Суд над Мікалаем Дзядком аднавіўся 3 лістапада пасьля больш як трох месяцаў перапынку. На сёньняшнім паседжаньні прайшлі судовыя спрэчкі. Прамову пракурора Дзядок-старэйшы назваў «вельмі фармальнай», а ў тое, што дзяржаўны абвінаваўца перакананы ў вінаватасьці ягонага сына, Аляксандар Дзядок, сам былы судзьдзя, ня верыць, бо лічыць абвінавачаньне «відавочна бяздоказным».
«Па-першае, я і раней ня меў ілюзій наконт цяперашняга беларускага правасудзьдзя, якое справядлівым не лічу. І суд над сынам гэта зноў для мяне пацьвердзіў, настолькі ён паказальны і несправядлівы.
Па-другое, прамова пракурора была надзвычай фармальнай, такой бяздоказнай прамовы ня памятаю. Было відаць, што доказы яму былі і не патрэбны. Як вынік — тыя 5 гадоў, запрошаныя як агульнае пакараньне.
Адзначу, што па кожным з трох абвінавачаньняў пракурор запрасіў фактычна па максымуме таго, што прадугледжвае Крымінальны кодэкс. Хаця нават з таго, што сабрана ў справе, база доказаў не выглядае аднолькава роўнай.
Што будзе праз тыдзень? Думаю, суд пойдзе такім жа шляхам і прысудзіць роўна столькі, колькі запрасіў пракурор. Бо прысуд даўно напісаны, і напісаны яўна не ў судовых кабінэтах», — мяркуе Аляксандар Дзядок.
Міколу Дзядка абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да прадметаў, паражальная дзейнасьць якіх грунтуецца на выкарыстаньні гаручых рэчываў (ч. 1 арт. 295-3);
- арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342);
- заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы пры дапамозе інтэрнэту (ч. 3 арт. 361).
Віны ні па адным з выстаўленых абвінавачаньняў Мікалай Дзядок не прызнаў. Таксама ён не прызнаў у поўным аб’еме выстаўлены яму «Менсктрансам» матэрыяльны пазоў на больш як 5 тысяч рублёў нібыта за ўдзел у блякаваньні дарог.
Таксама Аляксандар Дзядок пракамэнтаваў апошняе слова, зь якім пасьля спрэчак выступіў ягоны сын Мікалай.
«Прамова сына была вельмі кароткай. Ён падзякаваў усім, хто яму дапамагаў, за салідарнасьць і падтрымку — гэта былі вельмі добрыя і пранікнёныя словы. І сказаў у канцы пра свае перакананьні ў хуткай перамозе сілаў прагрэсу і дабра. Што тэрор людзям, якія стаяць за падобнымі судамі, не дапаможа, у чым я зь ім згодны», — сказаў Дзядок-старэйшы.
3 лістапада працэс над Мікалаем Дзядком ў Менскім гарадзкім судзе пачаўся з затрымкай больш як на паўгадзіны з прычыны ананімнага сыгналу пра міну ў будынку.
«Цяжка сказаць, наколькі гэта было сур’ёзна. Але раптам аднекуль зьявілася шмат міліцыянтаў, ачапілі будынак, нібыта сапраўды правяралі, праз 20-25 хвілін пачалі прапускаць людзей у суд. Там потым усё праходзіла спакойна. Мікалай трымаўся годна, выглядае ён добра, аб праблемах зь ціскам не гаварыў», — расказаў пра падзеі ў судзе Дзядок-старэйшы.
Ён таксама адзначыў, што на судовым паседжаньні амаль усе былі ў мэдычных масках.
«Акрамя аднаго чалавека, усе надзелі маскі. Мікалай быў у масцы, наведнікі, адвакат, пракурор, суд, ахоўнік — усе. Бяз маскі была толькі тая самая супрацоўніца дзяржаўнай газэты, якая асьвятляе працэс. Не хачу называць яе празьвішча», — сказаў Аляксандар Дзядок.
Прысуд Мікалаю Дзядку абвесьцяць раніцай 10 лістапада.