Яна паведаміла Свабодзе, што Ягору выставілі новае абвінавачаньне па 3-й частцы 130-га артыкула (распальваньне сацыяльнай варожасьці групай асобаў). Цяпер хлопцу пагражае да 12 гадоў зьняволеньня. Раней Ягора Дуднікава абвінавачвалі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак альбо актыўны ўдзел у іх).
Грамадзяніна Расеі, 21-гадовага Ягора Дуднікава затрымалі 4 траўня ў Менску па падазрэньні ў тым, што ён меў дачыненьне да прызнанага экстрэмісцкім тэлеграм-канала «Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі», агучваў відэаролікі. У кватэры, якую здымаў Ягор у Менску, правялі ператрус, спачатку хлопца зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Пры затрыманьні яго моцна зьбілі.
«Гэта насамрэч страшна»
Паводле маці палітвязьня Юліі, суд над Ягорам Дуднікавым пачнецца на пачатку сьнежня.
«Пакуль у мяне вельмі абмежаваная інфармацыя. Мы ўсе ў чаканьні суда. Спадзяемся што суд дапаможа высьветліць, як далей будзе будавацца наша жыцьцё. Бо наша сям’я — гэта адзінае цэлае, усе мы залежым адзін ад аднаго і, адпаведна, будзе вырашацца лёс усёй нашай сям’і, а ня толькі Ягора. Іначай немагчыма».
Юлія кажа, што была ў жаху ад выстаўленага Ягору новага абвінавачаньня.
«Я дагэтуль у шоку ад таго, што гэта так кардынальна зьмянілася. Я да апошняга спадзявалася, што ён застанецца з ранейшым артыкулам, які ўсё ж крыху мякчэйшы. Па новым артыкуле прадугледжваецца большы тэрмін. Гэта насамрэч страшна».
«Мы вельмі па ім сумуем»
На сустрэчу з сынам Юлія Дуднікава ехала з расейскага Саратава, дзе жыве сям’я.
«Па сутнасьці я была на валізках, чакала адмашкі, чакала калі дазволяць. Да апошняга не было ўпэўненасьці, што дазволяць сустрэчу. Літаральнага 3-га лістапада дазволілі і я выехала ў Менск, каб пасьпець на сустрэчу 5-га лістапада, — кажа Юлія. — Мы вельмі чакалі гэтай сустрэчы, бо з траўня, ад моманту яго затрыманьня, мы Ягора ня бачылі, ня чулі і вельмі па ім сумуем».
Паводле Юліі, сустрэча з сынам цягнулася каля гадзіны, праходзіла пад кантролем і размаўляць па справе было нельга. З сынам яна бачылася праз шкло, размаўляла праз слухаўку.
«Адзінае, ён сказаў, што трымаецца, не падае духам. Стараецца трымацца наколькі гэта магчыма, улічваючы новы артыкул і той тэрмін, які па ім пагражае, — кажа Юлія. — Мы больш гаварылі на сямейныя тэмы, бо апошнія месяцы дрэнна працавала пошта, ён не атрымліваў лісты. За два месяцы нам дайшлі яго адзін-два лісты, хаця ён пісаў вельмі многа».
У лістах Ягор імкнецца падтрымаць бацькоў.
«Ён больш перажывае за нас, што ўся гэта сытуацыя, трывожнае чаканьне, невядомасьць, можа падкасіць і наша здароўе, — кажа Юлія. — За яго перажывае бабуля, якой 92 гады. Яна чакае толькі каб убачыць Ягора, трымаецца з апошніх сіл, каб дачакацца вызваленьня ўнука. Таму ў нас у лістах падтрымка — мы яго падтрымліваем, а ён нас».
Юлія кажа, што на здароўе Ягор ня скардзіцца.
«Але бачна, што ён у стрэсе. Канечне, у такім узросьце такое ня можа прайсьці бясьсьледна. Ён сказаў, што настроены рашуча, што ён трымаецца, што ім яго не зламаць, — кажа Юлія. — А яму іначай нельга, бо калі ён зламаецца, мы нічога ня зможам зрабіць. Таму я яму параіла — толькі трымацца! Я сказала, што мы яго не пакідаем і робім усё што ад нас залежыць, усё магчымае і немагчымае».
Юлія зьвярталася да кіраўнікоў Расеі і Беларусі з просьбай аб вызваленьні сына. Але ёй адмовілі ў дапамозе. Сытуацыя з Ягорам на кантролі ў расейскай амбасадзе, але як кажа Юлія, у іх таксама абмежаваныя правы ў дапамозе.