боку

Беларускія памежнікі пачалі прыбіраць драцяную агароджу са свайго боку; пэўна, гэта робіцца, каб яшчэ больш мігрантаў маглі падысьці да польскай загароды. Мігранты працягваюць прыбываць пад самы памежны пераход і сядаюць там на зямлю.

13:18 15.11.2021

Мігранты працягваюць падыходзіць на памежны пункт

Мігранты працягваюць сядаць на дарогу перад памежным пераходам. Гэта бачна на онлайн-камэрах з памежжа. На мінулым тыдні Польшча зачыніла рух праз памежны пераход Кузьніца з прычыны міграцыйнага крызісу.

Migrants at the border between Belarus and Poland, Bruzhi, Kiznica
Migrants at the border between Belarus and Poland, Bruzhi, Kiznica

13:13 15.11.2021

Мігранты селі ля агароджы

Беларускае дзяржаўнае агенцтва БелТА прыводзіць відэа, на якім бачна, як мігранты сядзяць ля калючага дроту каля памежнага пераходу.

13:08 15.11.2021

Польскія сілавікі ня маюць намеру пускаць мігрантаў

З польскага боку каля мяжы расьцягнулі калючы дрот, сілавікі стаяць у шарэнгах, на падмацаваньне прыбыў вадамёт, тэрыторыю патрулюе верталёт.

13:07 15.11.2021

Паход мігрантаў на памежны пункт пропуску

Каля 12:40 беларускага часу вялікая група мігрантаў накіравалася на памежны пераход Брузгі — Кузьніца з мэтай прасіць прапусьціць іх у Польшчу. Раней мігранты гаварылі аб тым, што не плянуюць затрымлівацца ў суседняй краіне, а хочуць трапіць у Нямеччыну, дзе многія зь іх ужо маюць сваякоў. Большасьць мігрантаў з Блізкага Ўсходу — курды з Іраку і Сырыі. Пры гэтым за папярэдні тыдзень было нямала спробаў сілавога прарыву мяжы, мігранты пасьля інструкцый беларускіх сілавікоў разразалі калючы дрот і намагаліся прарвацца ў Польшчу незаконна.

XS
SM
MD
LG